Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


Пісьменнікі-землякі. Паклон вам, родныя, народныя...

8036 0 17:21 / 03.09.2016
Праўдзівыя, высокамастацкія, па-са­праўднаму народныя творы пра вайну напісаны нашымі землякамі, народнымі пісьменнікамі Беларусі Іванам Мележам, Іванам Шамякіным, Іванам Навуменкам, драматургам Андрэем Макаёнкам. Таму што яны ад жыцця.
Іван Шамякін да апошніх дзён заставаўся чытачом «Гомельскай праўды»
Усё перажытае, выпакутаванае імі, непасрэднымі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай, што прайшло праз сэрца стратай сяброў, родных, загубленымі мясцінамі Бацькаўшчыны, уласнымі раненнямі. Іх творам верыш. Да іх хочацца звяртацца зноў і зноў, бо ў іх знаходзіш адказы на вечныя пытанні.
«У мірны час людзі не заўважалі імклівай плыні часу. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. І людзі часам скардзіліся: „Як мала часу! Які кароткі наш век!“ Цяпер жа ва ўсіх час быў лішні. Цягнуўся ён страшэнна марудна, надакучліва, і кожнаму хацелася чым-небудзь скараціць яго. Восень была дажджлівая. Сумная як і жыццё», — піша Іван Шамякін у рамане «Глыбокая плынь» пра пачатак акупацыі фашыстамі роднага краю. Старонкі з гэтага твора Іван Пятровіч вынес на суд чытачоў «Гомельскай праўды» ў 1947 годзе.
А самым мірным сваім раманам Іван Пятровіч называў «Крыніцы», прытым адзначаў: «Але і ў гэтым рамане я не змог абысці гэту тэму, бо месца дзеяння — Беларусь, дзе вайна ўвайшла ў біяграфіі кожнага чалавека не толькі старэйшага, але і малодшага пакаленняў, тых, хто быў актыўным змагаром у барацьбе з лютым ворагам, але і ў біяграфіі тых, каго маці на руках адносілі ў лясы, ратуючы ад звярынай жорсткасці акупантаў».
Працуючы ў 1960 — 1963 гадах над «Сэрцам на далоні», пісьменнік дасканала вывучаў матэрыялы пра гомельскае і мазырскае падполле. Пісаць пра партыйных і савецкіх работнікаў для яго таксама не было праблемы — сутыкаўся з імі па справах Саюза пісьменнікаў. Каб паказваць рабочых, хадзіў на прадпрыемствы, бо гэта давалася цяжэй. Ці не таму раман атрымаўся такім жыццёвым, эмацыянальна вострым, сцвярджаючым: да людзей трэба па-людску.
А колькі светлых, радасных хвілін, азораных такімі якасцямі і пачуццямі, як каханне, вернасць, сумленнасць, дабрыня, чалавечнасць, падарылі нам іншыя шамякінскія творы на ваенную тэму: пенталогія «Трывожнае шчасце», раманы «Снежныя зімы», «Вазьму твой боль», «Гандлярка і паэт», «Зеніт»... Спіс можна доўжыць. Згадаем яго Жэньку Лубяна, сям’ю Маеўскіх з «Глыбокай плыні», Лемяшэвіча, Сяргея Касцянка, Валатовіча з «Крыніц», Пятра Шапятовіча з «Трывожнага шчасця», у якім прачытваецца асоба самога юнака Шамякіна, улюбёнага ў Машу Кротаву.
Так, можна любіць і ненавідзець, але ўзняцца да духоўных праблем грамад­ства можна толькі праз перажытыя сваім сэрцам любоў і нянавісць. Згадаем сутыкненне Івана Батрака, калгаснага механізатара, брыгадзіра, з былым паліцаем Шышковічам, Шышкам, які вярнуўся ў вёску праз шмат гадоў («Вазьму твой боль»). Адносіны да гэтага Шышкі, былога карніка, становяцца для Івана мерай вартасці вяскоўцаў. Хіба можна забыць, што Шышковіч удзельнічаў у расстрэле маці і сястрычкі Батрака, многіх землякоў? Гэта ўжо ў сённяшні час ёсць спробы шукаць іншыя колеры, акцэнты, апраўданні такому спосабу выратавацца — праз пагібель другіх. Для пісьменнікаў-франтавікоў недапушчальна было прадажніцтва ні ў жыцці, ні ў творах.
У далёкім 1965 годзе, адказваючы на пытанні маскоўскага часопіса «Вопросы литературы», на папрок нейкага крытыка, маўляў, ізноў твор пра вайну, Іван Шамякін сказаў: «Я дакладна ведаю і магу сказаць, што буду звяртацца да ваеннай тэмы, мабыць, да канца свайго жыцця. Ведаю, што гэтак жа скажуць і многія мае калегі — беларускія пісьменнікі. Ды і не толькі беларускія». І ён прытрымліваўся тэмы да канца жыцця, звяртаючыся да яе ў самых сучасных сваіх творах.
Шамякінскі сябра Алесь Савіцкі ў дні расстання з Іванам Пятровічам у артыкуле ў «Нёмане» пісаў: «На зямлі беларускай — ды наўрад ці толькі беларускай — няшмат адшукаецца кніжных паліц, дзе б ні стаяла тая ці іншая кніга шамякінская».
Андрэй Макаёнак
«Трыбунал» (Фрагмент з першай дзеі п’есы)
Цярэшка. Дзела гавару, нявестачка. Яны... толькі што... вывелі мяне... у начальства! Першы раз у жыцці начальнікам стаў. Ну і адпалілі штуку! А? А ці хто ждаў, а ці хто сніў? Аж калені трымцяць... Во халера — трымцяць! (Прысеў на лаву.) Няўжо ета ў кожнага, каго ну... на пасаду садзяць. Ну... начальнікам над людзьмі ставяць, дык у яго трымцяць калені? А ў мяне... (ён і радуецца, і смяецца, і здзіўляецца) трымцяць, халера на іх! Ну, гэта, упачатку, гэта... з непрывычкі. А потым... а потым... А потым — кандзібоберам буду хадзіць! Ну, чулі, што я загадаў?
Паліна. Надзейка! Памацай-ка ў яго галаву. Нешта ён языком лапці падплятае.
Цярэшка. Ну, баба, баба, баба! Хутчэй варушыся! Дзе трыножка? Я на комінку цяпельца раскладу. Ды хутчэй вы-ы! Яны во-во ў хату ўваляцца.
Паліна. Што ета ты? Ці жартуеш так? Ці мо праўда — захварэў?! Таго бандзіта карміць? Ён жа людзей сваіх страляў. Ён жа спаліў двор Свірыдавых і дзяцей не пашкадаваў.
Цярэшка (хмуры). А мяне старастам прызначыў.
Іван Навуменка
(Урывак з рамана «Сасна пры дарозе»)
Хмялеўскі зняў шапку, глуха загаварыў:
— Бой будзе цяжкі. Ноччу спаць не прыйдзецца — трэба правесці работу. Рабіце, таварышы, націск на тое, што, калі Літвінаў разаб’ём, другія гарнізоны не ўтрымаюцца. Сёння ноччу прыдняпроўскі атрад наступае на Лужынец. Гэта нам фактычная помач...
Некалькі хвілін панавала няёмкая цішыня. Іван Гусоўскі, мнучы ў руках шапку-аблавушку, спытаў:
— Народ во чым цікавіцца, дзе будзем зімаваць? Калі разгонім Літвінаў, куды пойдзем? У Альхоў ці за Пціч, у Капаткевіцкі і Акцябрскі раён?
Устаў Бондар, стомлена правёў рукой па лбе.
— Ёсць дырэктыва з Рудабелкі: усім атрадам сабрацца ў кулак. Зімой, па адзіночцы, не вытрымаем. Так што тут усё ясна. Пойдзем за Пціч. У Альхоў, калі будзе ўсё добра, заглянем па дарозе. Камандаванне разумее, што большасць партызан адтуль, сем’і іх там...
Сход-лятучка скончыўся за некалькі хвілін.
Іван Мележ
(З апавядання «Адна»)
Яна стаяла нерухома, і нерухомым, застылым быў яе твар, на якім застаўся той выраз спалоху, калі яна гаварыла: «Што такое?»
— Калі гэта было?
— У тую суботу...
Больш яна нічога не пыталася, а Арына сама нічога не стала расказваць.
Толькі пад вечар, калі сядзелі на ганку, сястра зноў загаварыла:
— Маму расстралялі, як толькі прыйшлі. І яшчэ васемнаццаць чалавек. Бацьку Андрэя Віткоўскага таксама. І пра цябе дапытваліся, не верылі, што ты пайшла... Вывелі іх за сяло — туды, дзе гліну летась капалі. Стары Віткоўскі дык сам ісці не мог, так яго збілі. Яго вялі пад рукі Маруся Краўчукова і Алена... А мама — худая, белая як снег... Іх паставілі каля ямы на глінішчы. Людзей сагналі з сяла. Каб глядзелі ўсе...
— За што іх?
— За тое, што за сялом нехта забіў салдата...
Культура


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать