Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

2266 0 02:06 / 27.11.2020
«Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой» – так сцвярджаў славуты пісьменнік. Мне пашчасціла сустрэцца з гэтым легендарным чалавекам у 1982 годзе, на чытацкай канферэнцыі ў Мінску. Уражанні незабыўныя: я і сёння памятаю, як яго добрыя вочы тады вельмі хутка ператварыліся ў два маленькія сонейкі і сагравалі прысутных. А як жа інакш, ён не толькі выйшаў з самой гушчыні народа, але і заставаўся з ім разам.

4E63518.JPG

Караткевіча ведае ўся Беларусь – і ў вялікіх гарадах, і ў маленькіх вёсачках людзі згадваюць таленавітага земляка. Для многіх ён любімы пісьменнік.

Уладзімір Сямёнавіч любіў шмат падарожнічаць: з сябрамі і жонкай, у складзе здымачных груп і навуковых экспедыцый ён наведаў шмат рэгіёнаў Беларусі. І не проста пабываў у розных мясцінах Бацькаўшчыны, заўсёды размаўляў з людзьмі – і па гарачых слядах такіх сустрэч нараджаліся творы. Усё жыццё Караткевіч быў верны свайму ж выказванню: «Вечна тваім застанецца толькі тое, што ты аддаў».

Давайце здзейснім літаратурна-віртуальнае падарожжа па мясцінах, якія звязаны з яго імем.

Назва папулярнага караткевічаўскага нарыса «Зямля пад белымі крыламі» даўно стала крылатым выразам. Надзвычай скрупулёзна расказаў Караткевіч пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду, здолеў ахапіць беларускую гісторыю ад старажытнасці да 1970-х гадоў. Закрануў найбольш важныя падзеі. Майстра сцвярджаў: «Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае – асужаны зноў перажыць яго».

Малая радзіма Караткевіча – Орша. Яго бацька Сямён Цімафеевіч скончыў там гарадское вучылішча, працаваў інспектарам па бюджэце ў фінаддзеле. Маці Надзея Васільеўна – з рагачоўскага роду Грынкевічаў. Пасля заканчэння Марыінскай гімназіі ў Магілёве некаторы час настаўнічала ў Збароўскай сельскай школе пад Рагачовам. Вялікі ўплыў на пісьменніка аказаў дзед Васіль Юллянавіч Грынкевіч, чалавек з багатым вопытам, які быў дасціпным апавядальнікам. Ад яго ўнук пачуў шмат казак і паданняў, пераняў любоў да прыроды-матухны.

Пісьменнік потым скажа: «Народная творчасць наогул, а беларуская… увасобку – гэта мора, якое хавае ў сабе незлічоныя скарбы. Трэба толькі ўмець гэтыя скарбы дастаць». І ён усё жыццё даставаў, выязджаючы і выходзячы ў народ! А дзед стане прататыпам Данілы Загорскага-Вежы ў рамане «Каласы пад сярпом тваім». Ад дзядулі Уладзімір пачуў і легенду «Маці Ветру» пра падзеі Крычаўскага паўстання.

У 1938 годзе Уладзімір пайшоў у школу ў Оршы. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны паспеў скончыць тры класы. А ўжо ў пасляваенны час аршанскі школьнік змясціў на старонках рукапіснага часопіса «Званочак» некалькі сваіх вершаў, а таксама прыгодніцкую аповесць «Загадка Неферціці». Яшчэ ў восьмым класе ён амаль цалкам напісаў першы варыянт п’есы «Млын на Сініх Вірах».

Улетку 1950 года ў Оршы, пасля першага курса філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта, Караткевіч ства рыў першы варыянт знакамітай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха».

Назва ж рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», які ён напісаў у 1966-м, звязана з гэтым каралеўскім горадам. Сюжэт рамана заснаваны на рэальных падзеях. Штуршком да напісання паслужыў запіс з «Хронікі…» Мацея Стрыйкоўскага пра тое, што ў XVI стагоддзі, на пачатку княжання Жыгімонта I, з’явіўся чалавек, які называў сябе Хрыстом.

У сатырычна-гумарыстычнай аповесці «Цыганскі кароль», датаванай 1958 годам, выкарыстаны факт існавання на Гродзеншчыне ў канцы XVIII стагоддзя цыганскага «каралеўства».

Радасцю жыцця напоўнена апавяданне Караткевіча «Дрэва вечнасці», асабліва месцы, прысвечаныя палешукам, Па- лессю, якое пісьменнік любіў. Апавяданне прасякнута зачараваннем краявідамі, народнымі песнямі. 
 
Продкі Караткевіча паходзілі з беларускага Падняпроўя – Рагачова, Мсціслава, Магілёва. Адзін са сваякоў пісьменніка па матчынай лініі Тамаш Грынкевіч браў удзел у паўстанні 1863–1864 гадоў.

Паўстанцы пад яго камандаваннем былі разбіты, Тамаша расстралялі ў Рагачове.

Працяглы час пісьменнік жыў у Мінску. Восенню 1967-га на канферэнцыі па рамане «Каласы пад сярпом тваім» у Брэсце Уладзімір пазнаёміўся з выкладчыцай мясцовага педагагічнага інстытута Валянцінай Нікіцінай. 19 лютага 1971 года было вяселле...

Летам 1983 года Караткевіч паехаў у Оршу, у бацькоўскі дом, да пляменніцы. У Мінск вярнуўся ў пачатку снежня. Незадоўга да смерці ён наведаў дарагія сэрцу мясціны, з’ездзіў у Рагачоў. 12 ліпеня 1984 года з сябрамі, фотакарэспандэнтам Валянцінам Ждановічам і мастаком Пятром Драчовым адправіўся ў паход па Прыпяці. Там яму стала дрэнна, і пісьменнік вярнуўся ў сталіцу. Назаўсёды...

Адным з найбольш значных для беларускай літаратуры твораў з’яўляецца раман «Каласы пад сярпом тваім», які многія называюць галоўным у творчасці Уладзіміра Сямёнавіча. Падзеі рамана адбыва-юцца пераважна ў 1850–1861 гадах, тым не менш пісьменніку ўдалося на аснове ўласных разважанняў і выказванняў герояў ахапіць амаль цэлае стагоддзе і асэнсаваць лёс Беларусі ў гістарычным кантэксце.

Трагедыя і веліч нацыянальнай гісторыі ўзноўлены Караткевічам у п’есах «Кастусь Каліноўскі», «Званы Віцебска», «Маці Ветру». Мне пашчасціла паглядзець спектакль па «Званах Віцебска» ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Коласа.

У гонар Уладзіміра Караткевіча названы вуліцы ў Оршы, Рагачове, Віцебску, Гродна, Астраўцы, Століне. Імя пісьменніка носіць Фонд дапамогі маладым творцам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура». Да Дня беларускага пісьменства – 2016 у Рагачове адкрыта бібліятэка яго імя.

Чаму кнігі празаіка папулярныя і ў ХХІ стагоддзі? Аўтар быў верны свайму крытэрыю: «Кожную кнігу трэба пісаць так, нібы гэта твая лепшая і апошняя».

Сябры! Давайце здзяйсняць часцей рэальныя падарожжы па мясцінах жыцця і творчасці Рыцара беларускіх замкаў – так Караткевіча звалі пры жыцці. Дарэчы, у 2011 годзе сталічнае выдавецтва «Мастацкая літаратура» распачало 25-томнае выданне твораў пісьменніка. Будзем жа чытаць і перачытваць бессмяротныя творы Майстра!
Фото из открытых интернет-источников
Актуально


Гомельгосплемпредприятие.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать