Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Вандроўка пятнаццатая: Казлы

7267 1 03:48 / 16.02.2012
У студзеньскую завіруху разам з дырэктарам раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Аленай Жалязка адправіліся мы на поўдзень, на памежжа Ельскага раёна з Жытоміршчынай. Была даўняя дамова пачуць спеў жаночага аўтэнтычнага фальклорнага гурта, які прынёс вядомасць вёсачцы Казлы далёка ў свеце, засведчыў, што тут, у глыбінцы палескай, захаваўся мясцовы песенны стыль выканання традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў. Цуда: як толькі мы звярнуліся да цётачак, каб яны заспявалі, з-за цяжкіх свінцовых хмар выкацілася сонейка, наўкол заззяла дыяментамі пухнатая снежная коўдра. У паветры студзеньскага дня мы адчулі: да вясны ўсё бліжэй! Жанчынкі ў пярэстых хустках, святочных вышываных фартушках былі рады нам, бо пры ўсёй сваёй знакамітасці ўвагаю журналістаў не надта спешчаныя. Зайшлі ў драўляны сельскі клуб. папрасіла цётачак заспяваць самую любімую песню. — Ды яны ўсе ў нас любімыя, бо гэта песні нашых бабуль, матуль, — амаль у адзін голас вымавілі спявачкі. І крышку паспрабавалі цягнуць свае партыі, нібы нітачкі на калаўротах... Ды як звязалася, выткалася, бы рушнік, шматгалосае песеннае палотнішча! Пра казачэньку, што «без поры гуляе», а затым вясельная — пра нявесту: Ці будзеш ты, Ганночко, жалковаці, Як мы будом по вуліцы, ой, все гуляці, Як мы будом по вуліцы все гуляці, Да под твое окенечко, ой, подбегаці? Працяжная, жаласная песня, у якой і беларуская, і ўкраінская мовы зліліся ў адзінае «жалкаванне». Слухаючы яе, адчувала, як да сэрца падкочваецца жалоба па страце нечага невыказнага, і з кожным радком яна нарастае, бы снежны ком. Спеў, бы галашэнне па нябожчыку... Колісь я ўжо перажывала аналагічны боль. Дзе гэта было? Я варушыла, бы стос лістоў з інфармацыяй, сваю памяць, імкнучыся выбраць тое незабыўнае, з маленства. Так, гэта было... вяселле ў бабулінай вёсцы! І мая Кацярынка-журавінка павяла мяне паслухаць, як спяваюць жанчыны. «Ды яны ж плачуць, бабулька...» — разгублена вымавіла я, колькі хвілін стоячы ў натоўпе вяскоўцаў на тым вяселлі. І шчыра, як можа дзіця, заплакала... Рано ж рано, за горою новій двор, Рано да рано, й а в том дворы веселье. Рано да рано, там стойіць столік дубовой, Рано да рано, на століку коровай... Дзярэ, трымае сэрца ў абцугах туга. Двухмоўныя песні ў арыгінальнай аранжыроўцы спявачак, якія, жывучы на памежжы, з малаком маці ўвабралі непаўторную мелодыку. Глядзела на іх спрацаваныя рукі, слухала маналогі пра лёс. Валянціна Ляўкоўская: — Паспытала шчасця і ўкраінскага, і беларускага. Замуж хадзіла за 8 кіламетраў адсюль. Пераехалі да мяне. 21 год даяркаю адрабіла, выгадавалі трох сыноў і дачку. Півонія Сугак: — Я з вёскі Новы Хутар, што за Валаўскам. У 1960-м замуж у Казлы прыйшла. Кароў даіла, цялят даглядала ў калгасе, 12 год у магазіне адрабіла. Двух сыноў і трох дачок выхавалі, а цяпер з дзедам удвох, бегаем адзін за другім кругом хаты, пчол гадуем. (Смяецца). Марыя Козел: — Я ўкраінка, замуж сюды прыйшла. 