Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


“Пакуль працую — жыву…”

2025 0 12:00 / 30.12.2008
Зімовы дзень, здавалася, патанаў, раствараўся ў шэрані сялянскіх хат, але я беспамылкова вызначыла яе вокны. Яны вабілі да сябе яркім святлом. Падумалася: мо, гэта водбліск працоўнай Зоркі Алены Яфімаўны Вяргейчык?

Шчырая, абаяльная, адкрытая. Праз колькі хвілін размовы здаецца, што мы знаёмы ўжо не адзін год. Згадваючы свае чатыры дзесяцігоддзі працы ў саўгасе “Судкова”, яна расказвае:
— Ох, і пашчыравала ж над тымі цяляткамі! То і недарэмна, яны ж у мяне, як шарыкі, кругленькія былі… Бурачкоў і морквачкі на мельнічку накруціш, падкорміш, глядзіш, якія жвавыя, рухавыя яны становяцца! Цялятам карацін патрэбны, морква ў іх рацыёне важней за любыя прысмакі.
Гляджу на яе вялікія вузлаватыя далоні. Колькі імі выскубана сена і саломы на подсціл жывёле, колькі тых жа буракоў і морквы з прамерзлых буртоў нарыхтавана! Са сваёй дварышчанскай зямлі, па якой адтопала ў асноўным у гумовіках, Алена Яфімаўна ў 1971-м ступіла ў нязвыклых чаравічках на абцасах на дываны ў прасторных холах Вярхоўнага Савета БССР. Яе, руплівіцу-паляшучку, тады абралі дэпутатам і членам Прэзідыума Вярхоўнага Савета рэспублікі. Праз год яна атрымала ордэн Леніна, а ў 1973-м — чарговая ступенька — званне Героя Сацыялістычнай Працы.
— У свеце гэтай зорачкі, паверце, і ўклад маёй свякроўкі ёсць, Паліны Сцяпанаўны, — змахваючы слязу, згадвае Алена Яфімаўна. — Я ж з шасці гадзін раніцы на ферме. 24 гады адпрацавала брыгадзірам. А яна і траіх дзетак у школу адправіць, і мужа майго (ён трактарыстам рабіў). Гаспадарка дамашняя на ёй трымалася. Палавічкі ў хаце блішчэлі!
І я, завітаўшы да Алены Яфімаўны, найперш уразілася чысціні і ўтульнасці сялянскай хаты. Мы гарталі альбом са шматлікімі фота, на якіх з дакументальнай дакладнасцю зафіксавана цырымонія ўручэння Зоркі Героя Сацыялістычнай Працы П. М. Машэравым.
— Тады ў Доме ўрада за святочным сталом Пятро Міронавіч сказаў, падымаючы келіх, што каньяк у працоўны час распіваць нельга, але з такой нагоды, як наша, можна крышачку прыгубіць… Шмат зямляцкіх успамінаў у мяне пра Івана Паўлавіча Мележа. Мы сустракаліся па дэпутацкіх справах. Заўсёды ён цікавіўся, як там глінішчанцы, каранёўцы. Дарэчы, муж стрыечнай сястры Івана Паўлавіча, Настассі Трафімаўны — стрыечны брат майго гаспадара…
Ужо 13 гадоў мінула, як Алена Яфімаўна аўдавела. Але па-ранейшаму з сялянскай прагнасцю засявае зямельку, даглядае свіней, курэй.
— Ужо б, пэўна, можна і лягчэй жыць. Пенсія ў мяне харошая — 900 тысяч рублёў. Дзеці, дзякаваць Богу, у парадку. Маю сем унукаў, дзвюх праўнучак. Пра іх цяпер дбаю. Пакуль працую, жыву…

Тамара КРУЧЭНКА


Наша даведка: 27 снежня споўнілася 70 гадоў з дня заснавання Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР звання Герой Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаным ім уручаўся ордэн Леніна, як і Героям Савецкага Саюза. Як паведаміў старшыня абласнога савета ветэранаў Міхаіл Васільевіч Ігнаценка, на Гомельшчыне жылі і працавалі 105 Герояў Сацыялістычнай Працы. Зараз іх засталося 25, у тым ліку адзін жыве ў Расіі.

Общество


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать