Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка

1604 0 17:10 / 12.11.2020
Ураджэнец вёскі Борхаў Рагачоўскага раёна, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны сваім жыццём і творчасцю спрыяў бацькоўскай зямлі.

Андрэй Ягоравіч Макаёнак(5).jpg

Назва п’есы «Каб людзі не журыліся» як мага лепш падыходзіць да абазначэння ўсяго, створанага драматургам. Ён пісаў з гумарам, але і абвострана сатырычна, каб словам дзейсна паўплываць на заганы грамадства ў самыя розныя гады. З пазіцый сённяшняга чытача адчуваеш, як балела яго душа за вёску, за калгаснае будаўніцтва, наколькі чужымі натуры творцы былі бюракратызм, абыякавасць. 


У цяперашнім XXI веку міжволі задаешся пытаннем: а пра што б пісаў сёння Андрэй Макаёнак, калі б быў нашым сучаснікам? О, тэм і сюжэтаў багата. Найперш хлёстка б прайшоўся па тэлеграм-каналах, што аднекуль вялі сваю чорную справу супраць нашай Беларусі. Пісьменніку шмат давялося сутыкацца з такімі «змагарамі» і на Вялікай Айчыннай, і пазней адчуваць, як б’юць у спіну. Няхай і застаюцца безыменнымі! 

Наш зямляк даказаў, што ён майстра палітычнага памфлета: яшчэ нядаўна «Зацюканы апостал» ішоў у Мінску на сцэне драматычнага тэатра імя М. Горкага. Пра сённяшніх купалаўцаў сваіх, канешне, напісаў бы Макаёнак, мадон-актрыс старэйшага пакалення, што не здрадзілі тэатру, вывеў бы на сцэну. 

Уяўляюцца макаёнкаўскія сельскія сюжэты XXI стагоддзя: дзядуля ў аддаленай вёсцы караскаецца на дрэва, каб датэлефанавацца сыну. Бабуля, якая прыехала ў прыёмны пакой раённай бальніцы з ціскам, упершыню пачула пра каронавірус і са словамі «каб яго трасца!» борз­дзенька рушыла пехатой у сваю Слабодку. Запанеўшая за палыселым мужам-дырэктарам фірмы гараджанка-кабета не ведае, што на сябе начапіць, каб быць адмысловай, і мкне ў сталіцу... качаць вусны. 

0869dbdb869d23a177b82bfa826a719e.jpg
Іван Шамякін і Андрэй Макаёнак. Іх зямляцкае і творчае сяброўства не пацьмянела з гадамі

О, наш з’ехаўшы з глузду век, век новых тэхналогій! Перачытаем у дзень 100-годдзя з дня нараджэння земляка, слыннага нашага Андрэя Ягоравіча Макаёнка, хоць урыўкі з яго п’ес, зазірнём у сябе саміх.

Выбачайце, калі ласка (1953)

Моцкін. Некаторыя, не ведаю, разумныя ці неразумныя людзі робяць... Яны хітра робяць. Канешне, яны не крадуць і сабе ў кішэню не кладуць. Усё для роднай дзяржавы стараюцца. Скажыце, а хто не хоча быць перадавіком?

Калібераў. Ды гавары ты адкрыта, Моцкін. Што ты фінціш?

Моцкін. Я не фінчу... Я хачу сказаць, што хітрыя людзі перад начальствам заўсёды ў добрым святле.

Калібераў. Фу ты, чорт вазьмі!.. Ну і чалавек ты! Соль, соль давай.

Моцкін. Скажыце чэсна – а вы мне не насоліце гэтай соллю?

Калібераў. А ты баішся?

Моцкін (асмеліўся). Сцяпан Васільевіч... У некаторых раёнах нарыхтоўку збожжа праводзяць спіртзаводы, леспрамгасы. Яны прымаюць ад калгасаў хлеб і выдаюць квітанцыі.

Калібераў. Так, так.

Моцкін. У нашым раёне ёсць спіртзавод.

Калібераў. Ну, ну.

Моцкін. Калі там працуе свой чалавек, дык з ім лёгка дамовіцца.

Калібераў. Так, так.

Моцкін. Каб ён выдаў калгасам квітанцыі, а з калгасаў узяў пакуль што не хлеб, а гарантыйныя распіскі.

Калібераў (дагадаўся) Так, так, так, так...

Моцкін. Хлеб яшчэ на полі, а мы ўжо з дзяржавай разлічыліся. І зводку ў вобласць паслалі законную – на падставе квітанцый.

Калібераў. А потым?

Моцкін. А потым? Будзем націскаць і здаваць хлеб, каб вярнуць гарантыйныя распіскі. Праўда, цяпер развялося столькі рэвізораў, кантралёраў і правяральшчыкаў, што хоць ты плач. І асабліва тых, як іх, што пішуць у газеты, у «Кракадзіл», у «Вожык».

Калібераў (схамянуўшыся). А ты брат, камбінатар! Спе-ец!

