Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх


Маленькая дзяўчынка, якой у вайну не было і трох гадоў, цудам выжыла ў канцлагеры і вярнулася дамоў

3366 0 19:18 / 11.04.2021
Мы сядзелі з Нінай Аляк­сандраўнай Богуш каля яе прасторнага дома ў вёсцы Асарэвічы на Брагіншчыне. Калісьці яго ўзводзілі разам з мужам Аляксеем. Майстар быў на ўсе рукі. Ды з цягам часу адолела, прыкавала да ложка хвароба. Даглядала свайго мужа верная спадарожніца да апошняга дня. Цяпер пра Аляксея засталася толькі памяць, якую захоў­ваюць таксама трое дзяцей, сем унукаў і дзесяць праўнукаў – такая вялікая сям’я ў Ніны Аляксандраўны. 

DSC_4307.jpg
У Ніны Аляксандраўны свая памяць пра вайну

Пра маці і бабулю, якая засталася ў доме адна, не забываюць – наведваюцца з гарадоў. А сама яна душою прыкіпела да вёскі. Родная зямля, відаць, трымае сваёй цішынёй і спакоем, звыклым укладам жыцця, маляўнічымі краявідамі. Але так было не заўсёды…

Калі ў вёску прыйшлі фашысты, Ніне было не больш за тры гады. У памяці амаль нічога не захавалася. Пра тое, як везлі на чужыну і што там адбывалася, як надоўга разлучылі з маці, яна ў асноўным ведае са слоў старэйшага брата. У сям’і Катлабай, дарэчы, Ніна была трэцяя – пасля Мікалая і сястры Раі. Баць­ка ў 1940-м памёр. А маці з трыма дзецьмі апынуліся ў ліку палонных, якіх пагналі на чыгуначную станцыю ў Калінкавічы.

Дарога была доўгая, таму стомленых малых пасадзілі ў машыну. Так Ніна са сваім сямі­гадовым братам засталіся без прыгляду маці і старэйшай сястры – пешая калона значна адстала.
Іх прывезлі ў Калінкавічы, дзе разам з іншымі палоннымі пагрузілі ў таварныя саставы. І – на Аўстрыю. Месца прымусовага ўтрымання размяшчалася паблізу горада Грац.

Усім загадалі памыцца. Агалілі галовы. Потым медагляд: раздзялілі дужых і нездаровых. Апошнім на лоб наносілі пячатку. І ў гэтым ліку (які жах!) апынулася маленькая Ніна: пада­зрэннем на захворванне стаў нейкі прышчык. Нягле­дзячы на гучны і надрыўны плач, дзяўчынку разлучылі з братам. Яны апынуліся па розныя бакі калючага дроту. Ды Коля не разгубіўся – пайшоў на смелы ўчынак. 

– Калі павядуць у барак класціся спаць – не спі. Чакай, пакуль сцямнее, і падыходзь да дроту, – загадаў ён сястры. – Я цябе ўкраду!

Сёння Ніна Аляксандраўна і сама дзівіцца: як тады ёй, зусім маленькай дзяўчынцы, удалося ўсё выканаць, зрабіць так, як наказаў брат. Каля калючкі на змярканні ён чакаў яе не адзін, а з памочнікам. Удваіх нейкім чынам разагнулі дрот, каб сястрычка змагла праз яго пралезці. Потым жанчыны да нясцерпнага болю церлі на ілбе дзяўчынкі пячатку, ад якой так і не атрымалася пазбавіцца. Выйсце заставалася адно: адмыслова завязаць хустку. Так Ніна была выратавана ад пагібелі. А лю­дзей, якія знаходзіліся па другі бок калючага дроту, назаўтра ўжо не ўбачылі. Іх спалілі…

Ад вялікай скучанасці, цяжкай працы, голаду і холаду многія хварэлі. Кармілі, як і ў іншых падобных месцах, баландай з бручкі, ды хлеба толькі ўкусіць. За шчасце было атрымаць адгон, якім раз у тыдзень «частаваў» баўэр (так у немцаў называлі заможных сялян).

Дарослых у асноўным вазілі на завод, выкарыстоўвалі ў якасці рабочай сілы для рамонту ваеннай тэхнікі. А юнаму Мікалаю загадвалі ацяпляць лазню, за што «заахвочвалі» некалькімі цыгарэтамі. І ён умудраўся ў кагосьці з дарослых абменьваць іх на хлеб.

Самых малых, знямоглых і нядужых пакідалі ў лагеры. На напханых саломай матрацах, што выносіліся з баракаў, ляжалі найбольш слабыя, знясіленыя. Там і паміралі… Іх целы грузілі на драбінкі, вывозілі і спальвалі.

На вялікае шчасце, Ніна і яе брат выжылі. За некалькі дзён да вызвалення ворагі, адчуваючы свой крах, пакінулі вязняў без ежы і вады. Так яны правялі трое сутак і дачакаліся, калі прыехалі савецкія танкі і сцягнулі калючы дрот. 

Гэта быў радасны і адначасова напружаны момант. Паніку і неразбярыху сеялі асобы, якія пачалі агітаваць людзей ехаць у іншыя краіны, не вяртацца ў Савецкі Саюз. Яго, маўляў, ужо няма – зруйнавалі з зямлёй. Але калі раздаўся гучны голас савецкага салдата: «Грамадзяне! Не паддавайцеся падману! Ра­дзіма-маці вас чакае», з’явіліся рашучасць і ўпэўненасць.

Неўзабаве Мікалай з Нінай ехалі разам з дарослымі ў таварняку да сваіх, на радзіму.

Дабрацца з Гомеля ў Камарынскі раён, у склад якога тады ўваходзіла вёска Асарэвічы, дапамог дзецям старэйшы зямляк-яўрэй. Разам з ім на цягніку даехалі да Новай Ёлчы, адкуль мужчына пешшу накіраваўся ў райцэнтр. А дзецям загадаў на чыгуначнай станцыі чакаць стрыечную сястру Раю, якая таксама працавала ў Камарыне: «Прыйдзе і завядзе вас дадому, у вёску». Адлегласць усё-такі немалая – больш за дзесяць кіламетраў. Ды бойкі Мікалай, відаць, чакаць не надта хацеў. Вырашыў, адчуўшы, што Ніне ўжо нічога не пагражае, пайсці знаёмым напрамкам сам. «Ся­дзі тут, – абхітрыў сястру, – а я схаджу папрасіць табе малака».

Першая сустрэча ў Асарэвічах была з цёткай Домнай, якая тут жа кінула свой занятак: жлукціла бялізну. Першае пытанне: «А дзе ж Ніна?..» Маці, якая ў гэты час працавала на калгасным полі, даведалася аб усім пазней.

У Новую Ёлчу жанчыны бег­лі ўдваіх. Але ўсе сустрэліся значна бліжэй – каля вёскі Вялле, куды Рая ўжо паспела давесці сваю стрыечную сястру Ніну. Што адбывалася з кожнай з іх, якія пачуцці перапаўнялі – гэтага, відаць, нам, якія не зведалі ваенных нягод, не зразумець… Прыціснуўшы да грудзей сваю маленькую дачку, маці несла яе, не выпускала з рук да самай вёскі.

Я слухала Ніну Аляксандраўну і разумела: як мала ўсё-такі ведаю пра лёсы сваіх родных і блізкіх. І як шкада, што ў свой час не вельмі ўважліва слухала іх, не заўсёды прыдавала значнасць нейкім расказам, успамінам. Магчыма, некалі гісторыю маленькай Ніны распавядала мне і яе стрыечная сястра – мая бабуля Рая (узгаданая Домна – яе маці і мая прабабуля). Асэнсаванне многага, відаць, прыходзіць з узростам, са з’яўленнем уласнай сям’і. Калі ў душы нараджаецца найвялікшая супярэчнасць: не, нельга, каб так было…

Пасля вайны ўсе трое дзяцей з сям’і Катлабай атрымалі, як жартоўна зазначае мая суразмоўца, «вышэйшую» адукацыю – закончылі сем класаў. Мікалай накіраваўся на поўнач Расіі, служыў у марфлоце. А ў пенсійным узросце вярнуўся з сям’ёй у Беларусь, яго апошнія гады прайшлі ў Светлагорску. Пакінула гэты свет і старэйшая сястра.

Дзясяткі гадоў Ніна Аляк­сандраўна аддала жывёлаводчай галіне: даглядала свіней, даіла кароў у калгасе. Сям’я, як тады і ўсе вяскоўцы, трымала вялікую гаспадарку. І дарослыя, і дзеці дружна шчыравалі на зям­лі. Цяпер здароўе не дазваляе далучацца да такіх аб’ёмаў работ. Але погляды, звычкі пакалення, якое перажыло ліхалецце, пасляваенныя цяжкасці, не змяніць: пакуль ёсць хоць нейкія сілы, не сядзяць без справы. Знаходзяць радасць у абуджэнні прыроды, белым убранні майскіх садоў, цішыні роднага наваколля, сонечным святле над ускапанай градкай. 

Ніякія нягоды іх не адолелі, не зламалі. Кожная сустрэча з такімі людзьмі – урок мужнасці і патрыятызму, гаючай сардэчнай дабрыні і душэўнай сціпласці, бясконцай прагі да жыцця і працалюбства.
Актуально
Фото Вольгі Паляшчук
водители.jpg

0 Обсуждение Комментировать