Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

10. Гомельская правда 816х197_02.jpg

На Лоеўшчыне старшыня раённага клуба аматараў паэзіі «Звучащее слово» захоўвае гісторыю, каб перадаць будучым пакаленням

926 0 20:41 / 19.07.2022
У наступным годзе Аляксандр Кукара адзначыць 85-годдзе. Але сталы ўзрост не перашкаджае актыўнасці і ініцыятыўнасці. «І швец, і жнец, і на дудзе ігрэц, – так гаворыць аб ім дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Навуменка. – Гэта выдатны краязнаўца, літаратар, чалавек, неабыякавы да гісторыі нашага краю і яго развіцця».

У рытме сэрца б'ецца крыніца творчасці.jpg 
Творчасць землякоў – жывая крыніца Лоеўскай зямлі, якая задавальняе літаратурную смагу

Дзяцінства, апаленае вайной

Нарадзіўся Аляксандр Уладзіміравіч у 1938 годзе ў маляўнічай вёсцы Горваль недалёка ад Рэчыцы, там, дзе Бярэзіна ўпадае ў Дняпро. Дзіцячая памяць захавала ўспаміны пра вайну. Як у ліпені 43-га немцы палілі вёску, а дзед перавозіў малых на чаўнаку праз рэчку, калі даведаліся, што ідзе ка­рная экспедыцыя, як хаваліся больш тыдня на другім беразе ў куранях з лазы і баяліся вярнуцца дадому.
Недалёка ад Горваля каля вёскі Гаве­навічы (цяпер Валадарск) знаходзіўся партызанскі атрад. Многія жанчыны пяклі хлеб для партызан. 

– Памятаю, маці Ірына Аляксандраўна пасля абеду збірала сабе вялікі клунак, а мне меншую торбачку, буханкі дзве-тры. Мы ішлі па лесе да дамоўленага месца, дзе нас хтосьці сустракаў, – расказвае Аляксандр Кукара.

Бацька Уладзімір Панцялеевіч ваяваў на фронце, трапіў у акружэнне і апынуўся ў палоне. Расказваў, як восенню разам яшчэ з адным палонным, афіцэрам з Масквы, уцяклі і дайшлі ажно пад Брэст. Галодныя і мокрыя трапілі на нейкі польскі хутар, гаспадыня пакарміла, запаліла печ, каб абсохлі, а сама ў гэты час данесла немцам, тыя прыйшлі і забралі іх. Бацька часта ўцякаў, не раз апынаўся ў карцэры. Гэта была маленькая жалезабетонная герметычная камера, якая напаўнялася вадой да самага горла палоннага. У такім стане трэба было выстаяць суткі. У большасці ногі не вытрымлівалі, падкашваліся, і чалавек захлынаўся.

Застаўся ўспамін, як у саматканай доўгай сарочцы амаль што да пятага года будучы паэт хадзіў без штаноў, а толькі к сёмаму маці з саматканага, пафарбаванага ў адвары дубовай кары палатна, пашыла штаны, і ён, як мужчына, пайшоў у школу з торбачкай за плячамі.

Усё сваё жыццё бацькі цяжка працавалі. Аднымі з першых уступілі ў калгас «Чырвоны Кастрычнік» і былі стаханаўцамі. 

– Маці ўмела хутка жаць. Калі, на­прыклад, план даводзілі восем сотак, дык яна за працадзень зжынала 24–27.Бацька добра касіў. За год патрэбна было выканаць каля 300 працадзён,
а ў яго налічвалася 500–700. Мы, дзеці, дапамагалі, не цураліся ніякай работы, – гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч.

Лоеў стаў малой радзімай

Сем класаў ён скончыў у Горвальскай школе. Вучыўся добра, цягнуўся да матэматыкі і фізікі. Думаў атрымаць тэхнічную спецыяльнасць. Паглядваў у бок палітэха ў Гомелі, нават з бацькам паспрачаўся, які быў перакананы: трэба выбіраць з таго, што бліжэй да дому. Будучы паэт аб’явіў байкот, залез на гарышча, зачыніўся, не еў і не піў паўтара сутак. Бацька здаўся, але ж і ў сына быў час усё пераасэнсаваць. Выбар зроблены – Рэчыцкае педвучылішча. 

Гэта зараз Аляксандр Уладзіміравіч разумее катэгарычнасць блізкага чалаве­ка. Сям’я была вялікая, восем дзяцей. Бераглі кожную капейку. Каб сабраць студэнта ў дарогу, пазычылі грошы. Бацька быў добры рыбак. Днём працаваў у калгасе, а ноччу хадзіў на рэчку. 

