Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

ЗМ_Гомельская-правда_816х197.jpg

Вёска Кленавіца

2327 0 23:14 / 24.01.2008
У Буда-Кашалеўскім раёне ёсць невялікая вёска Кленавіца. Здаецца, нічым не адметная, звычайная вёска. Дзесяткі чатыры дамоў мясцовых жыхароў і дачнікаў, з усіх бакоў лес. Адсюль далёка да горада і буйных населеных пунктаў, большую глушыню цяжка прыдумаць. Месца гэта, як здаецца, было зручным для пасялення нашых продкаў — побач Днепр, у лясах вакол было шмат грыбоў і ягад, вадзілася шмат дзікіх звяроў. Як расказаў мясцовы жыхар, на рэчцы раней было шмат баброў, у навакольных лясах яшчэ ў канцы 19-га стагоддзя вадзіліся мядзведзі, а недзе напрыканцы 1950-х — у пачатку 60-х гадоў тут забілі рысь.
Людзі пачалі сяліцца тут здаўна, яшчэ ў каменным веку: каля Кленавіцы мясцовы жыхар знайшоў неяк каменную сякеру. У чатырох кіламетрах ад вёскі, у пасёлку Гарадок, знаходзіцца гарадзішча ранняга жалезнага веку
(1-е тыс. да н.э.). Тут і зараз можна знайсці старажытную ляпную кераміку. Гэта быў невялікі ўмацаваны пасёлак на беразе вялікай ракі (мясцовыя жыхары памятаюць, што раней тут працякаў Днепр), насельніцтва якога займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, рыбалоўствам і паляваннем. Дарэчы, вельмі даўно Днепр ці яго рукаў працякаў непадалек ад сучаснай заходняй ускраіны Кленавіцы — на гэтым месцы знаходзілі старыя драўляныя баржы і ракавiнкi. Зараз да Дняпра наўпрост каля трох кіламетраў.
У ваколіцах Кленавіцы шмат курганоў. Ёсць курганныя магільнікі каля Смычка, Зялёнай (мясцовая назва Жэзленка), Старой Буды, Чырвонага Кургана (Саланое), Елянца, Губіцкага Кардона, у Чабатовічах, адзінкавыя курганы трапляюцца ў лясах каля Кленавіцы. Але гэта не шведскія ці французскія магілы, як лічыць мясцовае насельніцтва, і ніякіх скарбаў, золата ці срэбра там няма. Большасць курганоў належыць радзімічам — славянскай этнічнай супольнасці, якая жыла на гэтых землях ў 9 — 12 стагоддзях. Гэтыя пахаванні зроблены ў канцы 10-га — пачатку 12-га, у іх пахаваны простыя вясковыя жыхары. Курганны пахавальны абрад, у сваёй аснове язычніцкі, паступова знік ў выніку распаўсюджвання хрысціянства.
Назва “Кленавіца” паходзіць ад слова клён, таксама як назва суседняй вёскі Елянец ад слова “ель”. Час ўзнікнення Кленавіцы дакладна невядомы, вельмі мала захавалася гістарычных дакументаў аб гэтай мясцовасці. Але няма сумненняў, што ўзнікла яна не пазней другой паловы 18-га стагоддзя. У той час ужо існавалі Чабатовічы (вядомы з 1511 г.), Елянец (1527 г.), Старая Буда, Хоўхла, Бярвенаўка, Недайка, Рудня-Альхоўка (пяць апошніх ўзніклі не пазней 18-га ст.). Кленавіца ўзнікла на перакрыжаванні дзвюх дарог: са Старой Буды да Дняпра і Смычка (з усходу на захад) і з Елянца да Рудні-Альхоўкі і Чабатовічаў (напрамак з поўначы на поўдзень і паўднёвы ўсход). У 2005 годзе ў Кленавіцы, у яе найбольш старажытнай частцы каля перакрыжавання дзвюх вуліц, знойдзена манета — срэбраныя пяць капеек 1758 года расійскай царыцы Елізаветы Пятроўны, што таксама сведчыць: у той час ці крыху пазней тут жылі людзі.
У 18-м стагоддзі Кленавіца — невялікая вёска ў Рэчыцкім павеце Вялікага княства Літоўскага. З 1772 года — у складзе Расійскай імперыі, у Недайскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. У 19-м стагоддзі Кленавіца — цэнтр аднайменнага маёнтка. Упершыню ў дакументах вёска ўпамінаецца ў 1816 годзе, калі яна была валоданнем памешчыка Р. Гарбачэўскага. У 1858 — Кленавіца, у якой налічвалася 15 двароў і 124 жыхары, была валоданнем буйнога памешчыка Станіслава Перасвет-Солтана. Акрамя гэтага, яму належалі таксама Елянец, Смычок, Недайка і Жытанежжа.
Пасля адмены прыгоннага права ў 1861 годзе сяляне атрымалі асабістую волю, але мясцовы памешчык захаваў за сабой большасць зямель. У канцы 19-га — пачатку 20-га стагоддзя ў вёсцы працавалі завод сухой апрацоўкі драўніны, шкляны завод, вінакурня, сукнавальня, крупарушка, два ветракі, хлебазапасны магазін, школа граматы. Усе прадпрыемствы належалі мясцовым памешчыкам і прадпрымальнікам і былі невялікімі па памерах, акрамя завода сухой апрацоўкі драўніны. На апошнім у 1899 годзе працавалі 47 рабочых, гадавы даход склаў 46300 рублёў. У вёсцы таксама было распаўсюджана кавальскае рамяство.
У 1909 годзе ў Кленавіцы было 49 двароў, 340 жыхароў, сялянскай абшчыне належала 513 дзесяцін зямлі (1 дзесяціна = 1, 09 гектара). У фальварку (маёнтку) памешчыка Мікалая Васільевіча Раманава было 12 двароў, 23 жыхары і 4300 дзесяцін зямлі. Дарэчы, М. В. Раманаў, як расказаў адзін мясцовы жыхар, быў далёкім сваяком цара Мікалая другога і адным з самых багатых памешчыкаў акругі, яму таксама належаў маёнтак у Старой Будзе. Раманаў стварыў у вёсцы вельмі прыбытковую гаспадарку. Акрамя зямель, якія апрацоўвалі мясцовыя сяляне, вялікага сада, у маёнтку меліся шкляны, дрэваапрацоўчы заводы, вінакурня і вадзяны млын. Раманаў нават пачаў праводзіць вузкакалейную чыгуначную ветку ад станцыі Буда-Кашалёва да маёнтка, але не паспеў, бо з-за нейкай сваркі быў забіты сынам. Пасля рэвалюцыі двухпавярховая цагляная панская сядзіба была разбурана, але мясцовыя жыхары і зараз паказваюць тое месца, дзе яна знаходзілася.
З красавіка 1919 да снежня 1926 гадоў Кленавіца знаходзілася ў складзе Гомельскай губерні РСФСР (у Недайскай воласці Рагачоўскага, потым ва Уваравіцкай воласці Гомельскага павета). Дарэчы, у 1924 — 1926 гадах, пасля так званага першага ўзбуйнення БССР, паміж Кленавіцай і Елянцом, Старой Будай і Недайкай праходзіла мяжа РСФСР і БССР. У снежні 1926 года далучана да БССР, увайшла ў склад Уваравіцкага раёна Гомельскай акругі. Пасля гэтага на працягу года Кленавіца была цэнтрам сельсавета, потым у сувязі з узбуйненнем сельсаветаў увайшла ў Смычоцкі сельскi Савет.
У 20-я гады на былых памешчыцкіх землях каля Кленавіцы былі заснаваны пасёлкі Пралетарый і Першамайскі, хутар Града. У 1926 годзе ў Кленавіцы быў 61 двор і 325 жыхароў, а разам з пасёлкамі і хутарам у ёй налічвалася больш як 500 чалавек, працавалі школа і паштовае аддзяленне. У 1929 годзе ў вёсцы арганізаваны калгас.
Пад час Вялікай Айчыннай вайны нямецкія акупанты тры разы палілі вёску, усяго быў спалены 71 двор. 64 мясцовыя жыхары загінулі на фронце. У двух кіламетрах на захад ад вёскі ў час акупацыі знаходзіўся партызанскі лагер. Кленавіца была вызвалена ў канцы лістапада 1943 года. У 1943 — 1944 гадах, пад час наступлення савецкіх войскаў, непадалёк ва ўрочышчы Кічкоўка знаходзіўся франтавы аэрадром.
Па перапісу 1959 года ў вёсцы было 266 жыхароў. З 1962 года пасля ліквідацыі Уваравіцкага раёна яна ўваходзіць у склад Буда-Кашалёўскага раёна, праз шэсць гадоў да яе далучаны пасёлак Пралетарый. Пасля вайны ў Кленавіцы працавалі пачатковая школа, грыбаварня, жывёлагадоўчая ферма, клуб. Да 1993 года працаваў магазін. Зараз гэтага няма. Сёлета, у адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай адраджэння вёскі, у Кленавіцы зроблены аўтобусны прыпынак, але аўтобусы сюды пакуль не ходзяць. На пачатак года ў Кленавіцы было 19 двароў, 27 жыхароў.
Дзмітрый Гусакоў,
гісторык

Общество
Горин_сайт2 — копия.jpg

изображение_2024-10-01_152202589.png
Мозырь.jpg

гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
Горин_сайт2 — копия.jpg