Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Успаміны сына пра бацьку - удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Мікалая Паборцава

2123 0 19:47 / 22.05.2022
Зноў вясна. 77-я вясна перамогі нашых бацькоў у Вялікай Айчыннай вайне, перамогі над фашызмам. Аднак у маім сэрцы і, думаю, у сэрцы нашчадкаў тых, хто перамог, жыве трывога за лёс міру на нашай шматпакутнай зямлі.

аed-1.jpg
З прывітаннем з Мурманска. Мікалай і Ефрасіння Паборцавы

Працягваецца спецыяльная ваенная аперацыя Расіі ў суседняй Украіне, дзе пад апякунствам заакіянскіх дабрадзеяў адрадзіўся фашызм і здолеў на працягу васьмі гадоў праяўляць свой звярыны нораў на Данбасе. Толькі ўявіце, якім болем адгукнуліся б гэтыя падзеі ў сэрцах нашых бацькоў-пераможцаў. Яны прайшлі найскладанейшыя выпрабаванні Вялікай Айчыннай і наказвалі нам берагчы мір як самую вялікую каштоўнасць.

Усё часцей узіраюся ў лёс свайго бацькі, Мікалая Антонавіча Паборцава. Сялянскі сын, ураджэнец вёскі Вялікія Мяжнікі Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, камсамолец, ён пасля заканчэння дзесяцігодкі ў Копысі з першага дня вайны знаходзіўся на службе Айчыне. Папрасіўся на вучобу ў Тамбоўскае артылерыйскае вучылішча. У канцы 1941-га яго накіравалі ў 21-ю ўдарную брыгаду, якая непасрэдна ўдзельнічала ў баях пад Масквой. «Ні кроку назад, за намі Масква», – гэты загад Мікалай Антонавіч заўсёды ўзгадваў з гонарам. Бацька і яго аднапалчане былі яшчэ юнакамі, але змагаліся насмерць. Яны не дапусцілі ворага ў сталіцу, дабіліся пералому. Мікалай быў цяжка паранены ў галаву, тры месяцы лячыўся ў шпіталі, а потым – зноў на фронт.

Ішла падрыхтоўка летняй ваеннай кампаніі на поўдні краіны, пад Сталінградам. Горад на Волзе стаў сапраўднай косткай для фашыстаў. З ліпеня 1942 года бацька рухаўся нялёгкімі франтавымі дарогамі з 776-м артпалком 244-й стралковай дывізіі 37-й арміі. У наступальных баях жніўня-верасня 1943 года тэхнік-лейтэнант Мікалай Паборцаў, начальнік артылерыйскага забеспячэння, бесперапынна дастаўляў боепрыпасы пад агнём праціўніка. 14 верасня яго прадставілі да ўзнагароды – медаля «За баявыя заслугі». Пазней ён атрымае яшчэ адзін такі ж. У снежні 1942 года тэхнік-лейтэнант Мікалай Паборцаў быў прадстаўлены да медаля «За абарону Сталінграда». Атрымаў яго толькі ў кастрычніку 1944-га з рук камандзіра 244-й стралковай Запарожскай Чырвана­сцяжнай ордэна Суворава дывізіі палкоўніка Георгія Калядзіна.

Ужо з ІІІ Украінскім фронтам бацька рухаўся спачатку да паўднёвых рубяжоў нашай краіны і потым далей. Памятаецца яго цікавы расповед пра фарсіраванне Дняпра восенню 1943-га пад Запарожжам каля вострава Хорціца. Ужо пачаліся першыя маразы, плывучых сродкаў не хапала, карысталіся ўсім, што траплялася пад рукі. Многія з салдат не ўмелі плаваць, але ж смела ступалі ў халодную ваду. Усе ўсведамлялі, што не выканаць загад было нельга. Іх аб’ядноўвалі не толькі трагічныя ваенныя абставіны, але і высокі байцоўскі дух, імкненне хутчэй вызваліць краіну ад фашысцкіх катаў. Бацька прыгадваў, што ворагі ўжо не маглі стрымліваць наступленне нашых байцоў. Ён зноў быў паранены, на гэты раз лёгка, і пасля санбата вярнуўся ў строй.

З узнагароднага ліста, у якім бацьку прадставілі ў кастрычніку 1944-га да ордэна Чырвонай Зоркі, я даведаўся, што пад моцным артагнём праціўніка, рызыкуючы жыццём, ён асабіста на аўтамашыне паспяхова давёз боепрыпасы да тых батарэй, якія іх не мелі, а знахо­дзіліся на прамой наводцы. Я ганаруся яго бясстрашным учынкам. Разумею, што менавіта такія праявы чалавечага духу і ўплывалі на паспяховае адбіццё контратак праціўніка і далейшы рух наперад нашых войск.

