Вверх


Жанчыны-медыкі ўнеслі важкі ўклад у перамогу над ворагам

2433 0 12:10 / 21.04.2020
У лютым 1986 года ў гомельскай сярэдняй школе № 47 быў урачыста адкрыты музей Чырвонага Крыжа. Ідэю старшыні Чырвонага Крыжа раёна Ларысы Шарынай падтрымалі вучні і настаўнікі, дапамагла абласная арганізацыя. Пачалася карпатлівая праца па зборы матэрыялаў пра жанчын-медыкаў, удзель­ніц Вялікай Айчыннай. Стварэнне музея ўзначаліла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Валянціна Бондар.

4E6A9197.JPG
Памятнае фота ў рэдакцыі «Гомельскай праўды» з ветэранамі ў маі 1979 года. Марыя Гарачук у першым радзе (другая справа) 

Асаблівую цікавасць выклікаюць матэрыялы, прысвечаныя жанчынам, узнагароджаным медалём імя Флорэнс Найцінгейл. Ён быў заснаваны міжнароднай канферэнцыяй Чырвонага Крыжа ў 1912 годзе. 

Флорэнс Найцінгейл – нацыянальная гераіня Англіі, першая сястра міласэрнасці, якая прысвяціла сваё жыццё высакароднай справе – ратаванню хворых. Яна наладзіла палявое абслугоўванне параненых у англійскай арміі, што спрыяла значнаму скарачэнню смяротнасці ў лазарэтах.

Медаль – вышэйшая ўзнагарода медсясцёр, якія вызначыліся ў доглядзе хворых і параненых як у ваенны час, так і ў мірны, праявілі свае маральныя і прафесійныя якасці, гуманізм і міласэрнасць.

Усяго 38 чалавек у СССР былі ўзнагароджаны медалём Флорэнс Найцінгейл, сярод іх дзве жыхаркі Гомеля – аднагодкі Соф’я Голухава і Марыя Гарачук. У 2013 годзе такі медаль уручылі Вользе Гейцавай з Мазыра, а ў 2019-м – мінчанцы Галіне Кулагінай за вялікі ўклад у клопат пра хворых.

За выратаванне жыццяў у гады вайны дзясяткі тысяч медыцынскіх сясцёр, 
сандружынніц былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі

Соф’я Голухава

Дзяўчына з вёскі Буда-Люшава Буда-Кашалёўскага раёна ў 1940-м скончыла Жлобінскую школу медсясцёр, потым працавала ў фельдшарска-акушэрскім пункце ва Уваравіцкім раёне. У першыя дні вайны сама папрасілася на перадавую. У снежні 1941-га наша зямлячка ўжо ў складзе 235-га асобнага медыка-санітарнага батальёна 134-й стралковай дывізіі Калінінскага фронту. Шчыруе аперацыйнай хірургічнай медсястрой, выносіць параненых з поля бою, аказвае першую медыцынскую дапамогу.

128 байцоў выратавала Соф’я ў адным з жорсткіх баёў у раёне горада Белага ў Калінінскай (цяпер Цвярская) вобласці. На трэці дзень, калі зноў былі вялізныя страты з абодвух бакоў, бясстрашная сястрычка пад градам куль і мінамётным абстрэлам зноў паўзла на дапамогу параненаму. Ад разрыву снарада была паранена, страціла прытомнасць. Апынулася ў ваенным шпіталі і ўсвядоміла, што левай рукі няма, моцна паранена правая і абедзве нагі. І гэта ў 21 год, у самым росквіце жыцця! Вярнулася ў родную вёску інвалідам першай групы.

Соф’я Васільеўна на працягу 24 гадоў працавала медсястрой Любовінскай участковай бальніцы на Будакашалёўшчыне. Жыла за пяць кіламетраў ад месца працы, але ні разу не спазнілася да хворых ні ў зімовую завіруху, ні ў веснавое раздарожжа. Ніколі не лічылася з часам. Сэнсам жыцця гэтай жанчыны было служэнне людзям. Яе заслугі ваеннага перыяду былі адзначаны найперш ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, многімі медалямі, а ў 1975 годзе – залатым медалём імя Флорэнс Найцінгейл. Праз год Соф’я Голухава пераехала ў Гомель, вяла актыўную грамадска-патрыятычную работу. Не стала яе ў 2012 годзе.

Марыя Гарачук

– Добра памятаю аднаго са сваіх першых цяжка параненых байцоў, якога я выратавала, – падзялілася неяк Марыя Гарачук, ураджэнка украінскага горада Шчорса, другой радзімай якой стаў Гомель. – Гэта было пад Бранскам. Наша санітарная машына ехала праз лес. І тут у небе пачаўся паветраны бой. Сілы былі няроўныя, ворагу ўдалося падбіць савецкі самалёт. У апошнія хвіліны наш лётчык усё ж такі пасадзіў яго на поле. Калі мы пад’ехалі да самалёта, то ўбачылі маладога лейтэнанта, на якім гарэў камбінезон. Я ледзь выцягнула яго з кабіны, пачала збіваць агонь. Разам з вадзіцелем цягнулі параненага да санітарнай машыны, дзе яму была аказана медыцынская дапамога.

Гарачук_1.jpg
Марыя Гарачук у ваенныя гады

Пасля Вялікай Айчыннай вайны Марыя Афанасьеўна працавала медсястрой у чыгуначнай бальніцы Гомеля, была ганаровым донарам СССР. На пенсіі займалася актыўнай грамадскай дзейнасцю. У 1983 годзе Марыя Гарачук адзначана медалём імя Флорэнс Найцінгейл. Наперадзе ў яе было 20 гадоў актыўнага служэння лю­дзям...

Мне пашчасціла ў свой час не раз сустракацца з абедзвюмя гэтымі гераінямі, фіксаваць іх успаміны. Помніцца іх годнасць, уменне радавацца і цаніць кожны момант жыцця.
У музеі СШ № 47 право­дзяцца важныя школьныя мерапрыемствы, сустрэчы з ветэранамі. І першаклас­нікі на першы свой у жыцці ўрок ідуць у музей. Экспазіцыі школьнай скарбонкі абнаўляюцца, працягваецца пошукавая работа.
Общество
Фото з архіва «Гомельскай праўды»
водители.jpg
Нефтеспецстрой.jpg
0 Обсуждение Комментировать