Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


У выдавецтве «Гомельскай праўды» выйшла кніга, прысвечаная народнай духоўнай культуры Брагінскага раёна

3013 0 09:09 / 03.04.2022
Ва ўступным слове старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан адзначыў важнасць гэтага выдання для маладога пакалення, у якога трэба выхоўваць любоў да роднай мовы і цікавасць да нацыянальных традыцый.

IMG_20220325_152912.jpg

Прарэктар па навуковай рабоце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Алег Дземідзенка падкрэсліў: кніга, якая ўяўляе сабой унікальную мясцовую энцыклапедыю народнай мудрасці, дапаможа глыбей спасцігнуць спаконвечную філасофію жыцця і побыту жыхароў краю і прычасціцца душой да скарбонкі неўміручага духоўнага багацця.

Змест першых раздзелаў складаюць матэрыялы пра сённяшні і заўтрашні дзень раёна, з яго цудамі свету (метэарыт, руіны замка Вішнявецкіх, даразахавальніца, як узор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ХVIII стагоддзя, парк у вёсцы Тэльман, чорная даурская бяроза, камень кахання), з кніжным сусветам мясцовай бібліятэкі, з творчай дзейнасцю работнікаў культуры раёна, з асветніцкай работай гістарычнага музея з карціннай галерэяй. Надзвычай пазнавальнымі для чытачоў з’яўляюцца матэрыялы па гісторыі краю, падрыхтаваныя дэканам гістарычнага факультэта Станіславам Чаропкам і дацэнтам Андрэем Лебедзевым, а таксама раздзел «Радаводнае дрэва», укладальнікам якога выступаў дацэнт Дзмітрый Паўлавец. Пра жыццё і творчасць мясцовых пісьменнікаў цікавыя матэрыялы прадставіла доктар філалагічных навук Вольга Шынкарэнка. Прыцягваюць увагу і шчыра апісаныя журналістам Тамарай Кручэнка вандроўкі па мясцовых вёсках.

Асноўны змест кнігі складае фальклорна-этнаграфічная спадчына Брагіншчыны: з народным календаром, традыцыямі вясельнай і радзінна-хрэсьбіннай абраднасці знаёміць чытачоў фалькларыст, доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Новак. Адметны рысы абраду шчадравання ў вёсцы Дуброўнае, дзе са «звяздой» хадзілі хлопцы і мужчыны, якія, праспяваўшы песню, падкідвалі гаспадароў да столі («хазяіна з хазяйкай садзяць на стулы і да паталка падкідаюць іх»), жадаючы здароўя і радасці, плёну ў вядзенні гаспадаркі. У Новай Ёлчы шчадравалі з гарбузом, у якім «выразалі вочы, зубы і запальвалі свечку». У Асарэвічах на Масленіцу першы спечаны блін лічылі магічным і клалі на падаконнік, каб «запрасіць у хату сонейка».

Карысным для жыхароў раёна з’яўляецца асэнсаванне прыкмет і павер’яў, зробленае дацэнтам Аленай Кастрыцай. На Брагіншчыне менавіта на Юр’я было прынята садзіць гуркі і цыбулю. Напрыклад, жыхары вёскі Малейкі гаварылі, што «толькі пасажаныя на Юр’я гуркі даюць добры ўраджай».

Далучанымі да высакароднай справы збірання і захавання з’яў народнай спадчыны былі і студэнты-філолагі, сярод якіх ураджэнцы раёна Таццяна Пімінёнкава і Аляксандра Дрывайла. Яны годна распавялі на старонках кнігі пра абрады і звычаі сваіх родных вёсак – Аляксееўкі і Чамярысаў. Напрыклад, заслугоўваюць парады наконт падрыхтоўкі абрадавага хлеба «паскі» жыхаркі вёскі Аляксееўка Таццяны Рудабелец, якая, замешваючы цеста, абавязкова чытала малітву: «Уранні дык падымаюся, іду ўжэ да сваяго цеста. А яно ў мяне добрае, бо малітву чытаю ўсягда… Нада не забыцца малітву пачытаць, штоб Божанька памог, і паскі мае былі як пух». У Чамярысах, калі дзяўчына не пагаджалася выходзіць замуж, выносілі гарбуз і гаварылі: «Ваш жаніх зусім нядуж, замест нявесты вам ад нас гарбуз». А падчас адметнага абрадавага этапу «зборы жаніха» надзвычай важна было яго на «кораб з зернем» пасадзіць, што не было выпадковым. Пра гэта сведчаць выказаныя сваякамі пажаданні ў яго адрас: «Каб было столькі дзіцянятак, як у корабе зярнятак», «Калі на корабе сядзеў, каб ты грошай многа меў».

Хацелася б звярнуць увагу чытачоў і на цікавыя запісы фальклорных матэрыялаў, зробленыя ўраджэнцам вёскі Рудня Жураўлёва Аляксандрам Цярэшчанкам, чалавекам, нераўнадушным да сваёй Бацькаўшчыны. Напрыклад, паводле яго запісаў, пра такое святое дрэва, як ліпа, гаварылі, што «пад ім аддыхае Божа Мацер, калі спускаецца на зямлю». Калі імкнуліся пасадзіць каля хаты клён, то меркавалі здаўна, што ў ім «хаваюцца душы памерлых продкаў, яны слядзяць за намі і прыя­юць нам».

Змешчаныя на старонках кнігі ўспаміны жыхароў пра колішнія абрады, звычаі, песні, замовы, прыказкі і прымаўкі, прыкметы і павер’і, прыпеўкі, апісанні розных міфалагічных з’яў і іншых фальклорных жанраў сведчаць пра любоў і павагу да роднай спадчыны, высокае шанаванне і карпатлівае захаванне мясцовых духоўных набыткаў. 
Культура


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать