Двор гудзе — лінейка ідзе!
1623 0 23:14 / 24.01.2008
з кветкамі і ранцамі за плячамi крочаць у школу.
На пачатку лінейкі “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”, прысвечанай Дню ведаў у гомельскай сярэдняй школе № 69, відаць было, як хваляваліся не толькі вучні, але i настаўнікі са стажам. Усім вядома, што 1 верасня — асаблівы дзень для ўсіх. Вось яны, нясмелыя ўчарашнія выхаванцы дзіцячых садкоў, робяць няўпэўненыя крокі ў новае жыццё. Вось трапяткія дзяўчаткі і мужныя хлопцы з выпускных класаў. Але галоўныя на свяце — першакласнікі. Менавіта яны разам з класнымі кіраўнікамі адкрылі шэсце.
Спачатку выйшаў 1 “А” клас з агульнаэстэтычным ухілам і яго кіраўнік Святлана Аляксандраўна Сотнікава. Можна не сумнявацца, што яе вучні стануць разумнымі, чулымі душой людзьмі, паколькі жыццёвае крэда гэтага настаўніка: “Чалавеку, як Ікару, трэба расправіць крылы і здзейсніць задуманае! Пакінуць пасля сябе добрыя справы!”
1 “Б” — клас з паглыбленым вывучэннем інфарматыкі і эканомікі. Яго вядзе Людміла Мікалаеўна Калугіна. Яе калегі па школе кажуць, што настаўнік прапагандуе сярод вучняў ідэю: “Чалавечае жыццё ў параўнанні з вечнасцю — імгненне, і пражыць яго трэба ярка і хвалююча”. А ў вучняў 1 “В” настаўніца Ларыса Вітальеўна Магілат, працавіты, добрасумленны і пяшчотны чалавек.
Сёлета Прэзідэнт нашай краіны зрабіў маленькім школьнікам незвычайны падарунак. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Якаўлеўна Бондарава прэзентавала кнігу “Мая Радзіма — Беларусь!”, якая была ўручана ўсім навучэнцам. Гэта кніга дапаможа лепш пазнаць нашу культуру, побыт, гісторыю. У ёй — запавет любові і надзеі, навучыцца якому давядзецца ўжо за школьнай партай.
На свяце ведаў у школе добрымі гасцямі былі спецыялісты аддзела адукацыі і афіцэры Гомельскага пагранатрада.
* * *
На Дзень ведаў да першакурснікаў дзяржаўнага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча прыборабудавання
№ 152 завіталі не толькі афіцыйныя госці, але і тыя, хто вырашыў падзякаваць выхавальнікам за недарэмна праведзены тут час. Выпускніца гэтага года Таццяна Кузняцова, якая займаецца зараз у каледжы сувязі, скончыла вучылішча з чырвоным дыпломам. Яна сказала, што ўстанова дала ёй не толькі новыя веды, але шчырых і адданых сяброў. А Аляксей Чаранко, які таксама завітаў на лінейку, атрымаў прыемны падарунак. Дыплом пераможцы акцёрскага мастацтва рэспубліканскага кірмашу “Горад майстроў” яму ўручыў дырэктар вучылішча Міхаіл Іванавіч Пракапенка. Прыемную навіну паведаміў намеснік старшыні абкама прафсаюза мясцовай прамысловасці М. М. Кіслаеў: музею вучылішча прысвоена званне “Народная студыя выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці”.
Мерапрыемства заканчвалася, калі ў руках дырэктара з’явілася... службовая запіска. Няўжо хтосьці з вучняў зрабіў нешта дрэннае? Хутка стала вядома, што наадварот. Тэхнічныя работнікі вучылішча прасілі заахвоціць першакурснікаў Аляксандра Ганчарова і Юрыя Цітова, якія старанна дапамагалі падрыхтаваць будынак сваёй установы да навучальнага года. Дырэктар ад імя ўсіх прысутных выказаў вялікую падзяку навучэнцам.
Канстанцін КАВАЛЁЎ
Самое читаемое
Другие статьи раздела
0 Обсуждение Комментировать