Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


На выставе «Салавей і ружа» ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблi экспануюцца работы Пелагеі Воранавай з сямейнага збору

3712 0 13:25 / 07.12.2021
На выставе «Салавей і ружа» ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблi, на якой прадстаўлены творы вышыўкі крыжам з фондаў музея, упершыню экспануюцца работы маёй бабулі Пелагеі Мікалаеўны Воранавай з сямейнага збору.


Бабуля ў маладосці

Бабуліны вышыўкі суправаджалі мяне з дзяцінства, яны аздаблялі амаль усе паверхні ў доме: падзоры, посцілкі, навалачкі на ложках і канапах, абрусы і сурвэткі на сталах, шторы, гардзіны і фіранкі на вокнах, рушнікі-набожнікі на абразах, пано на сценах. І паўсюль, здавалася, быў сапраўдны «райскі сад»!

Бабуля Пелагея нарадзілася ў пасёлку Арол былога Церахоўскага раёна ў сялянскай сям’і. Складаныя гістарычныя ўмовы 1920–1930-х і жыццёвыя абставіны вымушалі яе цяжка працаваць ужо з дзяцінства. У школу трэба было хадзіць далёка ў суседнюю вёску, таму бабуля нават не скончыла пачатковых класаў, з-за чаго не ўмела добра ні чытаць, ні пісаць. Але дома маці, Еўфрасіння Фёдараўна Дубаўцова, вучыла дзяўчынку шыць і вышываць. І ўжо з 13 год яна стала працаваць вышывальшчыцай і выконвала заказы дома па замове швейнай майстэрні, якая, па бабуліных звестках, знахо­дзілася на вуліцы Ланге ў Гомелі. Дадому ў Арол прывозілі ніткі і вырабы – аддзенне, абрусы, рушнікі, а дзяўчынка вышывала на іх узоры. Але перад тым, па ўспамінах бабулі, ёй склалі іспыт: трэба было вышыць узор так, каб з абодвух бакоў не было ніводнага вузла. Тады бабуля і паказала майстар-клас. А з цягам часу стала нават перадавіцай, за што, як яна казала, ёй далі прэмію: 15 сарочак і вязаную хустку.


На выставе «Салавей і ружа» прадстаўлена частка спадчыны Пелагеі Мікалаеўны

Цяжкі для беларускай вёскі міжваенны перыяд змяніўся яшчэ цяжэйшым – Вялікай Айчыннай вайной. Фашысты расстралялі вясковых мужчын, пакуль жанчыны і дзеці хаваліся ў тарфяніку і бачылі ўсё сваімі вачыма. А потым, пры адступ­ленні, немцы ўвогуле спалілі пасёлак. Ад бацькоўскай хаты засталася толькі печ, «а над ёй – зорнае неба». Жыць даводзілася ў зямлянцы. Бабуля вымушана была працаваць удвая больш, каб пракарміць маці і сястру-інваліда, а таксама пабудаваць дом. Адразу пасля вызвалення Гомеля яна паехала ў абласны цэнтр на заробкі, уладкавалася рамантаваць цягнікі для фронту.

Пад народныя спевы нараджаліся новыя вобразы: буялі рознакаляровыя кветкі, 
шчабяталі райскія птушкі, ішлі прыгожыя хлопцы і дзяўчаты – усюды квітнела вялiкая 
любоў да жыцця і гэтага свету 

У пачатку 1950-х гадоў бабуля пачала працаваць у Церахоўскай швейнай арцелі. Даводзілася хадзіць пешкі кожны будны дзень у любое надвор’е па 12 «кіломет­раў» туды і назад! У 1959 годзе сям’я пераехала бліжэй да Гомеля, у пасёлак Паляна. А бабуля працягвала працаваць яшчэ некалькі год у Церахоўцы, куды дабіралася ўжо на таварных цягніках, што ішлі на Украіну і не прыпыняліся – даводзілася проста саскокваць з вагона…

Жыццё, як цягнік, не стаяла на месцы, час ішоў і прыносіў змены. Нязменнай заставалася толькі бабуліна любоў да вышыўкі. З дзяцінства памятаю, што яна прысвячала гэтаму ўвесь свой вольны час, пакуль дазваляў зрок. Моцная па духу жанчына з цяжкім лёсам станавілася ў гэтыя хвіліны пяшчотнай, мяккай, пявучай… Сапраўды, калі бабуля садзілася вышываць, яна заўсёды спявала. Пад народныя спевы нараджаліся новыя вобразы: буялі рознакаляровыя кветкі, шчабяталі райскія птушкі, ішлі прыгожыя хлопцы і дзяўчаты – усюды квітнела вялiкая любоў да жыцця і гэтага свету.

На выставе «Салавей і ружа» прадстаўлена частка спадчыны маёй сям’і, якая на працягу дзесяцігоддзяў трапятліва стваралася, захоўвалася і стала не толькі аздабленнем для дома, але і сапраўдным духоўным здабыткам. I сёння побач з музейнымі прадметамі вышыўкі крыжам, створанымі таксама таленавітымі жанчынам, ёсць пано, посцілкі, навалачкі, шторы, абрусы, рукапісныя замалёўкі-схемы вышывак Пелагеі Мікалаеўны Воранавай – простай вясковай жанчыны, якая як умела ўпрыгожвала свой маленькі свет. На выставе гарманічна аб’ядналіся час, талент і карпатлівая праца майстрыц, што з дапамогай іголкі, ніткі і няхітрага шва-крыжыка з любоўю стваралі свой «райскі сад», а ў ім – сваіх «салаўя і ружу».








Фото прадастаўлены аўтарам
Культура


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать