Студэнты розных спецыяльнасцей правяралі свае веды па беларускай мове – пісалі татальны дыктант, да іх далучыліся і выкладчыкі. Арганізатары акцыі, выкладчыкі кафедры беларускай мовы, імкнуліся пераканаць, што быць пісьменным – важна для кожнага чалавека. Займацца беларускай мовай нялёгка, але захапляльна і карысна. – Акцыя аб’яднала ўсіх, хто ўмее і хоча гаварыць па-беларуску, -- расказала дацэнт кафедры беларускай мовы філалагічнага факультэта Алена Ермакова. – Няма моў добрых і дрэнных, багатых і бедных, прыгожых і непрыгожых, ёсць толькі родныя і няродныя.
Кафедра рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства арганізавала літаратурна-музычную кампазіцыю “Родная мова – Айчыны аснова”. Чыталі вершы і пелі на беларускай, рускай, туркменскай, кітайскай і турэцкай мовах. На філфаку прайшоў і конкурс чытальнікаў, удзельнікамі якога сталі студэнты дзённай формы навучання. Выклікала цікавасць сярод студэнцкай моладзі анлайн-віктарына на веданне беларускіх слоў.