Ала ў той складаны ваенны час была своеасаблівым прытулкам, прымаючы людзей з іншых раёнаў, якія ў гэтай вёсачцы ў гушчары між балот спадзяваліся зберагчыся ад карнікаў. Мясцовыя сем’і прытулілі землякоў, таму ў кожнай хаце было шмат жыхароў.
У той страшны студзеньскі дзень карны атрад акружыў вёску. Людзей загналі ў хлявы, потым выганялі адтуль быццам дзеля адпраўкі ў тыл. Аднак у другім канцы вёскі фашысты зладзілі сапраўднае пекла: заганялі людзей у хаты і палілі зажыва. Тых, хто імкнуўся пазбегнуць расправы, расстрэльвалі, падрывалі...
7 красавіка 1944 года зводка Савецкага інфармбюро паведамляла: «У адным хляве, на паўночна-заходняй ускраіне вёскі, немцы зажыва спалілі да 70 чалавек. У агні загінулі Аляксандра Зыкун – 95 гадоў, Якаў Куруловіч – 85 гадоў, Сцяпан Зыкун – 81 год, грудныя дзеці – Аляксандр Усціменка – двух месяцаў, Феня Зыкун – трох месяцаў і многія іншыя...»
Спаленая зямля Алы знаходзіцца ў мемарыяле Хатыні, а таксама ў абласным музеі ваеннай славы ў Гомелі. На ўскрайку так і не адроджанай пасля вайны вёскі ўстаноўлены паклонны крыж, памятны камень з мемарыяльнай плітой.
Землякі свята ўшаноўваюць памяць ахвяр вёскі Ала, штогод на яе месцы ў дзень трагедыі праводзіцца мітынг, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі самых розных пакаленняў.
У апошнія гады ўвасабляецца ідэя стварэння тут знакавага мемарыяла ў памяць пра ўсе спаленыя фашыстамі вёскі на Гомельшчыне ў Вялікую Айчынную. У канцы чэрвеня 2019 года адбыўся пленэр вядомых беларускіх скульптараў, пра што пісаў у «Гомельскай праўдзе» Ізяслаў Катляроў, аўтар паэмы «Ала». Вызначыўся і падрадчык – УКС Гомельскага аблвыканкама. Абласное аддзяленне Беларускага фонду міра выдаткавала ў мінулым годзе 6 тысяч рублёў на мемарыял.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час гутаркі ў снежні 2019 года са студэнтамі і выкладчыкамі медуніверсітэтаў падтрымаў стварэнне маштабнага мемарыяльнага комплексу на месцы знішчанай фашыстамі вёскі Ала ў Светлагорскім раёне.
Безумоўна, стварэнне мемарыяла яшчэ адной з 5545 спаленых беларускіх вёсак стане знакавай падзеяй святкавання 75-гадовага юбілею Вялікай Перамогі савецкага народа над фашызмам. Гэта святы абавязак усіх нас, сучаснікаў, землякоў.