Старажытны абрад «Юраўскі карагод» штогод праходзіць ў гонар святога Юрыя (Ягорыя, Георгія) — ахоўніка дамашняй жывёлы, дабрадзеі ў хатняй гаспадарцы і апекуна ўрадлівасці ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна.
Напярэдадні або раніцай у хаце Кацярыны Панчэні, старэйшай носьбіткі мясцовых фальклорна-абрадавых традыцый, выпякаюць абрадавы хлеб-карагод, які потым дарослыя і дзеці ўпрыгожваюць самаробнымі кветкамі. Даручаюць яго несці хлопцу-ваяводу ў святочным шэсце. Усе вяскоўцы рухаюц да поля, тройчы праходзяць праз сімвалічныя «вароты з рушнікоў.
Кульмінацыйны момант абраду адбываецца ў полі. Удзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Міжрэчча» Пагосцкага клуба-бібліятэкі, вясковыя дзеці, іншыя пагашчанцы «па сонцу» з песнямі, гульнямі водзяць карагоды.
У цэнтры карагоду — хлопцы, мужчыны, якія трымаюць ікону Божай Маці, абрадавы хлеб-карагод, граблі з зялёным фартухом, яны рухаюцца па «колу сонца», тройчы падымаюць уверх каравай, мяняюць на граблях зялёны фартух на чырвоны. Пасля чаго рухаюцца ў бок вёскі, дзе спыняюцца каля хат, просяць дазволу ў гаспадароў вадзіць карагод, жадаюць ім добрага здароўя, багатага ўраджаю, прыбытку ў хляве. За гэта атрымліваюць узнагароду хлебам, яйкамі...
Свята заканчваецца, людзі пачынаюць разыходзіцца, каб зноў, у наступным годзе, вадзіць свой «Юраўскі карагод» на багаты ўраджай, на добры прыплод, «каб усё радзіла і пладзіла...».