Новая выстава ў філіяле Веткаўскага музея прапануе наведвальнікам паглыбіцца ў «філасофію» керамікі Аляксандра Наўгародскага.
Самы старажытны прадмет з абпаленай гліны — керамічная статуэтка «Вестоніцкай Венеры» — датуецца 29 — 25-м тысячагоддзем да нашай эры. Відаць, за ўвесь час існавання керамікі як рамяства гэта сфера сфарміравала не толькі пэўныя тэхналагічныя каноны, але і своеасаблівую «эстэтыку» і «міфалогію» . Паводле «народнай» Бібліі, менавіта з гліны быў зроблены першы чалавек. Магчыма, таму ад многіх мастакоў-керамістаў вельмі часта можна пачуць: «Гліна — гэта жывы матэрыял».
Што тычыцца работ Аляксандра Наўгародскага, то яго кераміка — своеасаблівая «этна-вандроўка» па культурах свету. Так, у аздабленні работ мастака сустракаюцца рысы культуры як славянскіх народаў, так і іншаземныя (Афрыка, Індыя, Кітай, Заходняя Амерыка, Аўстралія).
Гледзячы на кераміку мастака, дастаткова выразна мы можам адчуваць, як форма пераходзіць у арнаментыку, а тая ў сваю чаргу падказвае колеравыя вырашэнні. На нашу думку, большасць «тварэнняў» Аляксандра нараджаюцца менавіта воднай стыхіяй. Гэта і яркія выразныя «рыбы-пано», і своесаблівыя «плаваючыя» контуры, што нібы хвалі ўздымаюцца на паверхні яго прац, і колеравая гама (сінія, зялёныя ды пясчаныя колеры).
На выставе прадстаўлены дэкаратыўныя пано, аб’ёмныя скульптуры, чайнікі, кубачкі, інтэр’ерныя вазы, музычныя духавыя інструменты і аўтарскія эскізы на паперы.
Мастакоў увогуле можна смела называць дэміургамі, стваральнікамі Сусвету. Таму назвай для гэтай выставы паслужылі словы з Бібліі «Да будет твердь посреди воды...», дзе Бог якраз знаходзіцца ў працэсе Вялікага Стварэння.
УВАГА!!! Напярэдадні адкрыцця выставы, 26 лютага а 15-й гадзіне, Аляксандр Наўгародскі правядзе ў філіяле Веткаўскага музея майстар-клас па вырабу глінянай свістулькі.