Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Адзін з сыноў тураўчанкі Марыі Чорнай удзельнічаў у распрацоўцы ракетнага комплексу «Паланэз»

5112 0 16:00 / 19.02.2020
Калі ў дзецях лад, не патрэбны і клад. Пад кожным з гэтых слоў гатова падпісацца Марыя Чорная, маці траіх выдатных сыноў. 

Черная111.jpg
Марыя і Мікалай Чорныя з сынамі

Сяргей і Юрый – палкоўнікі, абодва навукоўцы. Старэйшы аддае свой вопыт і веды Узброеным Сілам Расійскай Федэрацыі. Сярэдні ўмацоўвае абароназдольнасць нашай краіны. Таксама інжынерную, толькі не вайсковую, а мірную спецыяльнасць атрымаў і малодшы Аляксандр.

«Такімі Ўдаліся»

– Якое жыццё пасля вайны было, – Марыя Мікалаеўна ўзгадвае сваё напаўгалоднае дзяцінства ў вёсцы Вязаў Лес, што на Жыткаўшчыне. – Шэсць год я хадзіла праз лес у Людзяневіцкую школу, баронячыся зімой ад ваўкоў запаленымі факеламі. А калі атрымала атэстат, вучыцца далей не адпусціла калгаснае начальства: адправілі пасвіць цялят. На працу загадалі выходзіць назаўтра пасля выпускнога. За тое, што не паслухалася, бацьку далі штраф – адмінусавалі 15 працадзён, такі час строгі быў. 

Толькі Маша Калпачук усё ж спраў­дзіла сваё жаданне, стала дыпламаваным спецыялістам. Пасля Гомельскага саўгаса-тэхнікума маладога бухгалтара накіравалі ў Чарацянку, што побач з Жыткавічамі, дзе месціўся цэнтр калгаса імя Куйбышава. Неўзабаве дзяўчына пазнаёмілася з Мікалаем. Праз пэўны час, перавёўшыся ў тураўскі калгас «Новае жыццё», Марыя Мікалаеўна падпісвала службовыя дакументы ўжо новым прозвішчам – Чорная, а віць сямейнае гняздо стала ў мужавай хаце. 

– Першыя 26 маіх гадоў прайшлі пад адным дахам са свякрухай, – успамінае добрым словам другую маці субяседніца. – Дэкрэтны водпуск тады давалі ўсяго на пару месяцаў. Яна і дапамагала хлопцаў нашых гадаваць, з маленства прывівала ім дысцыпліну і самастойнасць. 

Пакуль мы з мужам (ён загадваў фермай, а потым быў інжынерам па ахове працы) прыйдзем дадому, дзеці па гаспадарцы ўправяцца і ўрокі зробяць. Іх не трэба было падганяць, слоў «не буду» і «не хачу» не гаварылі. Разам з вучобай хапала часу на спорт і танцы ў ансамблі «Прыпяць», двое да таго ж хадзілі яшчэ ў музычную школу. 

У голасе маці адчуваецца гонар за сыноў. Між тым іх выхаванне і поспехі жанчына ў свае заслугі не запісвае, «проста такімі ўдаліся», дадаючы, што галоўным аўтарытэтам для юнакоў заўсёды заставаўся бацька. Слова яго было законам. Мікалая Якаўлевіча не стала дзевяць гадоў таму…

Черная 7.jpg
У Марыі Мікалаеўны тры сыны і тры дачушкі-нявесткі

Палкоўнік расійскай арміі

У Смаленскае зенітна-ракетнае вучылішча (цяпер акадэмія) Сяргей паступіў пад уплывам свайго настаўніка пачатковай ваеннай падрыхтоўкі, франтавіка Аляксандра Фешчанкі. Адслужыўшы ў розных рэгіёнах СССР і за мяжой (у Венгрыі і Таджыкістане), старэйшы сын Марыі Мікалаеўны на выдатна скончыў спачатку Ваенную акадэмію супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Расіі, а потым Акадэмію дзяржслужбы пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі. У сямейным архіве захаваўся фотаздымак, на якім дыплом тураўчаніну ўручае Дзмітрый Мядзведзеў.

Зараз палкоўнік Чорны ўзначальвае аддзел навукова-даследчага цэнтра сваёй альма-матэр – Смаленскай ваеннай акадэміі. Кандыдат тэхнічных навук, прафесар, член Акадэміі ваенных навук, Сяргей Мікалаевіч – аўтар 110 навуковых прац і артыкулаў, удзельнічаў у 34 профільных навукова-даследчых праектах, мае баявыя і ведамасныя медалі, удастоены Падзячнага ліста прэзідэнта.

Юрын «Паланэз»

Брат-трэцякурснік стаў прыкладам для сярэдняга Чорнага, калі таму прыйшла пара выбіраць прафесію.

– Школу Юрый скончыў з сярэбраным медалём, толькі нарматывы трэба было здаць, – расказвае сямейную гісторыю маці. – Выкладчык запытаўся, за што чацвёрка. «Почырк у мяне дрэнны, але ж і Ленін неразборліва пісаў», – не разгубіўся сын.

Затое з дакладнымі навукамі ў яго ўсё атрымалася. Пасля Смаленска малады чалавек служыў у зенітна-ракетных войсках, а праз пэўны час атрымаў чырвоны дыплом камандна-штабнога факультэта Беларускай ваеннай акадэміі. Начальнік установы пісаў бацькам: «Валодаючы вострым розумам, сваёй мэтанакіраванасцю і настойлівасцю, зайздросным працалюбствам, ваш сын змог дася­гнуць у сваім узросце такога рубяжа, які не кожнаму равесніку па плячы… Толькі ў добрай і моцнай сям’і могуць вырасці такія дзеці».
З братам Юрый Мікалаевіч калега, таксама стаў кандыдатам тэхнічных навук, мае больш за 60 навуковых прац, напісаў некалькі вучэбных дапаможнікаў у галіне аператыўнага майстэрства і тактыкі прымянення войскаў супрацьпаветранай абароны. Палкоўнік Чорны звольніўся ў запас, але з арміяй не развітаўся. Працуе намеснікам галоўнага канструктара завода дакладнай электрамеханікі. Наш зямляк мае непасрэднае дачыненне да стварэння і выпрабавання 16 найноўшых узораў узбраення. Яго ўклад у распрацоўку вядомага ракетнага комплексу «Паланэз» адзначаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Беларусі. І гэта не адзіная ўзнагарода вучонага-практыка.

Трэці сын і дачушкі

На фоне братоў поспехі Аляксандра падаюцца не такімі маштабнымі, але і ён дасягнуў пэўных жыццёвых вышынь. Маці хацела бачыць яго настаўнікам, хлопец жа выбраў іншы шлях. Біяграфія Чорнага-малодшага ўмяшчае тэрміновую службу, работу механізатарам у тураўскім калгасе, вучобу ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Па адукацыі Юрый Мікалаевіч інжынер-механік. Зараз заняты ў прадпрымальніцтве, мае будаўнічы бізнес, жыве ў Гомелі.

Сыны Марыі Мікалаеўны заўсёды сябравалі. Не губляюць роднасных сувязей і зараз. 

– Ведаеце, мы з мужам вельмі хацелі дзяўчынку, Наташу, – прызнаецца на развітанне гераіня аповеда. – Калі хлопцы жаніліся, у нас з’явіліся тры дачушкі-нявесткі: Таня, Люда і… Наташа. 

Просьбу сужэнцаў аб дзяўчынках нябёсы спаўна выканалі ў наступным пакаленні, паслаўшы аж трох выдатных унучак. Жаночую кампанію разбавіў адзіны ўнук Дзмітрый, які пасля заканчэння фізфака БДУ праходзіць службу ў войску.
Фото з сямейнага архіва Чорных
Общество


bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
УП Экорес сайт.jpg
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать