Вверх


Згадваючы камбата Крукава. Памяць пра перажытае народам выхоўваецца на малой радзіме

4183 0 08:50 / 20.05.2020
Тэст на тэму

Свята Перамогі ў маім разуменні заўсёды атаясамліваецца з земляком Паўлам Архіпавічам Крукавым – кавалерам ордэна Аляксандра Неўскага. На жаль, ветэран скончыў зямны шлях 30 красавіка 2012 года.

Возле блиндажа.jpg
Камбат Павел Крукаў. Фота з архіва «ГП»

Калі б не Павел Архіпавіч, наўрад ці мая маці, дзяўчынка-сірата, стала б педагогам, заснавальніцай дынастыі настаўнікаў-моваведаў. Я, дачка той сіраты Марыі Данілаўны Храпуцкай, заўсёды ведала, што ў нас ёсць радня – самы доб­ры, сумленны і бескарыслівы чалавек: Павел Архіпавіч. Ён па-бацькоўску ставіўся да работнікаў і калег, вучняў і іх бацькоў... Настаўнік, дырэктар, кіраўнік райана, ён ва ўсіх выклікаў павагу.

Адным з заданняў школьнага конкурсу «А ну, хлопцы» быў тэст на тэму Вялікай Айчыннай вайны. Цікава, што сярод герояў-франтавікоў падлеткі назвалі імёны Васіля Цёркіна, Андрэя Сакалова, Фядота Васкова, успомнілі Паўла Архіпавіча Крукава і палкоўніка Хвядоса (Феодосия) Кузьміча Жаўнова, чыё імя носіць вуліца ў нашай вёсцы. Персанажы літаратурных твораў і мастацкіх фільмаў апынуліся ў адным страі з рэальнымі людзьмі.

Спачатку гэты факт здзівіў нас, членаў журы, і нават выклікаў усмешкі. Асабіста мяне ўстрывожыў той факт, што ў моладзі сціраецца гістарычная памяць. Гэта і зразумела: ужо нямодна вешаць партрэты дзядуль і бабуль на сценах. Фотаздымкі памятных падзей захоўваюцца не ў сямейных фотаальбомах, а на камп’ютарах. 

Калі я ў 1980 годзе заканч­вала школу, гімнам нашага класа была песня з кінастужкі «Бела­рускі вакзал»: «А нам нужна одна победа, одна на всех, мы за ценой не постоим...». Мы і праўда добра ведалі цану Перамогі: франтавікі жылі побач, іх запрашалі на ўрачыстыя сходы і гутаркі, папулярнымі былі песні пра вайну, дзеці гулялі ў «вайну» і ў «Зарніцу», а вуліцы пусцелі, калі па тэлевізары ішоў ваенны фільм. 

Дадатковую інфармацыю пра Вялікую Айчынную вайну мы шукалі ў творах пісьменнікаў, у якіх захоўваўся былы боль: «Пайсці і не вярнуцца» Васіля Быкава, «А зори здесь тихие...» Барыса Васільева, песнях «Священная война» Васіля Лебе­дзева-Кумача, «На безымянной высоте» Міхаіла Матусоўскага...

Зараз у школьную праграму па літаратуры ўключаны аповесць «Іван» Уладзіміра Багамолава, раман «Судьба человека» Міхаіла Шолахава, паэма «Василий Тёркин» Аляксандра Твардоўскага, аповесць «Убиты под Москвой» Канстанціна Вераб’ёва, вершы ваенных гадоў. Ці дастаткова гэтага матэрыялу, каб памяталі?

Што за датай

Тэксты пераказаў i дыктантаў пра вайну кранаюць дзіцячыя сэрцы. Не можа пакінуць абыякавым апавяданне Барыса Палявога пра ўраджэнца Лагойскага раёна Мінскай вобласці старшага сяржанта Трыфана Лук’яновіча, які выратаваў нямецкую дзяўчынку падчас баёў у Берліне ў красавіку 1945 года і стаў манументам-сімвалам воіна-вызваліцеля.

Нашчадкі славы герояў на Добрушскай зямлі. Фота са школьнага архіва

Разважаючы пра тое, што сучасныя дзеці не так ужо і шмат ведаюць пра суровыя саракавыя гады, я вырашыла пры­свячаць пачатак кожнага ўрока рускай мовы Вялікай Айчыннай вайне, тым самым робячы адваротны адлік да святочнай даты – 75-годдзя Перамогі. Каб ганарыліся гісторыяй краіны, каб ведалі, памяталі, шанавалі памяць прадзедаў. Каб задумаліся, «якою цаной заваявана шчасце».

Падчас вывучэння раздзелаў мовазнаўства на ўроках мы бу­дзем казаць пра галоўны дзень краіны, пра тое, як да яго праз агонь бамбёжак, голад і холад, акупацыю і страты, не губляючы веры ў перамогу над фашыстамі, ішлі плячо ў плячо ваенныя і звычайныя людзі, партызаны і разведчыкі, дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны.

Слова перамога – назоўнік. Канкрэтны ці абстрактны? Адушаўлёны ці неадушаўлёны? Якімі б граматычнымі характарыстыкамі ён ні валодаў, для кожнага чалавека, які перажыў вайну, гэта адно з самых галоўных паняццяў, як і Радзіма-маці, як і хлеб.

А што хаваецца за лічэбнікам 1418? Менавіта столькі дзён і начэй ішоў савецкі народ да Перамогі. Што дало савецкаму народу сілы перажыць жахі вайны? Адвага, мужнасць, гераізм, высакароднасць, стойкасць, бясстрашнасць, сама­адданасць, гонар, годнасць – асноўныя рысы характару савецкага чалавека. Прыклад гераізму – аповед аб жанчыне, якая паўтарыла подзвіг Аляксандра Матро­сава, аб нашай зямлячцы-беларусцы, сямнаццацігадовай Рыме Шарш­нёвай, імя якой ўвекавечана ў назве вуліцы ў горадзе Добрушы.

Пры вызначэнні сэнса слова герой, трэба сказаць, што не толькі людзі носяць гэта ганаровае званне. 12 гарадоў заслужылі права звацца героямі: сярод якіх Мінск, Масква, Ленінград, Кіеў, Брэсцкая крэпасць-герой. Іх назвы не проста кропкі на карце, а напамін пра шматнацыянальны подзвіг братэрскіх народаў, якія з’ядналіся супраць агульнага ворага. У малых гарадах і вёсках, на безыменных вышынях і паўстанках пра вайну нагадваюць манументы і абеліскі, стэлы і помнікі...

Покліч сэрца

У вёсцы Жгунь, дзе знаходзіцца школа, у якой я выкладаю, таксама ёсць такі манумент. Даглядаючы яго, дзеці чытаюць высечаныя на памятных дошках прозвішчы тых, хто загінуў, абараняючы гэты кавалачак беларускай зямлі. Гэта не толькі рускія і беларусы, а ўкраінец Несцярэнка і ўзбек Рахматулыеў, туркмен Сулейманаў і татарын Курбанаў, казах Худайназыраў і азербайджанец Мажыта. Мусульмане і праваслаўныя, вернікі і атэісты загінулі ў баях за агульную Айчыну, за мірную будучыню нашчадкаў. У гэтым я бачу галоўны ўрок для сённяшніх дзяцей, прыклад таварыства і братэрства. І зразумелым становіцца значэнне фразеалагізмаў «стаяць плячом да пляча», «плячо ў плячо» – згуртавана, супраць агульнага ворага.

Наша малая плата за іх подзвіг – ганаровая варта 9 Мая каля помніка, шэсце ў шэрагу «Беларусь памятае», урокі міру, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны, Савецкай арміі, як працяг урокаў мужнасці і братэрства савецкіх салдат.

Школьная кніга-летапіс

Апісанне, разважанне, апавяданне... Які б тып гаворкі ні выкарыстаў, кажучы пра вайну і мір, немагчыма выказаць усяго, таму што ў кожнага чалавека, які прайшоў праз агонь і дым вайны, свая біяграфія, свой жыццёвы шлях, які часта абрываўся ў самым яго пачатку. Таму любая сямейная гісторыя пра тых, «хто ўжо не прыйдзе ніколі», каштоўная, як старонка ў кнізе, як слова ў песні, як урок мужнасці і стойкасці.

Зразумеўшы гэта, мае вучні пачалі па крупінках збі­раць звесткі пра сваіх прадзедаў. Калі ў прадстаўнікоў старэйшага пакалення ўспамінаў не засталося (вайна асіраціла многіх дзяцей), шукалі ў архівах, на сайтах «Подвиг народа», «Память народа», «Мемориал» і знаходзілі факты, а калі такіх не было, то бралі матэрыял пра аднафамільца і расказвалі пра яго як пра роднага, з гонарам за агульнае прозвішча.

Дырэктар школы Алена Бяссонава не толькі падтрымала нашу ідэю і прапанавала вучням аформіць запісы ў кнігу, але і сама ўключылася ў пошук матэрыялу аб ветэранах, а да яго афармлення падключыла намесніка па выхаваўчай рабоце Святлану Рамашка. 

Так у нас і стала стварацца кніга-летапіс «Перамозе – 75!». У яе ўвайшлі ўспаміны, старыя фотаздымкі, сачыненні вучняў пра вайну і лісты ветэранам, у якіх гучалі словы падзякі за жыццё на Зямлі. Эпіграфам мы абралі словы: «Памятаем! Ганарымся! Шануем!» І, хоць спроба пяра ў эпісталярным і вершаваным жанрах не заўсёды была граматычна правільнай, галоўнай застаецца шчырасць, з якой звярталіся нашчадкі да прадзедаў.

Чым далей у мінулае сыхо­дзяць ваенныя гады, тым больш выразна становіцца іх веліч, тым больш каштоўнай і значнай паўстае Перамога.
Общество
водители.jpg
Untitled-1.jpg
0 Обсуждение Комментировать