Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Слова роднае натхняе

11194 0 12:00 / 06.09.2008
7 верасня — Дзень беларускага пiсьменства.
Сёлета свята прымае Барысаў. У храме Ражства Хрыстова адбудзецца набажэнства, закладуць сад Малітвы. Госці і ўдзельнікі Дня беларускага пісьменства пройдуць урачыстым шэсцем па цэнтры горада. Запамінальнай будзе цырымонія ўзнагароджання пераможцаў нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” “Залаты фаліянт” і рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у галіне паэзіі, прозы, драматургіі, літаратурнай крытыкі, дзіцячай літаратуры, публіцыстыкі, перакладу, сатыры і гумару, дэтэктыўнага і песеннага жанраў. Беларускія і замежныя пісьменнікі прымуць удзел у літаратурна-музычнай імпрэзе “І ў слове музыка жыве…”. У раённай бібліятэцы адбудзецца прэзентацыя выставы мастака Валерыя Шкарубы. А фіналам урачыстасцей стане вялікі святочны канцэрт на галоўнай сцэне каля Барысаўскага райвыканкама.
У свяце прымуць ўдзел і прадстаўнікі абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” на чале з Уладзімірам Гаўрыловічам.
Т. ВІКТАРАВА


Біяграфічная даведка
Анатоль Сямёнавіч Грачанікаў нарадзіўся 8 верасня 1938 года ў вёсцы Шарпілаўка Гомельскага раёна. Скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту ў Гомелі і Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. Працаваў інжынерам Гомельскага рамонтна-механічнага завода, у апараце абкама ЛКСМБ, першым сакратаром Гомельскага гаркама ЛКСМБ. Далей была работа ў Мінску ў рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, у апараце Саюза пісьменнікаў БССР, у рэдакцыях часопісаў “Вясёлка”, “Бярозка”, “Маладосць”, быў галоўным рэдактарам “Маладосці”. Друкавацца пачаў у 1957 годзе. Аўтар кніг “Магістраль”, “Круглая плошча”, “Грыбная пара”, “Начная змена”, “Дрэва на выспе”, “Калі далёка ты”, “Палессе”, “Я вас люблю…” і многіх іншых. Вершы Анатоля Грачанікава перакладзены на 23 мовы народаў свету.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1984), прэмій імя Ленінскага камсамола Беларусі (1974), Усесаюзнага літаратурнага конкурсу імя М. Астроўскага (1978), рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор для дзяцей і юнацтва (1982).
Паэт загінуў пры нявысветленых абставінах у 1991 годзе.

Калі вымаўляеш гэтае імя, сэрца заходзіцца сумам, адчуваннем незваротнасці страты. Анатоль Грачанікаў... Самы пранізлівы лірык у айчыннай “мужчынскай” паэзіі. Наш зямляк, ураджэнец жывапіснай Шарпілаўкі Гомельскага раёна, якую па-сыноўняму любіў, часта наведваў. Дзіця вайны, Анатоль на яе бескампрамісных шалях узважваў патрыятызм, шчырасць, дружбу і ў мірным жыцці. Любіў дык любіў, ненавідзеў дык ненавідзеў!
Сапраўды, усё геніяльнае проста. Перачытваеш яго вершы і захапляешся. Проста, ёмка, выразна. Здзіўляешся: выпускнік тэхнічнай вну, а якая сакавітая, каларытная мова, дакладнасць вобраза, пейзажу. “З аднаго боку яго паэзія нібы спакойная, але ў ёй быў закладзены вялікі падтэкст, глыбокія думкі. Гэта паэзія вулканізавала”, — падкрэсліваў Генрых Далідовіч.
…Прыехала да роднага брата паэта — Леаніда, папрасіла яго згадаць Анатоля. І адчула, наколькі і сёння гэта невыказна цяжкі боль, які не загоіць час. 
 — Анатоль заўсёды па першаму нашаму клічу зрываўся са сталіцы, прыязджаў, каб дапамагчы, параіць… Калі выбухнуў Чарнобыль, мы ўвесь водпуск жылі ў яго, — каўтаючы ком, які перашкаджаў гаварыць, расказваў Леанід.
Інтэлігентны, нешматслоўны, ён разам з жонкай Таццянай прапанавалі паглядзець тэлефільм, які рыхтаваўся ў свой час да
50-годдзя Анатоля Грачанікава.
“Зямля бацькоў!
Зямля маёй надзеі,
Зеленакрылы салаўіны кут…
Так хораша сябе
не адчуваў нідзе я ,
Нідзе так цяжка
Не было як тут…”
Сюды, у родную Шарпілаўку, ён прыязджаў зноў і зноў, каб ля ціхай плыні Сожа лунаць у аблоках, адчуць прыцягненне роднага берага, сустрэцца з землякамі. Вось і на тэлеэкране ён такі прыгожы, поўны сіл і творчых задум, глядзіць на нас праз расчыненае насцеж, бы душа, акно бацькоўскай хаты, чытае вершы. Чутно, як зусім побач на лузе цвырко-
чуць конікі. Летняя ноч над Шарпілаўкай…
“Шарпілаўка цячэ ў жыццё,
як Сож,
Свае ў яе віры і перакаты.
Апоўначы на сцішаныя хаты
Мядзведзіца схіляе
зорны кош.
І ў першароднай цішыні
наўкол
Я слухаю,
прысеўшы на калоды,
Як вечнасць,
асядаючы на дол,
Быцця зямнога
запаўняе соты…”
Тамара КРУЧЭНКА

Думкі пра паэта
Вольга ГУЛІЦКАЯ,
кандыдат філалагічных навук, прафесар Беларускага універсітэта культуры:
— Анатоль Грачанікаў — паэт вялікага творчага патэнцыялу. Яго паэзія патрыятычная, глыбока філасофская, лірычная. Ён па-майстэрску валодаў беларускім словам, глыбока адчуваў яго семантыку і эстэтычныя магчымасці. Прытым, што быў выпускніком не філфака, а інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту. Многія Анатолевы фармулёўкі набылі статус прымавак. Памятаеце, была рэспубліканская перадача пад назвай яго выслоўя “Слова лечыць і калечыць”, шкада, што яна знікла.
Па мелодыцы яго вершы лёгказапамінальныя, выдатна кладуцца на музыку. Я не падлічвала, колькі песень кампазітары агучылі. Усе яны высокамастацкія, суправаджэнне сапраўды адпавядае зместу.
Грачанікаў добра ведаў быт народа, у першую чаргу лю-дзей сваёй вёскі. Ганаруся, што вучылася з Анатолем у адным класе. Згадваюцца яго дасціпны гумар, тактоўныя, паважлівыя адносіны да ўсіх. Ніхто ніколі не пачуў ад яго абразы. Аднакласнікі не ведалі, што з яго атрымаецца знаны беларускі паэт. Але тады, у школьным юнацтве, мы інтуітыўна адчувалі яго аўтарытэт, яго паэтычны талент. Вельмі шкада, што такога чалавека сёння няма між нас...


Мікола МЯТЛІЦКІ,
паэт, лаурэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар часопіса “Полымя”:
— Анатоль Сямёнавіч Грачанікаў — адзін з самых яркіх самабытных беларускіх паэтаў. Я асабіста ўдзячны яму за вялікую зямляцкую падтрымку маёй творчасці. Па тым часе, калі ён быў рэдактарам часопіса “Маладосць”, вельмі ахвотна друкаваў на яго старонках мае вершы. З блаславення Грачанікава ў серыі “Бібліятэка часопіса” была выдадзена мая кніга “Горкі вырай”. Гэта быў адзін з першых водгукаў на нашу чарнобыльскую трагедыю. Анатоль Сямёнавіч па-зямляцку падзяляў нашу агульную чарнобыльскую трывогу і як галоўны рэдактар выдання рабіў усё, каб вось так паэтычна прапагандаваць, каб яна кранала сэрцы многіх суайчыннікаў і людзей за межамі нашай Беларусі.
Вельмі самотна, што так рана абарваўся яго жыццёвы шлях. Я памятаю вечар у Доме літаратара, прысвечаны 70-годдзю Івана Паўлавіча Мележа: тады апошні раз свае вершы, прысвечаныя аўтару “Палескай хронікі”, чытаў Анатоль. “Жураўлісе чысціць журавель зорамі абвеянае пёрка...” І літаральна праз некалькі дзён здарылася скрушнае, трагічнае: сам Анатоль Сямёнавіч апынуўся ў гэтым жураўліным кліне. І высока над зямлёй Бацькаўшчыны сёння шугае жураўліны клін, складзены з гарканосных імёнаў. Сярод іх Анатоль Грачанікаў.
Спадзяюся, што гамяльчане-землякі, усе суайчыннікі не забудуць яго палымяны паэтычны запавет, яго творчасць. Духоўнапрысутная, яна і сёння творыць сваю вялікую надзённую справу, узмацняе духоўныя струны нацыі, робіць нашы сэрцы яшчэ больш духоўна прыгожымі.

Культура


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать