Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

816х197.jpg


Святыня нацыянальнай памяці. Палескія сёстры Хатыні

1877 0 08:55 / 22.03.2021
78 гадоў назад, 22 сакавіка 1943 года, карнікі сцерлі з зямлі непадалёку ад Мінска невялікую вёску Хатынь разам з жыхарамі. 

01 (44).jpg

Гэта быў апошні дзень жыцця 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей, самаму малодшаму споўнілася ўсяго сем тыдняў. Старыя і малыя, хворыя і знямоглыя, жанчыны і мужчыны – іх усіх сагналі ў хлеў. Зачынілі. А потым… Лямант, крыкі, дзіцячы плач – фашысты абклалі сцены саломай, палілі бензінам і чыркнулі запалкамі. Драўляная пабудова загарэлася, не вытрымалі – паваліліся пад націскам дзясяткаў людзей дзверы. Але тых, хто спрабаваў вырвацца з вогненнага палону, фашысты спакойна расстрэльвалі. Яны вынеслі бязвінным жыхарам смяротны прыгавор.

Прычына, па існуючай версіі, была простая: непадалёку ад вёскі партызаны абстралялі нямецкую аўтакалону і нават забілі афіцэра Вёльке, чэмпіёна берлінскай Алімпіяды 1936 года. Жудасныя, страшэнныя правілы вайны: адказ­ваць павінна было мірнае насельніцтва. Спалілі карнікі і 26 дамоў. На месцы Хатыні засталося толькі папялішча.

Жахлівы лёс Хатыні зазналі больш за 9000 сёл і вёсак Беларусі, 186 з якіх так і не змаглі адрадзіцца, бо былі знішчаны з усімі жыхарамі. Таму мемарыяльны комплекс увасобіў у сабе вогненную трагедыю нашага народа. Тут моўчкі схілялі галовы прадстаўнікі самых розных дзяржаў: прэзідэнты і сяляне, вучоныя і святары, вайскоўцы і школьнікі, дыпламаты і дэпутаты… Людзі міру.

Як сведчыць кніга «Памяць», на тэрыторыі Брагіншчыны і Камарыншчыны нямецка-фашысцкія захопнікі поўнасцю або часткова знішчылі ў 1941–1943 гадах сорак шэсць населеных пунктаў. У іх ліку – Бярозкі, Жылічы, Новая Ёлча, Кірава, Крыўча, Лубенікі, Малажын, Рудня Жураўлёва, Чамярысы… Дзве вёскі: Байдакі, што ўваходзілі ў склад Мікуліцкага сельсавета, і Кулаковік – Савіцкага, пасля вайны так і не аднавіліся. У першай фашысты спалілі 31 двор, у другой – 23 і загубілі 11 жыхароў.
Митинг-реквием к 78-й годовщине трагедии в Хатыни прошел в Гомеле

Расстрэлы, спаленні людзей, закопванне жывымі, забойствы дзяцей. Усё гэта было і ў Брагінскім раёне. Часта акупанты спаганялі злосць за смелыя дзеянні абаронцаў менавіта на мірных жыхарах. Тэрыторыі, што прылягалі да партызанскіх дыслакацый, яны ператваралі ў зоны выпаленай зямлі. Право­дзячы аблавы, блакады месцаў базіравання партызан, асабліва вясной, летам і восенню 1943-га, гітлераўцы знішчалі цэлыя вёскі разам з іх жыхарамі. Толькі за некалькі майскіх дзён таго года адзін атрад эсэсаўцаў на чале з катам Шыманам спаліў у Баршчоўскім і Радзінскім сельсаветах (тады ўваходзілі ў склад Камарынскага раёна), а таксама ў суседнім Хойніцкім раёне некалькі вёсак. Было знішчана 399 жыхароў населеных пунк­таў Баршчоўка, Лясок, Масаны, Радзін, Уласы.

Няма апраўдання жорсткаму тэрору, зверствам, якія адчула на сабе мірнае насельніцтва. Няма апраўдання злачынствам супраць чалавецтва.

З успамінаў А. М. Старахатаха, былога жыхара вёскі Вельмаў, адселенай у сувязі з катастрофай на ЧАЭС: «…Бяжым з Апанасам і бачым, што з парога нашай хаты махае рукой мая маці і гукае: «Апанас! Хадзі сюды, не бяжы ў свой двор!»

Маці расказала, што ў нашу адсутнасць немцы выгналі вяскоўцаў з хат і паставілі каля Калузькавых бяроз, пад прыцэлам кулямётаў. Стаялі так, пакуль не з’явіўся нейкі нямецкі чын і не пачаў штосьці чытаць з паперкі. Перакладчык загадаў усім ісці на свае селішчы. А немцы і паліцэйскія рушылі па вуліцы, робячы меткі крыжыкамі на некаторых варотах. Потым з тых двароў забралі ўсіх і сагналі ў двор Грыцка. Апанас выскачыў з нашага двара і забег у сваю хату. Дарэчы, ён тады ацалеў.

Немцы пасадзілі вяскоўцаў з Грыцковага двара ў крыты грузавік і некуды павезлі. Мы думалі, што ў Піркі.

Жахлівы лёс Хатыні зазналі больш за 9000 сёл і вёсак Беларусі, 186 з якіх так і не змаглі адрадзіцца, бо былі знішчаны з усімі жыхарамі

Запаліўшы хаты з крыжыкамі на варотах, фашысты і паліцаі селі ў машыны і паехалі з вёскі. А мы пачалі гасіць агонь, не дапускаючы яго да сваіх хат. Пасля таго мы, хлапчукі, пачалі аглядаць пажарышчы. На месцы хлява ў двары Волкава Паўла Раманавіча ўгле­дзелі чорную кучу, якая густа дымілася. Наблізіўшыся да згарэўшага хлява, мы ўбачылі, што з тае кучы тырчаць чалавечыя ногі. Людзі ўсё зразумелі: у кучы – спаленыя вяскоўцы. Загаласілі жанчыны. Толькі па кавалках адзення і гузіках пазнавалі родных і блізкіх. Ды па маленькіх дзецях, якія не абгарэлі, затуленыя мацярынскімі целамі.

Мужчыны зрабілі вялікую скрыню, у якой усіх загінуўшых і пахавалі. Пазней запрасілі папа, паставілі пры дарозе на ўскраіне вёскі крыж. Каля яго разаслалі палатно і справілі памінкі…» 

Напрыканцы 1960-х гадоў каля месца пахавання спаленых вельмаўцаў быў узведзены цагляны абеліск з металічнай плітой, дзе пералічаны прозвішчы ахвяр фашысцкага тэрору.

З успамінаў М. Ц. Назаравай, жыхаркі вёскі Вярховая Слабада, адселенай у сувязі з катастрофай на ЧАЭС: «Жорстка расправіліся з маімі аднавяскоўцамі фашысты ў красавіку 1942 года. Жыхароў зганялі ў хаты і спальвалі жывымі. Калі прыйшла наша чарга, маці крыкнула: «Уцякайма, дзеці. Усіх не заб’юць!» Мы кінуліся ў прыдарожныя кусты. Ззаду загрымелі стрэлы, але, на шчасце, кулі нікога з нас не закранулі. Мы схаваліся і перасядзелі да ночы ў нейкай яміне. Адтуль бачылі, як гарэла вёска, чулі страшныя крыкі жанчын і дзяцей. Потым усё сціхла. Ад нашай вёскі засталіся адны чорныя галавешкі».

Ці варта пасля гэтага гаварыць, чым была тая вайна для нашых папярэднікаў і што яна азначала для той вялікай краіны, у якой мы нарадзіліся і калісьці жылі, чым адгукаецца ў сэрцах сучаснікаў?
 
5 ліпеня 1969 года ў рамках святкавання 25-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на месцы спаленай вёскі адбылося афіцыйнае адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Хатынь». У 2004-м, да 60-годдзя вызвалення Беларусі, праведзена яго рэканструкцыя. 

Званы Хатыні гучаць набатам, наказваюць нам: «Людзі, помніце!» Яны – як перасцярога ад паўтарэння страшнай трагедыі. І з кожным новым ударам глыбей разумееш пакуты, з якімі давялося сутыкнуцца нашаму народу ў гады Вялікай Айчыннай. Праўда вайны – вечная. Таму спынімся на хвіліну, успомнім, памаўчым. Гэта патрэбна ўсім, хто жыве пад мірным небам Беларусі. 
Актуально
Фото из интернета, носит иллюстративный характер
водители.jpg

0 Обсуждение Комментировать