Мікалай Паборцаў удзельнічаў у баях па вызваленні Румыніі, Балгарыі і за праяўлены гераізм ужо пасля вайны атрымаў яшчэ адзін ордэн Чырвонай Зоркі.

Баявы шлях бацькі скончыўся ў Балгарыі. Яго ваенная часць дыслацыравалася на Шыпкінскім перавале, дзе стаіць помнік рускім войскам, што вызвалілі балгар у 1878 годзе ад прыгнёту Асманскай імперыі. Пазней на балгарскай зям­лі з’явіцца і славуты помнік савецкаму салдату-вызваліцелю. Заўсёды, калі гучала песня «Стоит над горою Алеша, в Болгарии русский солдат...», бацька не цураўся слёз, згадваючы сваіх баявых сяброў. Я адчуваю горыч і боль ад таго, што многія балгары забыліся пра здабытае для іх мірнае жыццё нашымі воінамі.

Пасля Вялікай Айчыннай яшчэ год, да канца 1946-га, бацька знаходзіўся на службе ў Балгарыі. Затым вучыўся ў Вышэйшай афіцэрскай ордэна Чырвонай Зоркі артылерыйскай тэхнічнай школе. Яго накіравалі служыць на поўнач краіны, у Мурманскую вобласць, дзе ў пасёлку Печанга ўзначальваў артылерыйскую майстэрню. Там сустрэў сваё каханне, маю маці Ефрасінню, якая працавала настаўніцай у Мурманску. Пазней яе накіравалі ў дзіцячы дом на Валагодчыне, куды прывозілі дзетак з блакаднага Ленінграда. Многія з іх былі круглымі сіротамі, і мая будучая матуля замяніла ім бацькоў, дзялілася і цяплом, і сваім пайком. Яна не з кніг ведала пра сіроцтва: яе бацьку, майго дзеда – сталяра марскога порта ў Мурманску, рэпрэсіравалі і расстралялі ў Ленінградзе ў 1937-м па надуманым абвінавачванні як агента англійскай разведкі. Пасля мы даведаліся, што яго рэабілітавалі, пабывалі ў Ленінградзе на Левашоўскіх могілках, дзе ён быў пахаваны. У 1953-м мая матуля Ефрасіння Іванаўна была ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі».

Воляй армейскага лёсу мае бацькі трапілі з мурманскай зямлі ў Асіповічы – артылерыйскую сталіцу Беларусі, дзе Мікалай Антонавіч узначаліў артылерыйскае ўзбраенне палка 5-й танкавай арміі Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі. У гэтым райцэнтры нара­дзіўся і я. А ў перыяд хрушчоўскай адлігі, калі прайшло масавае скарачэнне арміі, бацьку дэмабілізавалі. Ён абраў месцам жыхарства Гомель.

Мая служба ў радах Узброеных Сіл Савецкай арміі праходзіла далёка ад Бела­русі, ва Узбекістане, горадзе Самаркандзе. У 1981-м, калі бацькі не стала, я спяшаўся як мага хутчэй даляцець на сама­лёце, дабрацца на цягніках, каб паспець правесці свайго Героя ў апошні шлях. На працягу ўсяго жыцця адчуваў і адчуваю сёння нястрымны боль, што мой бацька так рана сышоў, у 59-гадовым узросце. Вельмі шкада, што не заспеў пабачыць унукаў, не змог парадавацца іх поспехам. Ён падарыў мне і двум маім братам шчасце жыцця на роднай зямлі, мірнае неба. Сёння я, сам ужо дзядуля, адчуваю, якая гэта неацэнная каштоўнасць.

Як самыя дарагія рэліквіі захоўвае наша сям’я бацькоўскія ўзнагароды. І ў чарговы Дзень Перамогі я пакажу іх сваім унукам, падзялюся ўспамінамі пра мужнае жыццё маіх бацькоў і дам наказ, каб і яны годна жылі, дасягнулі поспехаў, самарэалізаваліся, а галоўнае – бераглі і цанілі мір на зямлі, ганарыліся подзвігамі нашых абаронцаў, былі сапраўднымі патрыётамі Радзімы. 
Фото з сямейнага архіва
Общество
Домичстрой.jpg

Белявский.jpg
Отор.jpg
Белпродукт_сайт.jpg
морозовичи-агро10.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Домичстрой.jpg