37 год калгасу аддала. Тры сыны жывуць у Вінніцы. Гаспадар мой 35 гадоў адрабіў лесніком. Год як памёр, цяжко... Соф’я Шаціла (кіраўнік гурта): — Пасля заканчэння тэхнікума працавала тут брыга­дзірам. А калі клуб пабудавалі, перайшла арганізоўваць мастацкую самадзейнасць. Цяпер я тут самая малодшая... пенсіянерка. Марыя Хамутоўская: — Мне 4 лютага 81 год. Дзеда-гаспадара больш 20 год няма ўжо на свеце, дзеці ў гарадах шчасце знайшлі. А я тут у калгасе рабіла, а перад пенсіяй — прадаўцом... Цікаўлюся, чаму назва такая ў вёскі? Па версіі спявачак, у час вайны з Напалеонам мясцовыя людзі хаваліся па лесе. Два браты са Скароднага з прозвішчам Казёл прыйшлі сюды і сталі жыць. У цяперашняй вёсцы коз багата, а казла ніводнага няма, на Каляды апошняга звялі, бо стары быў. Але ж некаторыя пенсіянеры трымаюць кароў, коней, курэй, качак, багата пчол. Наказалі мы, каб і казла завялі. Мікола, спраўны гаспадар Соф’і Шаціла, які цяпер тут старэйшына вёскі, паабяцаў заняцца. І паказаў нам свайго парсюка, які кілаграмаў з трыста вагою. А потым і ў госці запрасіў усіх у свой дом. Як самы малады старажыл (хутка шэсць дзесяткаў), ён вырашыў, што ў застоллі песні будуць яшчэ званчэйшымі, яшчэ больш пранікнёнымі. Не памыліўся. А наш пан малодзенькі, Под ім конік вороненькі, На коніка пан сядае, Свае жнівы праязджае, Дай жончыков подгоняе. — Ой, жончыкі мое мілы, Дожынайце свое нівы. — Ой, дожномо й не дожномо, Ночоваць мы не будомо. Каці, пане, бочку піва, Бо нас ніва потоміла... А потым загучалі песні пра «польку», што ішла жыта жаці, ды «забыла сярпа ўзяці», пра грэшную свякроўку, якая ўпала з печы, бо сядзела на ёй у Пятроўку... Абрадавыя, пазаабрадавыя казлоўскія песні — непадробная споведзь сэрца, паяднаная з вясковай працай, неаддзельная ад яе. Адчуваецца, што песня дапамагае жанчынам, як і колісь іх маці, у паўсядзённых клопатах, што б ні рабілі — спяваюць! Іх часта запрашаюць выступіць не толькі ў сваім раёне. І як ні цяжка (што ні кажы, узрост!), тройчы ўжо былі ў сталіцы, у тым ліку ў Інстытуце культуры і Акадэміі музыкі. Адзначаны дыпломам аргкамітэта міжнароднага сімпозіума «Сучаснае музыказнаўства ў сусветнай навуковай прасторы». У 2010 годзе іх песні як нематэрыяльную гісторыка-культурную каштоўнасць запісалі на дыск. Жанчыны ўдзельнічалі ў прэзентацыі альбома-даведніка «Адбіткі незабытай зямлі», выпушчанага Інстытутам радыялогіі Рэспублікі Беларусь у 2011 годзе ў рамках праекта па раёнах, якія адраджаюцца пасля чарнобыльскай катастрофы. У гэтым альбомчыку ёсць такія словы пра песні фальклорнага гурта з вёскі Казлы: «Усе яны перапоўнены багатым паэтычным зместам, заварожваючай мелодыяй, самабытнасцю. Канкрэтнай даты заснавання калектыву няма, таму што песні былі заўсёды неад’емнай часткай традыцыйнага вясковага быту. Песенная спадчына арганічна ўвайшла ў жыццё спявачак, яны пранеслі яе праз усё сваё нялёгкае сельскае жыццё...» Іх песні здольны вярнуць цябе да сваіх вытокаў, разбудзіць генетычную памяць, нагадаць, хто ты і адкуль. Ім сапраўды няма цаны. Фотаздымкі:
Фото Вячеслава Суходольского
Общество


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Анна 01/01/1970 03:00
Цікава жывуць людзі, не сумуюць!
Цитировать