На ўзлёце “міхась” і “баранеса”
1878 0 23:12 / 24.01.2008
— Пры заданні шэсць працэнтаў мы кожны дзень абмалочваем сем — восем працэнтаў ад усёй плошчы збожжавага поля, — гаворыць начальнік райсельгасхарчу А. Ф. Шруб. — І ўраджайнасць перавышае 27 цэнтнераў хлеба з гектара, што на тры цэнтнеры больш, чым летась. Калі за мінулае жніво намалацілі 47 тысяч тон хлеба, то сёлета плануем валавы намалот давесці да 70 тысяч тон. Збажына вырасла добрая паўсюдна. Некалькі гаспадарак атрымліваюць з гектара па 40 і больш цэнтнераў. Але найвышэйшая зараз ураджайнасць у сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Крыўск”. Тут у сярэднім збожжавыя даюць за 50 цэнтнераў, а асобныя культуры звыш 70.
На месцы я пераканаўся, што словы Анатоля Фёдаравіча адпавядаюць са-праўднасці. Ужо візуальна можна вызначыць, што трыцікале сорту “міхась” дасць не менш 70 цэнтнераў з гектара, а на асобных участках і больш 80 цэнтнераў. На такое поле мы пад’ехалі разам са старшынёй кааператыва А. П. Падалячыным.
Аляксандр Паўлавіч асцярожна, па-гаспадарску прыхіліў да сябе некалькі сцяблоў, каласы якіх набіты буйным зернем, і сказаў:
— Мы сёлета змагаліся за найвышэйшую ўраджайнасць. Многае для гэтага зрабілі. Але аб такім поспеху не маглі і падумаць. Гарантыя, што тут будзе пад 90 цэнтнераў з гектара. Пакуль жа мы ўбіраем менш ураджайныя палі трыцікале і то намалочваем па 72 — 74 цэнтнеры з гектара. Прыкладна такую ўраджайнасць дае і ячмень сорту “баранеса”. Зараз усе нашы намаганні накіраваны на хуткае правядзенне жніва.
На полі ў гэты дзень было задзейнічана сем збожжавых камбайнаў. Камбайнеры працавалі прывычна ў чоткім і зла-джаным рытме. Усе перавыконвалі заданні. Але найбольшых намалотаў дабіваецца лепшы механізатар гаспадаркі перасяленец з Казахстана В. А. Касьянаў, які на час жніва з трактара перасеў за штурвал камбайна “КЗР-10” вытворчасці “Гомсельмаша”. Да 70 тон у дзень намалочвае Віктар Анатольевіч. Толькі крыху адстаюць ад лідэра Сяргей Аляксандравіч Яўсеенка і Анатоль Сяргеевіч Масюк, якія працуюць на камбайнах “КЗС-7”і “Дон-1500”.
Адвозка збожжа ў “Крыўску” забяспечваецца ў асноўным не грузавымі аўтамабілямі, а трактарамі з вялікаёмістымі, у дзесяць тон, прычэпамі.
— Яны найбольш эканамічна выгадныя, — расказвае галоўны аграном В. В. Ананьеў. — На два трактары за дзень расходваецца прыкладна 80 літраў саляркі. Каб такую колькасць збожжа перавезці ад камбайнаў на збожжаток аўтамабілямі, трэба 200 літраў бензіну.
Напружана ў гэты час вялася работа і на збожжатаку, дзе сушыльныя і ачышчальныя агрэгаты задзейнічаны кругласутачна. Адборнае збожжа адразу ж ад-гружаецца дзяржаве. Кааператыву сёлета трэба згодна з заказам поставіць 930 тон яго.
— Ужо ў пачатку наступнага тыдня з хлебанарыхтоўкай справімся і будзем рэалізоўваць збожжа звышпланава, — паведамляе В. В. Ананьеў. — Апрача гэтага, штодзённа папаўняюцца запасы хлеба і ў нашых складскіх памяшканнях.
Васіль Васільевіч паказвае, колькі ўжо зерня на складзе. Ды якое дабротнае!
Старшыня гаспадаркі А. П. Падалячын звяртае ўвагу на той факт, што для паспяховага правядзення жніва яго ўдзельнікам створаны неабходныя ўмовы. Двойчы ў дзень бясплатна арганізавана па месцы работы гарачае харчаванне.
Пастаянна ў майстэрні дзяжурыць рамонтная брыгада, якая мае ў сваім распараджэнні “лятучку” і перасоўны зварачны апарат. Рамонтнікі па першаму сігналу прыходзяць на дапамогу камбайнерам. Напрыклад, на працягу дзвюх гадзін памянялі прыёмны бітэр нахільнай камеры ў “Доне” Сцяпана Дзмітрыевіча Размаіты. Прама ў полі дапамаглі ліквідаваць няспраўнасці ў камбайнах іншых механізатараў. А вось “Дон-1500” Міхаіла Іванавіча Лыскіна давялося дастаўляць у майстэрню. Трэба было мяняць рухавік.
— Але і з гэтай работай справіліся за паўдня, бо быў у запасе такі рухавік для камбайна, — расказвае галоўны інжынер С. І. Баранаў. — У запасе ёсць і іншыя неабходныя запчасткі.
Трэба сказаць яшчэ і аб тым, што ў кааператыве добра прадумана аплата працы людзей. За тону намалочанага збожжа выплачваецца тысяча рублёў. Апрача таго, налічваюцца грошы за класнасць і стаж работы.
Па выніках года, улічваючы і работу на жніве, хлебаробам выдзяляюцца збожжа, сена для ўласнай жывёлы, нават парасяты. Людзі разумеюць, што можна добра зарабіць, і працуюць самааддана. Нястрыманым патокам ідзе з бункераў хлеб. Старшыня кааператыва А. П. Падалячын упэўнены, што па выніках жніва ў іх бу-дзе ўраджайнасць не толькі самая высокая ў вобласці, а і нават большая, чым у асобных гаспадарках высокаўраджайнага Гродненскага раёна.
Сцяпан БАЛОТКIН
Самое читаемое
Другие статьи раздела
0 Обсуждение Комментировать