Вверх


Енцы. Вандроўка шэсцьдзясят сёмая

3296 0 14:30 / 08.08.2020
У гэтую вёсачку на Кармяншчыне мяне скіраваў тэлефонны званок гамяльчаніна Мікалая Караткевіча. Я ж і сама збіралася заехаць сюды, ведаючы з ранейшых нашых публікацый пра двух знакамітых ураджэнцаў гэтай вёскі, удзельнікаў вайны Несцяровічаў: акадэміка, вучонага-біёлага Мікалая Дзмітрыевіча, які распісаўся на павержаным рэйхстагу, і Паўла Уладзіміравіча, што фарсіраваў Днепр каля Лоева, стаў Героем Савецкага Саюза, дайшоў да Берліна, з 1947-га служыў у міліцыі.


А дарога ўецца, уецца 
Сярод аксамітных траў... 
Вёсачка пад назвай Енцы. 
Мо, калі тут Лель іграў?

Енцы... Адкуль пайшла назва вёскі? – задавала сабе пытанне і адказ міжволі знаходзіла ў беларускім дзеяслове «енчыць». Добра, што па шляху ў вёску завітала ў Ворнаўскую сярэднюю школу да вядомага настаўніка гісторыі, настаўніка-метадыста Валерыя Валер’евіча Варганава. Ён расказаў: «Ёсць засведчаны гістарычны факт. У 1708 годзе войска Пятра Першага разграміла корпус шведскага генерала Левенгаупта пад Лясной у Слаўгарадскім раёне Магілёўшчыны. Ідучы па старым шляху праз Высокую, Ворнаўку, некаторыя з параненых шведаў засталіся тут у сялянскіх хатах. Енчылі ад болю, а тое месца, дзе яны кватаравалі, атрымала назву Енцы». 

Колісь гэтымі дарогамі ішоў у царкоўна-прыходскую школу ў Ворнаўку сялянскі сын, будучы акадэмік Мікалай Несцяровіч. У музеі мясцовай сярэдняй школы (ён з 20-гадовай гісторыяй) дзейнічае мемарыяльны пакой, дзе ўшанавана памяць пра славутага земляка, змешчаны яго кнігі, фотаздымкі, асабістыя рэчы. Мяне зацікавіла вучнёўская конкурсная работа 2013 года, змешчаная ў экспазіцыі. Яе аўтарка, тагачасная дзевяцікласніца Марыя Сувалава, уразіла не толькі веданнем біяграфіі біёлага Несцяровіча, а шчырым сваім юнацкім роздумам: «14 год я жыву на гэтым свеце ў роднай Ворнаўцы. Здавалася б, нічога асаблівага. Ды паступова мяне зацікавілі пытанні: «Хто мы – беларусы 21-га стагоддзя?», «Якія нашы карані?», «Чым можам ганарыцца?» ... Сучаснасць, праблемы развіцця грамадства і пошук тых каштоўнасцяў, на якія мы можам абаперціся ў гэтым складаным свеце, прымушаюць задумацца пра тое, з каго браць прыклад нам, маладым людзям?» 

Работа Марыі пра Мікалая Несцяровіча з Енцаў і ёсць адказ на гэта пытанне. І сёння вучоныя і практыкі абапіраюцца на навуковыя работы (іх звыш 200!) і манаграфіі Мікалая Дзмітрыевіча, а на тэрыторыі школы ў гэтыя спякотныя летнія дні можна адпачыць пад кронамі дрэў, пасаджаных з удзелам былога выпускніка, заслужанага дзеяча навукі БССР. 


Школа ў сялянскім доме, дзе вучыўся будучы акадэмік


Мікалай Несцяровіч на працы ў Хойніцкім лясніцтве. 1927 год


Мікалай Несцяровіч з жонкай Станіславай. 1931 год


Мікалай Несцяровіч (злева) з баявымі таварышамі Біруковым, Чыстуніным, Кастэнка. 26 чэрвеня 1943 года




Дрэвы, пасаджаныя акадэмікам Мікалаем Несцяровічам, у двары Ворнаўскай сярэдняй школы


Асабістыя рэчы акадэміка Несцяровіча ў школьным музеі



З гісторыі вёскі

У XVII стагоддзі яна была ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, потым у Чачэрскім старастве. У 1772 годзе – у складзе Расійскай імперыі. У 1816-м Енцы ў Расохскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерніі. У фальварку ў 1875 годзе быў вадзяны млын. З 1883 года працаваў хлебазапасны магазін. У 1897 годзе ў вёсцы было 532 жыхары. У 1911 годзе у сялянскім доме адкрылася школа. У 1930-м утвораны калгас «Іскра». У 1959-м гаспадарка ўжо ў складзе калгаса імя Георгія Дзімітрава.




Памяць пра Паўла Уладзіміравіча Несцяровіча ўвекавечана на Алеі Герояў у Карме 

У школьным музеі ёсць і падборка матэрыялаў пра Героя Савецкага Саюза Паўла Несцяровіча. Сваю вёсачку сялянскі сын пакінуў у 30-я гады мінулага века: працаваў на прыіску Ясны Зейскага раёна Амурскай вобласці (у 1937–1948 гадах ён уваходзіў у склад Чыцінскай). Адтуль у ліпені 1941 года Паўла прызвалі ў армію. Можна ўявіць, якія эмоцыі перажыў у кастрычніку 1943 года сапёр асобнага сапёрнага батальёна 193-й стралковай дывізіі 65-й арміі Цэнтральнага фронта, калі выйшаў на бераг Дняпра, убачыў родную Гомельшчыну. Разам з радавымі Сласціным, Чыкіровым, Ільгачовым наш зямляк на лодцы непрыкметна перавез дзве катушкі каната, слупкі, неабходны інструмент, замацаваў канат. А на зваротным шляху акупанты заўважылі смельчакоў, адкрылі па іх агонь. І калі канат быў перабіты, аслаб, юнакі адзін за другім ныралі ў ледзяную ваду, змацоўвалі, перавязвалі канцы. Цэлыя суткі трымаўся ў водным баі Павел Несцяровіч, без страт даставіў пад агнём праціўніка дзевяць супрацьтанкавых гармат і шэсць мінамётных батарэй з боепрыпасамі... 

Ужо ў рангу Героя Савецкага Саюза Несцяровіч вызваляў Рэчыцу, Калінкавічы, Бабруйск, Асіповічы, Баранавічы, наводзіў пераправы на рэках Польшчы, а перамогу сустрэў ва Усходняй Прусіі. З 1947 года старшына Несцяровіч служыў у міліцыі, актыўна ўдзельнічаў у патрыятычным выхаванні моладзі. 

Памяць пра Героя Савецкага Саюза Паўла Несцяровіча, выдатніка міліцыі, увекавечана на Алеі Герояў у Карме, у музеях Гомеля, Лоева, музейным пакоі УУС аблвыканкама.

Ой, рэчанька, рэчанька... 

Старшыня Ворнаўскага сельсавета Яўген Дзергачоў падкінуў на сваім транспарце ў Енцы. «Вёска маленечкая. Зараз разам з дачнікамі жывуць усяго 14 чалавек», – зазначыў малады кіраўнік.

Неглыбокая, парослая ўжо зялёнымі кропкамі рабаціння, рэчачка Горна, струменіць жыццё. Падалося, што і хаты карэнных жыхароў прыціснуліся як мага бліжэй да вады. Дошкамі ўмацаваныя земляныя ступенькі-сходні, драўляныя парэнчы, нібы выгаблеваныя людскімі рукамі за мінулыя гады. Сэрца сціснула такім родным, са свайго дзяцінства, што я стала фатаграфаваць рэчку бы жывую істоту. У адкрытай прасторы яе вады і сёння адбіваюцца неба, аблокі, стагоддзі. 

– І вам спадабалася наша Горна? – жаночы голас вывеў з роздуму. – Вось і мы з братам маем кватэры ў горадзе, а тут, каля гэтай крыніцы свайго жыцця, пачуваем сябе здаравей!

Так я пазнаёмілася са старэйшай жыхаркай вёскі Ірынай Захаранка (у дзявоцтве Алябовіч). Ірына Іосіфаўна няспешна вяла аповед пра перажытае, каўтаючы слёзы. Цякла Рака часу. 

Маналог Ірыны


Ірына і Васіль: “Мы цяпер жывем у Енцах”

– У канцы 50-х мінулага стагоддзя ў нашай вёсцы яшчэ было 300 жыхароў! А я ж яе памятаю з дзяцінства: нарадзілася ў 1938-м. Складаліся Енцы з дзвюх частак. Тут, дзе мы з вамі, насіла назву Мужыкі, а другая частка, адкуль абодва Несцяровічы, – Шляхта. У тым канцы быў фальварак. З дзяцінства памятаецца, што там перад Вялікай Айчыннай вайною жыла старая немка з дачкою. І на іх нашы сяляне батрачылі, старая здзеквалася вельмі з людзей. Усе пад яе пятою былі. Я чула ад дарослых, што ў вайну яна выдала немцам спісы тых, хто спрыяў савецкай уладзе. Таму, гаварылі, партызаны спалілі яе...

У свой час бацьку майго накіравалі ў Енцы ў школу аж з Дзяржынскага раёна Міншчыны. У суседняй Іванаўцы на вечарынах у вясковай хаце пабачыў ён Настассю Кражэўскую. Закахаўся.  Чалавек вельмі душэўны. А яго бацькі-католікі вельмі ўпарціліся жаніцьбе сына так далёка ад дому. Але ж ён не мяняў свайго рашэння. Кахаў! Мы з Сашкам у іх нарадзіліся... Ой, партрэт таты з мамай як разглядаю, плачу заўжды! Згадваецца, як яна нас з Шуркам маленькім прыкрывала сабой пры налёце варожага самалёта, а брацік, на два гады меншы за мяне, смяецца. І я вырываюся. Ці ж мы разумелі, што за бяда прыйшла? Яна тады ўхапіла нас сілком за шкіркі, і пад сябе... Горачка перажылі, не дай бог вайны ніякай! Мы былі выгнаны акупантамі ў Расохі. Мама па падказцы бабулі Сцепаніды («а можа, і нашага так уратуюць дзе?») узяла палоннага чырвонаармейца Паўла. Вядома ж, хавалі яго. Чалавек рукасты аказаўся: абутак шыў, рамантаваў. Трое дзетак меў дзесь у Расіі. Але ж маці трымала дыстанцыю з ім, чакала любімага мужа. Ды мясцовы якісь служка выдаў. Паўла забіралі карнікі, я гэта не забуду. Сабака агромністы так брахаў! Мама мяне на печ паспела ўсадзіць, і я бачыла! Павезлі палонніка ў Карму ў турму. Маці дабілася потым да яго з прадуктовай перадачай. Схапілі яе, білі галавою аб сцены, ледзь вытрывала. Была сведкай на судзе пасля вайны пра зверствы нелюдзяў. Расказвала, як вушы Паўлу адразалі, як расстрэльвалі палонных за Кармою. Была 
ўдзячная ўвесь век мясцовай жанчыне Алене Паплаўскай. Яна стукнула немца цаглінаю, разбіла акуляры: так уратавала маму ад гвалтаўніка (муж гэтай жанчыны, дзядзька Іван, настаўнік, быў мой хросны бацька). Сябруем і зараз з іх сынам Мішам, ён у Рагачове жыве... Мама ўсё-ткі выходзіла замуж. Я наважыла. Ад шлюбу з другім мужам, Фёдарам – мой брат Васіль. Пасля смерці жонкі ён з дачкою таксама ў Енцах. Дапамагаем адзін другому».


Мікалай Дзмітрыевіч Несцяровіч з жонкай і дзецьмі. 1931 год 

На развітанне Ірына Іосіфаўна вынесла фота дзяцей і ўнукаў, расставіла іх на шырокай лаве. У гэтым мне бачылася жаданне жанчыны, каб вёска Енцы заставалася і ў наступныя гады ЖЫВОЮ.

Енцы. Дом дачнікаў Кражэўскіх. Гэта адно з найбольш распаўсюджанных у вёсцы прозвішчаў 

Колькі ног людскіх ступалі па гэтых сходнях да рэчкі Горна…


Хораша рачной вадзіцай у весцы роднае абмыцца!


Анастасія і Іосіф Алябовічы


Настаўнік-метадыст Ворнаўскай сярэдняй школы Валерый Валер’евіч Варганаў падрыхтаваў ужо тры новыя кнігі па гісторыі роднай Кармяншчыны. Па зацверджанай вучэбнай праграме ў школах раёна з 3-га па 9 клас раз у тыдзень выкладаюць гісторыю малой радзімы


Общество
Фото аўтара і з музея Ворнаўскай сярэдняй школы
водители.jpg
Нефтеспецстрой.jpg
0 Обсуждение Комментировать