Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Хаты з краю. Подзвіг простых беларускіх сялянак не забыты

2521 0 16:49 / 13.05.2021
Падчас Вялікай Айчыннай вайны многія жыхары вёскі Грушнае Брагінскага раёна са зброяй у руках змагаліся з ворагам на фронце, у падполлі, у партызанскіх атрадах імя Катоўскага і імя Варашылава, брыгадзе «За Радзіму», Чарнігаўскім партызанскім злучэнні. 82 з іх аддалі жыццё за свабоду Радзімы, некалькі дзясяткаў былі вывезены ў нямецкае рабства, а астатнія сяляне цалкам пазналі фашысцкія здзекі. Здраднікам ніхто не стаў...

Першая хата з краю

У лістападзе 1943 года, за ты­дзень да вызвалення ад нямецкіх захопнікаў, па вуліцах Грушнага фашысты вадзілі звязаную вяроўкай за рукі маладую жанчыну з дошкай на грудзях з надпісам: «Яна пякла хлеб партызанам і хавала рускага салдата».

Жанчына гэтая – Параска Радзівонаўна Шрамянок, 1912 года нараджэння. Дома засталіся без нагляду двух- і адзінаццацігадовыя дочкі Надзея і Ганна.

Пасля таго, як немцы паказалі «злачынцу» вяскоўцам, якіх пад прымусам выгналі на вуліцу, яе прывялі да першай з краю хаты і на вачах дзяцей павесілі. Потым, непрытомную, знялі і кінулі ў выкапаную ў двары яму для бульбы і засыпалі дровамі.

Але здарыўся цуд: Параска выжыла і на наступны дзень змагла самастойна выбрацца з-пад бярвення.

Шрамянок П.Р..jpg
Параска Радзівонаўна Шрамянок

З матэрыялаў занальнага дзяржаўнага архіва ў Мазыры:

«У кастрычніку 1943 года адзін баец Чырвонай Арміі (прозвішча яго не ўстаноўлена), знаходзячыся ў разведцы, быў паранены немцамі. Фронт войскаў Чырвонай Арміі знаходзіўся ад Грушнага ў 8 кіламетрах. Пасля ранення баец атрымаў дапамогу ад грамадзянкі Шрамянок Параскевы Радзівонаўны, якая аказала першую медыцынскую дапамогу, і праз праз некалькі дзён, пераапрануўшыся ў цывільнае адзенне, ён спрабаваў пайсці да сваіх. Аднак быў западозраны нямецкімі катамі і забіты ў некалькіх метрах ад вёскі. Акрамя гэтага немцам удалося даведацца, што гэты невядомы для іх грамадзянін хаваўся ў грамадзянкі Шрамянок Параскевы Радзівонаўны. Немцы ўчынілі здзек над ёй, мучылі яе. Арыштаваўшы Шрамянок П. Р., сталі здзеквацца над ёй. У двары дома павесілі яе і трымалі некалькі хвілін на шыбеніцы. Калі гр-ка Шрамянок была без прытомнасці, немцы яе знялі з шыбеніцы і кінулі ў яму, якая знаходзілася ў двары. 

Усё гэта адбывалася на вачах двух дзяцей Шрамянок П. Р. Калі немцы сышлі з яе двара, Шрамянок П. Р. праляжала некаторы час, стала прыходзіць у прытомнасць. Агледзеўшы, што немцаў няма ў яе двары, упаўзла ў сваю хату. Праз некалькі дзён наша Чырвоная Армія вызваліла Грушнае…»

27 снежня 1996 года Параскі Радзівонаўны не стала. Муж Міхаіл Кузьміч, 1910 года нараджэння, у 1943 годзе загінуў на фронце.

У Грушным зараз жывуць яе родныя пляменнік Мікалай Ціханавіч і ўнук Міхаіл Мікалаевіч Анапрэенкі.

Вяселле сына.jpg
Злева направа: бацька жаніха Ойсу Джапарыдзе, маці нявесты, нявеста Надзея, жаніх Валянцін Ойсавіч Анапрэенка і маці жаніха Матрона Дзямідаўна Анапрэенка

Мікалай Ціханавіч успамінае:

– У маёй цёці Параскі былі тры браты і дзве сястры: Леўка, Сцяпан, Іван, Марыя, Варвара. Мая маці Варвара Міхайлаўна расказвала аб тым, як здзекваліся фашысты над маёй цёцяй за тое, што яна пякла хлеб партызанам і выратавала раненага савецкага разведчыка. Каб зганьбіць перад людзьмі, ва­дзілі яе па вёсцы, білі бізунамі, потым у прысутнасці дзяцей павесілі на шыбеніцы. Знялі, кінулі ў яму для бульбы і закідалі дровамі. Але на наступны дзень Параска апрытомела, самастойна вылезла і прыйшла да дзяцей. У жыцці цёця была адметнай гаспадыняй. Памятаю, якія смачныя наліснікі яна пякла, на зайздрасць іншым гаспадыням. Ніякіх узнагарод ад дзяржавы яна не атрымала. 

– Бабуля была добрая. Лю­дзі яе любілі. Кожны раз, калі я прыходзіў да яе, частавала мяне чым-небудзь смачным, – гаворыць Міхаіл Мікалаевіч.

А вось што нагадала старэйшая жыхарка вёскі Грушнае 89-гадовая Марыя Самойлаўна Лявоненка:

– Я памятаю, як перад самым вызваленнем ад фашысцкіх захопнікаў немцы здзекваліся над людзьмі. У прыватнасці, такі эпізод. Я стаяла ў сваім двары і бачыла, як немцы вялі па вуліцы звязаную вяроўкай Параску Радзівонаўну Шрамянок. На шыі ў яе вісела дошка з нейкім надпісам. Мне было вельмі страшна. Пазней я даведалася, што Параска Радзівонаўна пякла партызанам хлеб, а таксама выратавала раненага савецкага разведчыка – за гэта немцы спрабавалі яе павесіць у прысутнасці дзяцей і думалі, што яна ўжо мёртвая, і пайшлі. Але ёй цудам удалося выжыць.

На жаль, дагэтуль звестак пра доблеснага воіна-разведчыка 111-га стралковага палка 55-й стралковай дывізіі 29-га стралковага корпуса 61-й арміі Беларускага фронта няма.

Другая хата з краю

14 студзеня 1978 года на сцэне буйнейшага ў Тбілісі Грузінскага тэатра оперы і балета імя Паліашвілі народная артыстка СССР Людміла Зыкіна спявала песню пра тое, як маладая беларуская жанчына ўратавала савецкага дыверсанта-грузіна ад расправы фашыстаў: 

Тяжeлa eгo пpoщaльнaя дopoгa,
Кoнвoиpы aж зaxoдятcя 
oт злocти.
Смoтpит жeнщинa pacтepяннo
c пopoгa:
Нeзнaкoмцa к нeй вeдyт 
лиxиe гocти.
«Узнaeшь ли ты, 
ктo этoт чepнoглaзый?»
Чтo oтвeтить, 
кoль нe видeлa ни paзy?
Оттoлкнyлa 
чyжeзeмнoгo coлдaтa:
«Ты нe тpoгaй мoeгo poднoгo
бpaтa!»
И пpильнyлa вдpyг к щeкe 
eгo кoлючeй
От мyчeний и oт cмepти 
зacлoнилa.
Нa Пoлecьe пoмнят люди 
этoт cлyчaй,
В лиxoлeтьe в 41-м этo былo.

Канцэрт быў адметны тым, што з нагоды Дня грузінскага тэатра там знаходзіўся партыйны кіраўнік рэспублікі Э. А. Шэварднадзе. Калі пранікнёнае выкананне скончылася, ён падняўся на сцэну з ахапкам цудоўных кветак. 

А потым туды ж, з розных бакоў партэра, узыйшлі нічым не прыкметныя чорнавалосы мужчына і жанчына-славянка, якая яго выратавала ў час вайны – рэальныя прататыпы слаўнай песні Аскара Фельцмана і Яўгена Далматоўскага. Вочы людзей у зале напоўніліся слязамі…

Тое, аб чым спявала народная артыстка, сапраўды адбылося ў 1941 годзе, калі разведчык-грузін Ойсу Джапарыдзе трапіў у палон каля вёскі Грушнае Брагінскага раёна. Пад катаваннямі ён сказаў, што жыве ў другой з краю хаце. Калі гітлераўскі патруль вёў палоннага, да іх, з рызыкай для жыцця, кінулася жанчына менавіта з той хаты – Матрона Дзямідаўна Анапрэенка… 

Яны былі аднагодкамі. Хоць сумеснае жыццё і не атрымалася, Ойсу і Матрона зноў сустрэліся на вяселлі сумеснага сына Валянціна. 
Фото з сямейнага архіву
Общество

Б4.jpg

морозовичи-агро6.jpg
Belorusneft_14_04.jpg
fh3duavlgkqggyc0yd9optbfsgdqo155.jpg
0 Обсуждение Комментировать

Б4.jpg