Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Дзеці, дзеці, куды вас падзеці?

2463 0 23:14 / 24.01.2008
Лета — гарачая пара не толькі
ў прамым сэнсе. Вольныя ад школьных заняткаў няўрымслівыя гарачыя юнакі пачынаюць актыўна шукаць прыгод.
І калі ў мінулых пакаленняў
у грудзях замест сэрца быў “палымяны матор”, дык у сёлетніх маладых — не менш як рэактыўны рухавік. Куды ж ім падзець сваю энергію? Вырашыла даведацца, дзе бавяць час падлеткі ў мікрараёне Валатава
г. Гомеля.
Варыянт першы — падвал… Нядаўна было ліквідавана адно з такіх месцаў “тусовак”. Школьнікі зацягнулі ў падвал нашай высоткі канапу, самі правялі святло — некалькі лямпачак злучылі з аголенымі правадамі, “святкавалі” там дні нараджэння, нюхалі таксічныя рэчывы і нават уключалі музычны цэнтр. Бясконцыя танцы і гойсанне па трубах урэшце рэшт іх і падвялі: “музыка” надакучыла жыхарам пад’езда, і яны выклікалі міліцыю. Пасля гэтага выпадку з сучаснымі “дзецьмі падзямелля” разабраліся: на ўваходах у падвалы ўсталявалі металічныя дзверы з замкамі, так што праблему, можна сказаць, вырашылі. Аднак куды пайшла моладзь пасля таго, як ёй перагарадзілі шляхі ў каналізацыю, невядома. А верыць, быццам яна накіравалася дадому глядзець мульцікі на “Fox kids” і “Jetix”, думаю, па меншай меры, наіўна…
Варыянт другі — гульнёвыя пляцоўкі ў дварах. У большасці ёсць спартыўныя снарады, так званыя “слонікі” з горкамі для маленькіх і пясочніцы, у якіх корпаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з лапаткамі і вядзерцамі. Аднак шмат з такіх пабудоў адносяцца да савецкіх часоў і патрабуюць рамонту. Напрыклад, у двары, што прылягае да вуліцы Свірыдава, 31, слонік нядаўна пафарбаваны і знаходзіцца ў добрым стане, а вось лесвіцы і турнікі жадаюць лепшага…
У двор ля дамоў па вуліцах
П. Броўкі, 13 і Свірыдава, 43 нядаўна прывезлі дзве новыя арэлі, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў дзетак — яны нават выстройваюцца ў чэргі, каб пакатацца. Блізка ўсталяваны некалькі добрых лавак для бацькоў — таксама плюс: малыя пад наглядам старэйшых. Пляцоўка ніколі не пустуе. Псуе агульную карціну толькі драўляная альтанка. Яна новая і выглядае даволі прыгожа, аднак з’яўляецца месцам збору аматараў моцных напояў. Пасля іх “культурнага адпачынку” у альтанцы застаюцца разбітыя бутэлькі, пачкі з пад цыгарэт, акуркі…
Яшчэ адзін неблагі двор —
П. Броўкі, 19. Там ёсць сцэна і месцы для гледачоў. У вольны час падлеткі ўяўляюць сябе зоркамі эстрады, спяваюць песні, апладзіруюць адзін аднаму. Непадалёку размешчаны тэнісны стол і баскетбольная пляцоўка. Праўда, на ёй не хапае, як мінімум, аднаго кальца…
Варыянт трэці — прышкольныя стадыёны. На сумесным стадыёне СШ № 29 і СШ № 49 я так і не заўважыла ніводнага падлетка ні на футбольным, ні на міні-футбольным полі, трусцой па крузе таксама ніхто не бегаў. Чатыры хлопцы кідалі мячык у кальцо на баскетбольнай пляцоўцы, і дзве жанчыны каталі каляскі вакол трэнажораў. Бліжэй да вечара група хлопцаў ганяла футбол на стадыёне СШ № 54 і яшчэ адна кучка падлеткаў — на полі ГГМГ № 14. Аднак баскетбольная і валейбольныя пляцоўкі пуставалі.
Варыянт чацвёрты — пакоі школьнікаў. Зараз яны называюцца клубамі па інтарэсах Цэнтра работы з насельніцтвам па месцы жыхарства. У адзін з такіх па вуліцы Свірыдава я і наведалася. Прызнаюся шчыра, спачатку стала страшна: у калідоры вельмі цёмна. І ўсё ж прафесійны абавязак патрабаваў і я, набраўшыся смеласці, пераступіла цераз парог. Мяне сустрэў кіраўнік гуртка авіямадэлістаў. На пытанне, ці прыходзяць дзеці займацца летам, сказаў, што наведваюцца чалавек па пяць — сем у дзень. Але я, колькі раз заходзіла, так ніводнага хлопчыка ў гуртку і не пабачыла. Гурткі “Гаспадыня” і “Шахматы” былі зачынены. Як патлумачыла педагог-арганізатар А. У. Дамасканава, кіраўнікі іх у чарговым адпачынку.
Яшчэ адзін падобны клуб па інтарэсах размешчаны па вуліцы Агарэнкі. Будынак трохі большы і ўтульны, аднак і ён патрабуе рамонту — цячэ дах. У гэтым клубе дзейнічае секцыя настольнага тэніса. Сталы новыя, ракеткі і мячыкі ў наяўнасці, а таму секцыя карыстаецца папулярнасцю. Па крайняй меры, падчас майго знаходжання ў пакоі чатыры хлопчыкі гулялі ў тэніс. Прадэманстравалі мне і настольныя гульні — усе яны аказаліся старымі, яшчэ савецкай вытворчасці. Ёсць і гурткі малявання, выпальвання па дрэву, пачатковага тэхнічнага мадэлявання, платны музычны гурток, аднак усе яны не працавалі па прычыне знаходжання іх кіраўнікоў у адпачынку. Педагог-арганізатар Святлана Канстанцінаўна мае шмат планаў адносна развіцця гурткоў, стварэння новых, але на гэта патрэбны хоць нейкія грошы, а іх, як заўсёды, няма.
Чым яшчэ займаюцца дзеці? Сама бачыла, як некалькі падлеткаў крушылі на кавалкі нейкія драўляныя паліцы і металалом, як пілі з бутэлек і палілі цыгарэты за школамі… Калі ж да майго дому будаўнікі прыцягнулі дзве “бытоўкі” і выкапалі каля іх яму, малодшыя школьнікі цэлымі вечарамі лазілі па гэтых бытоўках і саскоквалі ў яміну. Канструкцыю яны выкарыстоўвалі для гульні ў “вайнушку”. Магчыма, цікава, але, пагадзіцеся, не вельмі бяспечна.
Дык куды летам дзецца дзецям? Як ім не бадзяцца без мэты па вуліцах? Што скажуць адказныя за арганізацыю вольнага часу школьнікаў?
Наталля Старчанка,
студэнтка ГДУ імя Ф. Скарыны
Общество
Афиша боковая 06.12.jpg

bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
УП Экорес сайт.jpg
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Афиша боковая 06.12.jpg