Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх


340649fa606c36e0b714b06fbe34caa3.jpg

Свята 3 ліпеня – выдатная нагода згадаць родных і блізкіх, якія былі ў Чырвонай арміі і набліжалі гэты гістарычны дзень

4178 0 20:10 / 02.07.2021
Каб даведацца пра баявы шлях свайго дзядулі, аўтару давялося правесці асабістае даследаванне. 

Нарадзіўся мой Мікіта Канановіч у 1922 годзе ў Глушкавічах Лельчыцкага раёна. Ён адзін з тых тысячаў, каму мы аддаём даніну павагі і памяці. У Лельчыцкім ваенным камісарыяце мне паведамілі цікавыя звесткі: паслужны спіс Мікіты Андрэевіча.

5.jpg
Мікіта Канановіч у Балгарыі. 1945 год

– Прызваны ў армію 22 ліпеня 1941 года Лельчыцкім ваенкаматам, – расказаў Барыс Журовіч, ваенны камісар. – Па снежань 1941 года Мікіта Канановіч быў курсантам 23-га запаснога палка. Далей на працягу года служыў у 290-й асобнай зенітнай дывізіі камандзірам аддзялення. Затым – камандзір аддзялення сувязі 102-й танкавай брыгады, камандзір 76-міліметровай гарматы ў 333-м запасным стралковым палку, у 268-м стралковым палку наводчык 76-міліметровай гарматы, праз некаторы час наводчык той жа зброі 580-га стралковага палка. 

З дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў даведаліся, якой франтавой дарогай ішоў мой дзед. Расія і Украіна: Калужская, Белгародская, Харкаўская воб­ласці, Латвія – Лубана, баі на рацэ Мемеле, Баўска, Іецава, бліз сяла Аўгусце. Франтавыя дарогі прывялі ў Балгарыю: Ямбалская і Слівенская вобласці.

Па ўспамінах родных, Мікіта Андрэевіч трапіў у акружэнне, цудам выжыў. Пра гэта расказваць ён вельмі не любіў. Быў паранены, знахо­дзіўся ў шпіталі каля Ленін­града. Па факту ранення ў Мазырскім МРЭК дзядулю далі інваліднасць першай групы.

Аляксандр Гапановіч, пляменнік Мікіты Андрэевіча, расказаў, які выпадак аднойчы ўспомніў дзядуля. У Балгарыі, у вёсцы побач з Дунаем, немцы рабілі аблаву. Звярэлі ад лютасці, бо адступалі. 

Адзін мясцовы селянін паклікаў Мікіту ў схованку – стог сена. Другога выбару не было: скочыў туды, глыбока закапаўся. А гаспадар яшчэ сена дабавіў. Віламі, штыкамі тыркалі фрыцы, але так і не знайшлі. Таму балгарыну ўсё сваё жыццё быў удзячны наш Мікіта Андрэевіч. 

Ваенна-ўліковая спецыяльнасць дзеда – артылерыст 85-міліметровых гармат, 122 і 152-міліметровых гаўбіц, наводчык. Па званню радавы.

3_Никита Андреевич Кононович, Болгария 1945.jpg
Сярод радні

Асобным абзацам трэба сказаць пра зброю, што значыцца ў ваенным білеце Мікіты Андрэевіча. Былы камандзір 1199 рэактыўнага арт­палка Віктар Колабаў, зараз выкладчык кафедры тактыкі Ваеннай акадэміі Беларусі, праінфарміраваў: «У артылерыі наводчык – ключавая пасада. Уся работа старэйшых камандзіраў – ад тых, хто прымае рашэнне на паражэнне, да тых, хто ставіць задачу і збірае звесткі, – усё ў канчатковым выніку замыкаецца на дакладнай рабоце наводчыка». 

…З Вялікай Айчыннай вайны дадому ў Глушкавічы Мікіта Канановіч вярнуўся ў 1946 го­дзе, і было гэта зусім нечакана, бо ніхто не ведаў дакладнай інфармацыі пра артылерыста. Ён нават памылкова значыўся ў спісах загінуўшых пад Харкавым. Яго брат Адам Андрэевіч з Глушкавічаў успамінае, што чуў ад маёй прабабулі Таццяны:

– Заходзіць у хату мужчына. Высокі, у вайсковай форме. Прыгнуўся, калі ішоў праз дзверы. Пытаецца строга ў маці, Таццяны: «Можна вашы дакументы?». А яна той гумар не зразумела, бо не пазнала сына: разгубілася. А калі пазнала, страціла прытомнасць. І не дзіўна: прайшло больш чым пяць гадоў, як маці не бачыла яго, не ведала, ці жывы…

Неўзабаве Мікіта Андрэевіч ажаніўся. Узяў у гаспадыні адну з самых прыгожых дзяўчат у акрузе, Настассю Калесную з Прыбалавічаў, камсамолку-настаўніцу. У яе быў чатырохгадовы сынок Іван. Нарадзілі і выхавалі яшчэ чацвёра дзяцей: Фядоса, Аляксандра, Валянціну і будучую маю маці – Ларысу. Усе яны выбіліся ў людзі, стварылі ўласныя сем’і. Іван Мікітавіч, напрыклад, працаваў у Міністэрстве эканомікі, зараз выкладчыкам БДАТУ, даў дарогу ў жыццё многім землякам. 

Упэўнены: мая бабуля пайшла тады замуж за дзеда, бо ён гаспадарлівы, старанны, майстар на ўсе рукі. А яшчэ дужа моцны фізічна – дрэвы ў лесе мог варочаць! Добра памятаюцца мне яго хатнія дрывотні ў Прыбалавічах: запасы на пяць гадоў наперад. 

Дзядзька Аляксандр, ужо пенсіянер, раней працаваў архітэктарам Шчомысліцкага сельсавета Мінскага раёна, расказаў мне, што дзед усё мог рабіць па гаспадарцы. Сам будаваў адрыну, лазню, калодзеж выкапаў. Садзіў і апрацоўваў бульбу: у адных толькі Глушкавічах было каля 20 сотак зямлі.

Пра гаспадарлівасць дзядулі нагадвае мне тое, як жыве зараз Адам Канановіч – родны яго брат у Глушкавічах. Трымае трактар (раней было два), з дзясятак розных сельгаспадарчых прыстасаванняў да яго, легкавік. Апрацоўвае 40 гектараў зямлі, гадуе жыўнасць. А яшчэ наш 77-гадовы Адам Канановіч дапамагае святару царквы ў Глушкавічах. 

Адам Андрэевіч адзіны, хто ў жывых сёння з вялікай сям’і Канановічаў. У 2019 годзе пакінула гэты свет сястра Васіліса, працаўніца сельгаспрадпрыемства «Перамога». У 1994 годзе не стала другога брата, Міхаіла, ваеннага сувязіста ў Гродна. У ваенным 1943 годзе ў час знішчальнай аперацыі ва ўкраінскіх Будках на Жытоміршчыне гітлераўцы зажыва спалілі маленькіх Ананія і Зінаіду.

Мой дзядуля Мікіта Андрэевіч скончыў сем класаў, а ў 1967 годзе падвучыўся ў Глушкавіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школе сельскай моладзі. Працаваў падрыўніком у Палескім хімлясгасе – рваў пні спіленых дрэваў. Быў і рахункаводам у школе, пасля ў калгасе «Дружба». У лютым 1964 года камсамольца Канановіча прынялі ў партыю. Бацькі Мікіты Андрэевіча ўсё жыццё таксама адшчыравалі ў калгасе. Маці Таццяна Максімаўна паляводам, на праполцы, сяўбе, жніве: тады не было шматфункцыянальных камбайнаў. Бацька Андрэй Кандратавіч працаваў у калгасе возчыкам: кіраваў валамі і коньмі, якія былі асноўнай цяглавай сілай. (У Глушкавічах пасля вайны заставалася толькі некалькі аўтамабіляў і трактароў – і тыя гусенічныя.)

Гісторыя жыцця майго дзядулі, яго родных дапамагае зразумець, як неабходна нам сёння берагчы мір, спакой, той дабрабыт, аснова якога закладзена імі. Дзякуй гэтаму гераічнаму пакаленню за здабытую ў баях незалеж­насць нашай краіны!
Общество
Фото з сямейнага архіва Канановічаў
Газ.jpg
водители.jpg
морозовичи-агро2.jpg
0 Обсуждение Комментировать

баннер на сайт.png