Вверх


«Мяне доўгі час стрымлівала праблема жанру…» Да 50-годдзя першай публікацыі трагікамедыі Андрэя Макаёнка «Трыбунал»

3195 0 13:00 / 26.03.2020
З імем Андрэя Макаёнка, ураджэнца вёскі Борхаў Рагачоўскага раёна, звязана адна з самых яркіх старонак беларускай драматургіі. П’есы народнага пісьменніка Беларусі ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры, сталі асновай рэпертуару многіх тэатраў другой паловы мінулага стагоддзя. 

Андрэй Ягоравіч Макаёнак(5).jpg
Андрэй Ягоравіч Макаёнак. Фота з архіва пісьменніка

Іван Шамякін у адным са сваіх артыкулаў пісаў: «У тэатральным сезоне-1972/1973 на афішах Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы стаялі чатыры назвы спектакляў, пастаўленых па п’есах Андрэя Макаёнка: «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Таблетку пад язык»… Такі факт – з’ява надзвычай рэдкая ў гісторыі сцэнічнага мастацтва».

У мемарыяльнай зале Андрэя Макаёнка, якая створана ў Гомельскай абласной бібліятэцы, захоўваецца першы варыянт рукапісу п’есы «Трыбунал», дзе пазначана дата: 6.IV.1969 г. – 8.IV.1969 г., Ждановічы. Упершыню п’еса была надрукавана ў газеце «Звязда» ў верасні 1970 года, а потым у часопісе «Полымя».

У творчай біяграфіі Андрэя Макаёнка «Трыбунал» займае асаблівае месца. Для яго Вялікая Айчынная вайна – перажытая трагедыя. Фашысты забілі бацьку, Ягора Сяргеевіча, за сувязь з партызанамі. Партызанамі былі і яго брат з сястрой. Ваяваў сам пісьменнік і быў цяжка паранены. 13 кавалкаў нямецкай міны ўсё сваё жыццё ён пранасіў у абедзвюх ступнях ног. Таму напісаць пра акупацыю, падполле, партызанскі рух драматург лічыў сваім абавязкам, пісьменніцкім і грамадзянскім. Але як пра гэта напісаць камедыю? 

Сам Макаёнак пра гісторыю стварэння п’есы расказваў: «Мяне доўга стрымлівала праблема жанру. Хацелася захаваць у п’есе гераічны, суровы пафас Вялікай Айчыннай вайны і адначасова застацца верным камедыйнаму жанру. Не здраджваць яму. Доўга не знаходзіў матэрыялу для сюжэта. …Аднойчы прыйшоў на памяць эпізод ваеннага часу. Беларускія партызаны ў адной вёсцы ў час акупацыі вырашылі паставіць старастам свайго чалавека – патрэбна была сувязь з падполлем райцэнтра. Знайшлі старога, да якога адносіліся з даверам. Угаварылі. Укаранілі… А праз двое сутак з’яўляецца ён да партызан і просіць: «Браткі, больш туды не пайду. Збілі мяне дома жонка і дачка. Прымушаюць ісці і адмовіцца ад пасады».
Выпадак гэты ўспомніўся мне таму, што там быў элемент гумару: свежаспечанага старасту свае ж, родныя, жонка і дзеці, збілі, а стары не мог адкрыць свайго задання, таму што справа патрабавала строгай канспірацыі. Але ў гэтай сітуацыі закладзены і трагічны пачатак: сумленны чалавек можа загінуць ад рук сваіх жа грамадзян, якія не ведаюць тайну, ён рызыкуе жыццём. Так нарадзіўся сюжэт трагікамедыі «Трыбунал». Пазней драматург успамінаў, што п’еса начарна была напісана ў рэкордна кароткі тэрмін – за трое сутак.

Потым, вядома, былі многія ўдакладненні і папраўкі, аднак яны датычыліся нейкіх нязначных момантаў. 

П’есу спачатку сустракалі надзіва холадна. Прайшло нямала часу, пакуль знайшоўся рэжысёр, які рызыкнуў яе паставіць. Да беларускага гледача «Трыбунал» ішоў праз Маскву. Прэм’ера адбылася ў Маскоўскім тэатры на Малой Броннай. Спектакль паставіў рэжысёр Аляксандр Дунаеў сумесна з акцёрам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам Львом Дуравым. Галоўную ролю Цярэшкі Калабка выконваў Леў Дураў. Крытыка аднесла спектакль да сур’ёзных творчых удач сезона. 

Поспех прэм’ерных спектакляў у Маскве садзейнічаў павышэнню цікавасці да «Трыбунала». За невялікі тэрмін п’есу ўключылі ў свой рэпертуар звыш 160 прафесійных і многія самадзейныя тэатры. У архіве Андрэя Макаёнка захаваўся дакумент, які сведчыць, што за чатыры гады, з 1977-га па 1980, п’еса «Трыбунал» была пастаўлена 186 разоў. 

З вялікім поспехам прайшла прэм’ера ў тэатры імя Янкі Купалы. Спектакль паставіў рэжысёр Валерый Раеўскі. Галоўныя ролі выканалі Галіна Макарава і Генадзь Аўсяннікаў. Спектакль карыстаўся вялікім поспехам, у рэпертуары тэатра затрымаўся больш як на 20 гадоў. А легендарны дуэт Аўсяннікава і Макаравай цытавалі ўсе сталічныя пляцоўкі таго дня. 

Сустрэўся з драматургіяй Макаёнка і польскі глядач. Адбылося гэта ў 1973 годзе, калі рэжысёр Збігнеў Бесерта паставіў «Трыбунал» на сцэне тэатра імя Аляксандра Вянгеркі ў Беластоку. Гледачы вельмі цёпла прынялі спектакль. 

На розных мовах народаў СССР – кіргізскай, узбекскай, украінскай, літоўскай, малдаўскай разыгрывалася гісторыя пра беларускага селяніна Цярэшку Калабка і яго сям’ю. Ставілася п’еса і на сцэнах тэатраў Усходняй Еўропы: ГДР, Чэхаславакіі, ФРГ, Югаславіі, Іспаніі, Балгарыі. З вялікім поспехам ішла ў Тэатры драмы, оперы і балету ў Чэске-Будзеёвіцэ, горадзе-пабраціме Гомеля. Пастаноўку «Трыбунала» здзейснілі тэатры Сафіі, Варны, Тыргавіштэ. 

Не страціла сваёй актуальнасці яна і зараз. Яе ставяць прафесійныя і самадзейныя тэатры. У 2005 годзе, да 60-годдзя Вялікай Перамогі, п’еса «Трыбунал» была прадстаўлена на тэматычным міжнародным фестывалі «Этот День Победы» ў Маскве. Рэжысёрам выступіў Валерый Анісенка, кіраўнік рэспубліканскага тэатра бела­рускай драматургіі. Пазней, з сумесным беларуска-рускім праектам – спектаклем «Трыбунал», ён жа ўдзельнічаў у прэстыжным міжнародным тэатральным форуме «Залаты Віцязь». 

А да 70-гадовага юбілею Вялікай Перамогі п’еса «Трыбунал» была пастаўлена Сяргеем Кулікоўскім на падмостках Новага драматычнага тэатра ў Мінску і многімі іншымі прафесійнымі і самадзейнымі тэатрамі Беларусі і Расіі.

Паводле «Трыбунала» Андрэй Макаёнак сумесна з пісьменнікам Артурам Вольскім напісалі лібрэта да аперэты «Судны час» беларускага кампазітара Рыгора Суруса. Яна была пастаўлена ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі. 

Дарэчы, п’еса Андрэя Ягоравіча Макаёнка «Трыбунал» у 1974 годзе адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа (сумесна з п’есай «Таблетку пад язык»). Былі зняты дзве тэлеверсіі: у 1973 годзе – спектакля Маскоўскага тэатра на Малой Броннай і ў 1981 годзе – Беларускага тэатра імя Янкі Купалы. 

Ніна СЕРЫКАВА, галоўны бібліятэкар аддзела краязнаўства абласной бібліятэкі імя Леніна
Общество
водители.jpg
Untitled-1.jpg
0 Обсуждение Комментировать