Вверх


Нябесны ціхаход: юнак з Беларускага Палесся трапіў з кукурузнiка ў бамбардзiроўшчыкi

1684 0 12:40 / 10.02.2019
Адзiн з тысяч

Юнак з Беларускага Палесся Мiкалай Лаўшук адзін з тысяч маладых людзей, якія ў 30-я гады мінулага стагоддзя адгукнуліся на заклiк партыi i ўрада будаваць паветраны флот асабiстым удзелам і ахвяраваннямі.

1(1) Лавшук.jpg
Мікалай Лаўшук з выпускнiкамi авiяшколы (уверсе справа)

На лясным хутары, непадалёк ад гарадка Васiлевiчы, у вялікай сям’і, дзе выхоўвалася 12 дзяцей, не было нiякiх зберажэнняў. Але меў хлопец неадольную мару стаць лётчыкам, якая прывяла Міколу пасля заканчэння Васiлевiцкай СШ у 1940 годзе ў Краснадарскую авiяшколу. Там выпускалі лётчыкаў, штурманаў i стралкоў-бамбардзiроўшчыкаў. Ён марыў дасягнуць самых значных вышынь у лётнай справе, каб быць не горш Чкалава i iншых вядомых у той час лётчыкаў.

Але праклятая вайна без дазволу пастукалася ва ўсе вокны i дзверы. Разам з аднакурснiкамi Коля Лаўшук датэрмінова здаў экзамены i атрымаў званне малодшага камандзiра, а затым — прызначэнне ў 707-ы начны лёгкабамбардзiровачны авiяцыйны полк. Так, на пачатку 1942 года Мiкалай апынуўся на Паўночна-Заходнiм фронце. У палку ён атрымаў пасаду, прычым адну ў трох аблiччах: штурман-стралок-бамбардзiроўшчык самалёта У-2.

Можна ўявiць настрой маладога лётчыка, якi марыў пакарыць нябёсы на вялiкiх i сучасных самалётах, а замест гэтага трапiў на просты i немудрагелiсты самалёцiк з крыўдным прозвішчам кукурузнiк.

З кукурузнiка ў бамбардзiроўшчыкi

Як толькi не называлi гэты самалёт i свае, i ворагi. Для сваiх ён быў нябесны цiхаход, а ў немцаў — няўлоўны У-2, або kaffeemühle (кавамолка), а яшчэ haltsnühmaschine (швейная машына), а таксама «русс-фанер».

Гэты просценькi, на першы погляд, самалёцiк з фанеры меў шмат вартасцей. Ён быў танны пры вытворчасці, што для краiны на той час было немалаважна. А яшчэ вельмi даступны ў кiраваннi i эксплуатацыі. Без асаблiвай цяжкасцi рамантаваўся i не патрабаваў ад лётчыка шматчасовых трэнiровак, каб авалодаць машынай.

Легендарны У-2 стаў для Мiкалая Лаўшука неад’емнай часткай на вайне, з iм ён павiнен быў проста зрасцiся. Ён жа штурман, а што гэта такое, юнак падчас вучобы ў лётнай школе вывучыў дакладна.

18 студзеня 1942 года ў лётнай кнiжцы штурмана Мiкалая Лаўшука з’явiўся першы запiс, якi паведамляў, што ў гэты дзень iм быў ажыццёўлены палёт па невядомым маршруце ў 78 кіламетраў, якi працягваўся адну га­дзiну. Праз два тыднi з’явiўся другi — ужо па вядомым маршруце. Трэнiровачныя палёты былі на працягу трох месяцаў. Падчас перапынкаў маладыя лётчыкi дасканала вывучалi свае машыны — ад першага да апошняга вінціка. Напрыканцы красавiка быў пералёт на баявы аэрадром.

