Ісакавічы. Лоеўскі раён. Вандроўка семдзесят другая

13.01.2021
Старшыня Страдубскага сельсавета Святлана Дзегцярэнка, даведаўшыся, што чарговы маршрут маёй вандроўкі ў Ісакавічы, радасна падзялілася: «Ды гэта ж вёска майго дзяцінства. Усе нашы з сястрой канікулы там прайшлі, прыгоды маленства! А як бабуля з дзядулям радаваліся, што я тут паблізу жыццё сваё ўсталявала».



А мне памятаецца колішні прыезд сюды ў 2000-я, улетку, калі апынуліся ў маляўнічай прыродзе праездам і пачулі шмат цікавых звестак ад мясцовых жыхароў. Нам паказалі тады прыкметы былой прыстані на Дняпры, правялі на Ляхаву гару, кіламетрах у двух ад якой на поўдзень былі яшчэ рэшткі першай у Беларусі шахты «Чырвоны шахцёр»: тут распрацоўвалі мінеральныя фарбавыя руды. Іх перапрацоўваў у Лоеве «Дняпроўскі завод сухіх фарбаў Кандакова», пазней перайменаваны ў дзяржаўны завод «Фарбацвет». Охра, сурык славіліся далёка адсюль.

Старшыня Страдубскага сельсавета Святлана Дзегцярэнка адзначыць 4 сакавіка 2021 года 25-годдзе работы на гэтай пасадзе: сапраўдная гаспадыня!

Тут лечыць цішыня

Гэты раз мы прыехалі ў Ісакавічы ў час першага шчодрага снегападу. У цэнтральнай раённай бібліятэцы ў Лоеве падказалі: тут ёсць актыўныя чытачы, днямі ў гэту вёску дастаўляла кнігі і часопісы перасоўная бібліятэка. Так мы апынуліся ў Ісакавічах на вуліцы Кастуся Каліноўскага ў пенсіянеркі Валянціны Марчанкі.

– І хто ж да мяне ў такое надвор’е? – пацікавілася Валянціна Мікалаеўна. – Аж з Гомеля?

Высветлілася, што ў выхадныя з абласнога цэнтра прыязджалі адведаць яе дзеці. А ў такі зімовы час да вяскоўцаў можа прыйсці не багата хто: паштальён, сацыяльны работнік, ці заехаць хуткая дапамога да хворага.

Маці-гераіня чацвярых дзяцей Валянціна Марчанка працавала таксама даяркай і ў паляводстве, а сёння ў бабулі 7 унукаў і 9 праўнукаў

– Дарэчы, я сама напрыканцы паштальёнам працавала, багаценна тады разносіла газет, і «Гомельскай праўды», вядома ж. Цяпер менш людзі чытаюць, усё ў гэтых смартфонах утаропіўшыся сядзяць, – адзначыла Мікалаеўна. – А я ж вось і зараз не магу без перыёдыкі. Дзеці з Гомеля прывозяць газеты, а часопіс «1000 советов» з Лоева з бібліятэкі дастаўляюць. Праўда, год таму аперацыю па замене крышталіка правага вока перанесла, горай са зрокам.

З гісторыі вёскі

Па сведчанні доктара філалагічных навук, прафесара ГДУ імя Ф. Скарыны Аляксандра Рогалева, які даследаваў тапанімію Лоеўшчыны, «вёска Ісакавічы згадваецца ў дакументах з XVI стагоддзя, адсюль вынікае, што час яе ўзнікнення адносіцца яшчэ далей у глыбіню стагоддзяў. Айконім Ісакавічы ўтвораны ад калектыўнага прозвішча першапасяленцаў ісакавічы ў значэнні «нашчадкі ці падданыя Ісака (Ісаакія)». Прафесар Рогалеў адзначае, што ў пачатку XIX стагоддзя Ісакавічы папаўняліся выхадцамі з вёскі Папоўская Рудня (ці Харланка – яе неафіцыйная назва).

У 1788 годзе ў Ісакавічах пражывалі 164 чалавекі, а ў перадваенным 1940-м: 464! Храмавым святам вёскі здавён лічыцца Прачыстая, 21 верасня.

У 1930 годзе на гэтых землях створаны калгас. У 1934-м на Ляхавай гары працавала цагельня. У гэты ж час тут пачалі распрацоўваць і белыя кварцавыя пяскі для вытворчасці шкла. Восенню 1943 года акупанты спалілі 100 двароў, загубілі 8 чалавек. У 2000-я ў вёсцы было паўсотні сядзіб, усё больш станавілася дачнікаў. Зараз тут пастаянна жывуць 39 чалавек. Працуе помпавая станцыя Лоеўскага прадпрыемства меліяратыўных сістэм, яна падпітвае Днепра-Брагінскае вадасховішча.

Вызваляў гэту зямлю ад акупантаў

У кастрычніку 1943 года ў баях за Ісакавічы вызначыўся мужнасцю і адвагай камандзір cтралковай роты гвардыі лейтэнант Ула­дзімір Уладзіміраў, масквіч. Пра яго нам расказалі ў лоеўскім Музеі бітвы за Днепр.

Масквіч Уладзімір Уладзіміраў: памятайце нас

...На машынабудаўнічым заводзе сталіцы хлопец пачынаў сваё працоўнае жыццё, пазней стаў токарам у механічных майстэрнях Паўночнага рачнога порта. У кастрычніку 1941-га Уладзіміра прызвалі ў Чырвоную армію, абараняў родную Маскву. Пасля курсаў малодшых камандзіраў, якія скончыў у 1942-м, стаў камандзірам узвода 118-га гвардзейскага стралковага палка. У баях пад Смаленскам цяжка паранены, але літаральна праз тры месяцы вярнуўся ў сваю часць, узначаліў полк. Удзельнічаў у фарсіраванні Дзясны і Сожа.

21 кастрычніка байцы Уладзі­мірава першымі пераадолелі Дняпро, утрымлівалі плацдарм, адбілі восем контратак праціўніка. 29-гадовы воін быў удастоены ордэна Аляксандра Неўскага,
безумоўна, і за вызваленне Ісака­вічаў, Страдубкі. Аднак у снежні 1943-га лёс Уладзіміра абарваны. 15 студзеня 1944 года Ула­дзіміру Фёдаравічу Уладзіміраву прысвоена высокае званне
Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Памяць героя-масквіча ўшанавана мемарыяльнай дошкай на тэрыторыі Паўночнага рачнога вакзала расій­скай сталіцы, дзе ён працаваў.

Люблю бацькоўскі дом

Мікалай Каваленка з тых сённяшніх гаспадароў Ісакавічаў, што вярнуліся ў родны куток, каб зямля гэтая працягвала жыць.

– Працаваў я ў Гомелі вадзіцелем у шэрагу арганізацый, – падзяліўся мужчына. – З жонкай прынялі рашэнне перабрацца ў вёску. У горадзе ўсё больш нервова, а тут спакайней. Зямлю апрацоўваем, вырошчваем маліну, клубніцы, вязем прадаваць у сезон на цэнтральны кірмаш Гомеля. Крыху і пчалярствам займаюся. Зямля родная, яна аддзячвае шчодра за твой клопат. А яе хапае, нямала хат ужо знесена. Радуе, што ў сезон дачнікі ажыўляюць прасторы нашых Ісакавічаў.

Каваленкі: Мікалай і дзве Кацюшы

Пытаюся ў дачкі Каваленкаў, Кацюшы, кім яна марыць стаць у будучыні.

– Прадаўцом-кансультантам, – імгненна адказвае сямікласніца. Бацькі, вядома ж, мараць аб яе шчасці і стараюцца выхаваць працавітай і адказнай. Сям’я са­дзіць гародніну, трымае гаспадарку – свіней, курэй.

Кацярына-старэйшая, жонка Мікалая, падзялілася: «Улетку тут так хораша! А зім такіх, як былі ў дзяцінстве мужа, ужо няма. Вось і зараз яна яшчэ толькі-толькі пад­ступаецца да нашай вёскі».

Мы палічылі добрым знакам, калі на выездзе з Ісакавічаў пабачылі... Снягурку. Яна нібы ўзнікла па ўзмаху чараўніцы-прыроды і крочыла ў гэту вёску. Відаць, і Марозава ўнучка марыла хутчэй сустрэць Каляды.

Снягурачка: тэхработнік Чаплінскай базавай школы Вольга Дзегцярэнка

Пажадаем, каб год Быка надаў усім здароўя, бадзёрых сіл рухацца далей, наперад, да ажыццяўлення новых мэт. Каб быў ён мірным і шчодрым на чалавечае цяпло і святло, радасць зносін з сябрамі!