– Ніколі менш дзесяці кілаграмаў не прыносіў, – успамінае суразмоўца. – Буйную рыбу маці заўсёды прадавала ў Рэчыцы, а дробную гатавала. За атрыманыя грошы купляла хлеб, а то і гасцінцы – падушачкі ці манпансье, каб папесціць дзяцей.

Пасля вучобы ў Рэчыцкім педвучылішчы маладога спецыяліста накіравалі ў Зэльвенскі раён, адкуль трапіў у армію. Тры гады адслужыў на Балтыйскім Чырванасцяжным флоце. Быў сакратаром камсамольскай арганізацыі роты. 

Потым паступіў у Мінскі педінстытут імя Максіма Горкага на літаратурна-музычнае аддзяленне філалагічнага факультэта. Вучыцца падабалася, нейкі час атрымліваў Купалаўскую стыпендыю. Маладога настаўніка накіравалі ў вёску Маладуша Рэчыцкага раёна, дзе Аляксандр надоўга не застаўся, пераехаў у Лоеў, у педвучылішчы з верасня 1965 года пачаў выкладаць музыку будучым настаўнікам. Не паспеў азірнуцца, як атрымаў 53 гады педагагічнага стажу, з якіх 41 аддаў мясцоваму вучылішчу.

Першыя нясмелыя радкі

Яшчэ ў час вучобы ў Рэчыцы на творчыя сустрэчы з моладдзю часта прыязджалі пісьменнікі і паэты. Слухаючы іх творы, Алесю таксама захацелася паспрабаваць сілы. Памятае нясмелыя першыя вершы, якія адсылаў у раёнку, і хоць іх не друкавалі, не кідаў пісаць. У 1957 годзе падчас работы на Гродзеншчыне ўпершыню надрукаваўся ў мясцовай раённай газеце.

Творчаму станаўленню будучага паэта дапамагло літаратурнае аб’яднанне пад кіраўніцтвам Міхаіла Лазарука, якое існавала ў Мінскім педінстытуце. Удзельнікі збіраліся, абмяркоўвалі вершы, выступалі на рэспубліканскім радыё, літаратурных сустрэчах, друкаваліся ў розных выданнях. А як было не нарадзіцца цудоўным вершам, калі Аляксандр Кукара апынуўся ў Лоеве, маляўнічым куточку Гомельшчыны, дзе цудоўная прырода, Дняпро, добрыя і шчырыя людзі? 

– Выкладчык беларускай мовы педвучылішча Аляксандр Дудко, які таксама пісаў вершы, прапанаваў арганізаваць літаратурна-творчы гурток. Мы назвалі яго сімвалічна – «Узлёт». Да нас падцягнуліся зацікаўленыя студэнты, выкладчыкі, у раённай газеце пачалі друкаваць вершы нашых навучэнцаў, выходзілі нават цэлыя літаратурныя старонкі, – дзеліцца суразмоўца.

Клуб, паэзія і краязнаўства

Удзельнікі гуртка заўсёды цесна супра­цоўнічалі з раённай бібліятэкай і вы­рашылі стварыць клуб аматараў паэзіі «Звучащее слово». Сёння гэта сапраўднае таварыства мясцовых літаратараў, якому споўнілася 40 гадоў. 

Нязменны старшыня клуба Аляксандр Кукара адзначае: прыемна, калі творчасць ідзе на карысць людзям, застаецца ў сэрцы. І называе сяброў па пяру: Іван Лямешка, Мікалай Мельнічэнка, Лідзія Долбікава, Тамара Татарынава, Пётр Краўчанка. 
 
У Лоеве Алесь Уладзіміравіч жыве больш за 55 год. У вершах прызнаецца ў любові да малой радзімы, шмат зрабіў для захавання гісторыі края. Пад яго кіраўніцтвам пры педвучылішчы пачаў працаваць пошукавы клуб «Патрыёт» і фарміравалася музейнае памяшканне «Спадчына». Прымаў удзел і ў станаўленні Музея бітвы за Днепр. У яго сем зборнікаў паэзіі і значная праца – біяграфічны даведнік «Гонар і слава Лоеўшчыны» пра жыццё больш за 400 выдатных людзей і заслужаных працаўнікоў раёна. Краязнаўца лічыць: сённяшняе пакаленне не мае права забываць гісторыю свайго краю, краіны, абавязана шанаваць традыцыі продкаў. Гэта тэма атрымоўвае асаблівае гучанне ў Год гістарычнай памяці. 
Фото автора
Общество


речицанефть 22.09.jpg
белоруснефть.jpg
УПК Белоруснефть Обучение А5_pages-to-jpg-0001.jpg
морозовичи-агро2.jpg
0 Обсуждение Комментировать