Як сведчаць вайсковыя архiвы, месцы базіравання У-2 знаходзіліся ў 150 кіламетрах ад лiнii фронту, i здзейсніць з iх iнтэнсiўныя палёты часцей за ўсё было нязручна. Таму ўсю баявую задачу начныя бамбардзiровачныя палкi выконвалi з аэрадромаў у 20 — 35 кіламетрах ад перадавой. Днём гэтыя пляцоўкi пуставалi, а к вечару на iх пераляталi самалёты.

У маi пачалiся баявыя вылеты, лiтаральна праз дзень-два. Па меры набыцця маладымi лётчыкамi баявога вопыту палёты сталi часцейшымі. У чэрвенi, напрыклад, iх было зафiксавана 35. Гэты месяц для маладога штурмана выдаўся асаблiва гарачым. Ноччу 10 чэрвеня давялося ўзлятаць тройчы — нiяк не маглi выявiць батарэю зенiтных гармат у раёне Рэдцышаша. Урэшце знайшлi i знiшчылi, праўда, сам экiпаж з лётчыка i штурмана быў абстраляны зенiтнай артылерыяй.

Наступная ноч для Мiкалая стала яшчэ гарачэйшай: два начныя вылеты суправаджаліся пражэктарамi працiўнiка, а потым абстрэлам зенiтнай артылерыi вялiкага калiбру. Тады самалёт-самалёцiк атрымаў 27 асколачных прабоiн. Але, слава богу, ён і напарнiк засталiся жывымi i пры гэтым умудрылiся знiшчыць каля роты фашыстаў.  У час чарговага вылету цiхаход атрымаў кулявую прабоiну. Праз некалькi дзён — дзевяць асколачных.

Пасля гарачага чэрвеня 1942-га, калi начныя вылеты былi што­дзённымi, i нават па два разы за ноч, баявыя справаздачы ў палку прынялi новыя формы. Цяпер у лётных кнiжках адзначалася не толькi колькасць вылетаў i дальнасць палётаў, але i колькасць скiнутых бомб, лiстовак, iншых грузаў. Яно i зразумела — у першыя днi i месяцы вайны было не да дакладных улiкаў...

На працягу 1942 года Мiкалай Лаўшук будзе не адзiн раз адзначаны камандаваннем палка за ўзорнае выкананне заданняў у барацьбе з нямецкімі акупантамі, інтэнсіўнасць баявых вылетаў і павышэнне бомбавай нагрузкі, а ў снежнi 1942-га ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркi.

«Было гэта пад Старой Русай. Вяртаючыся на базу, мы трапiлi пад абстрэл. Самалёт быў пашкоджаны, паступова страцiў вышыню i пайшоў у штопар. Амаль ля самай зямлi ўзарваўся бак
з гаручым. Я атрымаў раненне i кантузiю, выбуховай хваляй мяне выкiнула з кабiны, добра, што дрэвы з’амартызавалi падзенне. Падабралi мяне нашы беспрытомнага. А лётчык Крэстоўскi згарэў...»

(«Штурман начнога цiхахода»: з успамiнаў ветэрана ў хойніцкай райгазеце «Ленiнскi сцяг» ад 25 лютага 1995 года.)

Пасля лячэння ў шпiталi штурман Лаўшук вярнуўся ў строй. Акрамя бамбёжак шмат разоў вылятаў на паветраную разведку, дастаўку прадуктаў з аэрадрома на аэрадром, лiстовак. У гарачым 1942-м яго лётная кнiжка зафiксавала па 8 — 9 начных вылетаў.

1943 год

Вылеты праходзiлi амаль штодзённа, дакладней — штоночы. У графе «кароткi змест задання» запiсы фiксуюць час знаходжання ў паветры ад 1 гадзiны 15 хвiлiн да 3 гадзiн 16 хвiлiн, а колькасць вылетаў ад аднаго да чатырох i толькi на бамбардзiроўкi. Мяркуючы па запiсах, бомбавая нагрузка самалёта была ад 150 да 1778 кілаграмаў. Пры гэтым так званая чыстая маса самога цiхахода ўсяго 650, а ўзлётная вага, улiчваючы бомбы, — 1400 кілаграмаў.

Божа мiласэрны, як жа яны ляталi?!

«Ваявалi мы ўжо ў Беларусi. Пад Полацкам у баявым начным палёце знiшчылi кулямётныя кропкi ворага, якiя не давалi разгарнуць наступленне нашай пяхоце. Пры вяртаннi на месца дыслакацыi палка ўбачылi калону нямецкiх аўтамашын. Вырашылi дзейнiчаць згодна з абставiнамі. Знiзiлiся i закiдалi iх спецыяльнымi бомбамi-ампуламi з вадкасцю „КС“. Калона запалала.

На некалькi хвiлiн мы страцiлi пiльнасць. З-за хмар выскачыў „месер“, выкруцiцца ад яго вогненнай трасы нам не ўдалося. Лётчык Увараў быў смяротна паранены, а я ледзь-ледзь дацягнуў У-2 да пасадкi...» (З успамiнаў ветэрана).

У лiстападзе 1943 года штурман 707-га Чырвонасцяжнага авiяцыйнага палка малодшы лейтэнант Мiкалай Сямёнавiч Лаўшук узнагароджаны другiм баявым ордэнам Чырвонага Сцяга.
Пасля Паўночна-Заходняга фронта Мiкалай Лаўшук трапіў на Бран­скi, а пасля яго на Другі, а затым на Першы Прыбалтыйскiя фронты.

Амаль 400 разоў прыйшлося яму здзяйсняць бамбардзiроўкi. Вайсковыя лётчыкi добра ве­даюць, якая гэта няпростая справа, а калi бомбы кiдаць з У-2 —
i зусiм небяспечная. Тут без штурмана рабiць лётчыку няма чаго.

Каб не праклятая вайна...

Наблiжалася Перамога. Незадоўга да яе баявы штурман Мiкалай Лаўшук стаў слухачом Сталiнградскай ваеннай авiяцыйнай школы высотна-хуткаснай авiяцыi. Збывалася яго даваенная мара: у рангу сапраўднага лётчыка-аса лятаць на сучасных хуткасных самалётах, здзяйсняць подзвiгi, роўныя тым, якiя ажыццяўлялi яшчэ да вайны праслаўленыя Чкалаў і Байдукоў.
На жаль, падчас навучання i трэнiровак з павышанай нагрузкай па-здраднiцку далi аб сабе знаць раненнi i кантузіі. Урачы атэстацыйнай камiсii былi катэгарычнымі ў сваiх высновах. «Нягодны» — гэта з’явiлася прыгаворам у яго асабістай справе.

Лаўшук паехаў на родную Гомельшчыну. Звыклы да дысцыплiны i адказнасцi, ён i працу на «грамадзянцы» знайшоў адпаведную — на чыгунцы. Спачатку дзяжурным на сваёй роднай станцыi Васiлевiчы, а пасля атрымаў прызначэнне на станцыю Хойнiкi. Тут абзавёўся сям’ёй: з жонкай Марыяй Дзям’янаўнай пабудавалі дом i вырасцiлі трох дзяцей. Больш трыццацi гадоў ён сустракаў i праводзіў цягнiкi, але калi чуў у небе гук самалёта, стаяў быццам заварожаны i пiльна ўглядаўся ў неба.

Аб чым думаў, каго ўспамiнаў баявы штурман легендарнага У-2? Сваiх баявых таварышаў, якiя не дажылi да Перамогi i якiя iшлi да яе «пяшком па небе». Гэта назаўсёды запамяталася яму ў промнях варожых пражэктараў i зенiтных залпаў, у чорных хмарах i дыме, таму здавалася наскрозь пракопчаным? Напэўна, такім. А можа, думалася, што гэта яго нябесны цiхаход ляцiць за iм — сваiм штурманам, але толькi па небе чыстым, блакiтным?
Общество
Фото З СЯМЕЙНАГА АРХІВА ЛАЎШУКА
водители.jpg
Untitled-1.jpg
0 Обсуждение Комментировать