Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

ЗМ_Гомельская-правда_816х197.jpg

Сустрэчы, якія не забываюцца

1404 0 23:13 / 24.01.2008
Імя Міхаіла Аляксандравіча Шолахава непадзельнае з нашай эпохай, а ўплыў генія на літаратурную спадчыну народаў былога Савецкага Саюза цяжка пераацаніць. І зусім невыпадкова, што для лаўрэата Ленінскай прэміі, народнага пісьменніка Беларусі, нашага земляка Івана Мележа Шолахаў быў адным з любімых пісьменнікаў, а яго раман “Ціхі Дон” — узорным.


Згадваецца 1966 год. Тады я — студэнтка трэццяга курса філалагічнага факультэта БДУ імя У. І. Леніна — у складзе будаўнічага атрада працавала ва Уральскай вобласці. Відаць, студэнцкая дасведчанасць і дасціпнасць паспрыялі таму, што хутка ўсе мы ведалі: недзе зусім побач знаходзіцца на адпачынку М. Шолахаў. Упусціць магчымасць сустрэчы з Нобелеўскім лаўрэатам, кумірам многіх чытачоў было недаравальна. Звярнуліся за дапамогай у райкам, да партыйных кіраўнікоў, і атрымалі “дабро”, але з умовай: прывесці ў належны выгляд не толькі месца мяркуемай сустрэчы — клуб саўгаса “Усход”, але і цэнтральную вуліцу, хаты-мазанкі. Студэнцкага энтузіязму і маладога жадання хапіла на ўсё. і ў хуткім часе картэж машын, што суправаджалі Міхаіла Шолахава, спыніўся каля мясцовага клуба.
І вось пачалася доўгачаканая сустрэча. Міхаіл Аляксандравіч амаль дзве гадзіны распавядаў аб сваёй літаратурнай працы, планах, даваў ацэнку новым мастацкім творам, што з’явіліся ў друку, у тым ліку і аповесцям Васіля Быкава, дзяліўся уражаннямі аб нядаўняй паездцы ў Італію. Усё ў ім — голас, інтанацыя, выраз твару, жэстыкуляцыя — гарманіравала са зместам аповеду. І гэта захапляла слухачоў, якія следам за аўтарам ішлі па сцежках герояў яго твораў.
Пасля выступлення пачаліся адказы на пытанні. Стол прэзідыума быў проста завалены запіскамі прысутных. Адчувалася, з якой увагай і клопатам Міхаіл Аляксандравіч адказваў на кожную рэпліку, кожнае пытанне зацікаўленых слухачоў. Гэтая частка сустрэчы мела сваё значэнне, бо гэта была і ацэнка творчай дзейнасці, ведання літаратурнага працэсу намі, студэнтамі-філолагамі, журналістамі. А нас цікавіла многае: пачынаючы з таго, як ён ацэньвае беларускую літаратуру, калі наведае Беларусь, над чым зараз працуе, і заканчваючы тым, ці спадабаліся яму італьянскія спагеці. Хораша і шчыра завяршылася творчая сустрэча: мы падрыхтавалі канцэрт.
Вярнуўшыся ў Мінск, я наведала
І. П. Мележа на дачы ў Ждановічах. Спаткаў ён мяне ветліва, з усмешкай на твары, а галоўнае — са словамі: “Чуў, чуў, што ты ў сваім “будаўнічым” сустракалася з Шолахавым. Радыё “трубіла”, але з задавальненнем паслухаю з першых вуснаў. Расказвай аб усім, што запомнілася. І падрабязней”. І трэба было бачыць тую зацікаўленасць, з якой Іван Паўлавіч слухаў маё паведамленне. Сказаў тады: “Так, Шолахаў — гэта глыба. І люблю я яго творчасць за багацце думак, сюжэтнасць, зразумеласць мовы для ўсіх, ад малых да дарослых. Яго творы ў маёй душы, а яго героі — гэта часцінка і маіх, асабліва Васіля і Ганны”.
Вось такія яны былі, дзве выключныя сустрэчы ў маім жыцці, калі нават амаль праз сорак гадоў з тых далёкіх дзён памяць захоўвае іх як сапраўднае свята — свята душы і свята творчасці.
Вера Генаш,
старшы выкладчык кафедры
беларускай літаратуры ГДУ
імя Ф.Скарыны
Общество
Горин_сайт2 — копия.jpg

изображение_2024-10-01_152202589.png
Мозырь.jpg

гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Горин_сайт2 — копия.jpg