Каб людзі не журыліся (1957)

Гудзееў. Мы не атрымалі вашых зводак аб пасяўной. Вось тут з усяго раёна. А дзе ж твая? Няма. Здаецца, маленечкая паперачка, лічбачкі, і ўсё. А праз яе можна бачыць не толькі становішча з пасяўной у вашым калгасе, але і палітычны ўзровень старшыні. Так сказаць, ідэалагічнае чуццё яго.

Кавальчук. Што?

Гудзееў. Па плану вам трэба было пасеяць сто гектараў кукурузы. А што такое кукуруза? Кукуруза цяпер стала не толькі эканамічнай, але і палітычнай культурай. А мы не ведаем, колькі вы пасеялі, дзе вы пасеялі, калі вы пасеялі?

Кавальчук. Пасеялі. І па якіх землях пасеялі. На прысядзібных. Калгаснікі цяпер самі не менш за вас разумеюць, што такое кукуруза.

Гудзееў. Не веру!

Кавальчук. Што вам трэба?

Гудзееў. Каб вы пацвердзілі гэта дакументамі, зводкай.

Кавальчук. Не разумею, чаго вы, асабіста вы, хочаце ад калгаса?

Гудзееў. Хачу, каб у гэтай зводцы стаялі адпаведныя плану лічбы. І не толькі я хачу, а дзяржава ў цэлым.

Кавальчук. Дык пастаўце ў гэтай зводцы такія лічбы, якія вам патрэбны. Я думаў, што вы прыехалі дапамагчы мне скласці перспектыўны план ці параіць, падказаць, як, дзе, за што ўзяць грошы, каб выкупіць хімікаты для ўгнаення. А вы... Пустое ўсё гэта.

Гудзееў. Што пустое? Зводкі пустое? Не, брат, памыляешся! Зводкі – гэта наш манометр. Манометр! Паказчык ціску. Больш ціску – вышэй паказчыкі. Менш ціску – стрэлка падае ўніз. Гэта, брат, адзін з неабходных прыбораў адміністрацыйнай механікі. Такімі прыборамі вымяраюць пульс раённага жыцця.

Лявоніха на арбіце (1961)

Лушка. Хопіць на жонцы ездзіць! Карову падой, агарод прапалі, абед звары, парася пакармі, посуд прыбяры, бялізну памый, спаць вас пакладзі, ды каб не мулка было. І ў калгасе, і на рабоце не адставай – давай мінімум. Ды яшчэ і сваёй карове посцілку травы з поля цягні, язык высалапіўшы! Не! Баста! Хопіць! Я максімум дам! А дома ты за мяне ўсё дагледзь. І спадніцу мне памый, і абед згатуй, і хлеб спячы, і агарод прапалі! А як ты думаў. Вось як пакаштуеш такога жыцця, як пабудзеш у маёй скуры, то і ты папросіш камунізма. А то за жончынай спадніцай табе цёпла, утульна. Ты прыспасобіўся!

Лявон. Значыцца, я табе буду спадніцу мыць? Абед гатаваць? А ты што будзеш рабіць?

Лушка. А тое, што ты рабіў дваццаць год... Пасля работы рыбу вудзіць, папяроскай дыміць, у кіно хадзіць, кніжкі чытаць. Мяне ў дэпутаты вылучылі! Кіраваць буду такімі як ты! Ленін як вучыў? Кожная кухарка павінна ўмець дзяржаваю кіраваць. Дзяржаваю! Ну, я пакуль што не дзяржавай, а ў раёне. А там падвучуся, глядзіш, і...

Лявон (з жахам). Людзі доб­рыя! Што дзеецца на свеце? Навіна якая? Чулі? Мая Лушка выходзіць на арбіту! У космас ляціць! Трымайце яе!

Зацюканы апостал (1969)

Сын. Ну, многа ты на гэтай справе зарабіў? На свабодзе і незалежнасці? Прызнайся, дзядуля.

Дзед. Многа ці не многа, а... мне хопіць. А калі памру – і табе яшчэ добры кавалак завяшчаю.

Сын. Ты, дзед, не транжыр маіх грошай, каб болей асталося. Мне спатрэбяцца яны на прадвыбарную барацьбу.

Дзед. Ого-го! Які ты дзялок!

Сын. Калі хочаш, каб твой унук праславіўся сам і цябе праславіў...

Дзед. Якім гэта спосабам?

Сын. Стану вялікім палітыкам.

Дзед. У маленькай краіне вялікім палітыкам?

Сын. Цяпер маленькія краіны могуць такое натварыць, што і вялікія не рассёрбаюць. Доказаў шукаць не трэба.

Трыбунал (1970)

Валодзька. Здраднік! І паду­маць толькі – хто?! Мой бацька!..Як жа мне цяпер таварышам у вочы глядзець? Як жа мне цяпер на вуліцу выйсці? Другіх жа хоць пад прымусам, сілаю ставілі старастам, а ты... Добраахвотна, сам папрасіўся, пры людзях! Я ледзь не згарэў ад сораму.

Цярэшка. А і не згарэў. Цэлы астаўся.

Валодзька (аж застагнаў). І гэта ў той час, калі лепшыя лю­дзі, яго ж сыны, жыцця не шкадуюць, кроў сваю праліваюць, да апошняга дыхання... схапіліся з ворагам... А ты ў гэтую цяжкую хвіліну памагаеш не сынам, а ворагу! Якая ж кара павінна пасці на тваю галаву?!

Цярэшка. Бацюхны! Камісар! Ну чысты камісар! Такіх я толькі ў кіно бачыў. Чапай! Жывы Чапай! А я і не ведаў, што жыву побач з такім героем! А?!

Валодзька. А-а, дык ты яшчэ насміхаешся? На, на, стараста, чытай! (Вымае з кішэні лістоўку і суе бацьку пад нос.) На, чытай! (Чытае сам па памяці.) «Радзіма наша, акрываўленая Бацькаў­шчына наша заве цябе на подз­вігі! Бі ворага! Бі немца! Ратуй Бацькаўшчыну! Памагай братам сваім знішчаць прышэльцаў! Ра­дзіма кліча сваіх верных сыноў. Адгукніся стрэлам па ворагу!» Чуў? Я сёння іх сорак штук перапісаў. Ноч сядзеў. Во. Бачыш? На! «Смерць нямецкім захопнікам!» А цяпер дапішу: «І іхнім халуям!»

Таблетку пад язык (1972)

Юрка. Вы не крыўдуйце на мяне, Уладзімір Андрэевіч. Але прыйшоў мой час шукаць сябе, шукаць сваё месца. Вот вы знайшлі сваё прызванне, і я вам зайздрошчу. Я ж не мяккае месца шукаю, а сваё. Каб ад мяне максімум карысці было. Гэта ж ваша правіла. Не трэба на мяне крыўдаваць.

Каравай. Шукай. Толькі... Дзе б ты ні быў, куды б ты ні паехаў, у якое крэсла ні сеў бы, не забывай нас, помні наша сяло, дзеда свайго, яго вялікую светлую мару. Не адрывайся. А пра мяне ты верна падмеціў – прызванне сваё я знайшоў тут. Усе радасці мае і нягоды, усе пачаткі і канцы мае тут. Ты не глядзі на таблетку, я яшчэ доўга буду жыць. У чым асаблівасці нашай сялянскай душы? У чым сакрэт нашай цярплівасці, жывучасці, неўміручасці? У тым, што мужык, селянін вечна чакае і надзеецца. Пасее азімае і чакае – а ці ўзыдзе, а ці выпадзе снег, ці пакрые пасевы ад марозу? Вясной – ледзь снег з поля – ён сам у поле. Ці не вымерзла, ці не вымакла. Пасее яравое – і зноў жа – а як узышло. А потым чакае з надзеяй – а як закаласуе, а як закрасуе, а як наліваецца. Радзілася цялушачка, і зноў жа з надзеяй чакае, калі яна стане кароўкай. Пасадзіць дубчык і чакае – калі ж вырасце яблынька ці груша. Чакае дожджыка, чакае сонейка. Чакае вясны, чакае жніва. Сёння зробіць, а вынікі не тут жа на далоні, а трэба чакаць. Вось і няма калі паміраць мужыку – не ўсё даведзена да канца. А канца таго і быць не можа. Вось чаму даўгавечны мужык. Чаканне і надзея – яго цалебныя лекі, самыя лепшыя таблеткі. А прыйдзе час перабрацца туды, пад горку, пад бярозу, дык і там буду чакаць, адтуль буду любавацца – а як узышло, а як каласуе, красуе, наліваецца жыццё наша... ваша! Вось якое яно, хлопча, прызванне наша. І ўсе гэтыя чаканні і надзеі не толькі для сябе, а каб людзям, ча-лавеку гасцінец паднесці – хлеб! 



Залацінкі Андрэя Макаёнка з вуснаў яго герояў: 

За пазухай у яго камень, а не ў пячонках.

На чужым гарбу ў рай.

Загнаў у нерат – ані ўзад, ані ўперад.

Перакідваюць і перакідваюць як тую печаную гарачую бульбу – з рукі ў руку.

Калі ў хаце няма ката, дык мышы па стале гойсаюць.

Трэба адкусіць такі кавалак, каб і праглынуць можна.

Дзяржава – не дабрачыннае таварыства.

Грошы – дробязь. Улада даражэй за ўсякія грошы.

Заракаўся збан па ваду хадзіць.



І сапраўды, не ў брыво, а ў вока!

Іван Шамякін, лепшы сябра, згадваў пра сувязь Макаёнка з рагачоўцамі:

«Для іх Макаёнак – гэта не проста частка нашай літаратуры, а частка іх асабістага жыцця, частка біяграфій. У самым канкрэтным сэнсе слова. Калі да нас Макаёнак прыходзіць са слоў настаўнікаў, з кніжак, з галасоў артыстаў і дыктараў, то для іх – са сваёй зямлі. І некаторыя рысы герояў Макаёнка, асабліва «ціхага рахманага Цярэшкі», яны знаходзяць у сваіх земляках. Цярэшка для іх – гэта свой чалавек».
Фото з інтэрнэту
Общество
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg


морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg