Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Вандроўка дваццаць чацвёртая: Іванкаўшчына. Мазырскі раён

7187 0 22:33 / 11.04.2014
У той дзень якраз агрызнулася зіма — у апошні раз завіхурыла завея. Але тут, на Мазыр­шчыне, сняжок, што прыцерушыў лёгкім карункавым пакрывалам палеткі, хуценька растаў. Вясна ўзяла ключы і адчыніла ўсё святло сваёй душы... GP_Apr-10_N55-56 Па дарозе ў вёску самі сабой згадваліся радкі інтэрнацыянальнай песні нашага беларуска-ўкраінскага Палесся: Іванка, ты Іванка, Сарочка-вышыванка, Высокі тай стрункі, Высокі тай стрункі, Шчэ й на барадзе ямка. Ехала я, каб пачуць песні фальклорнага гурта «Суседачкі», што з 1985 года паяднаў жанчын пенсійнага ўзросту пад кіраўніцтвам загадчыцы сельскай бібліятэкі-клуба Алены Міхевіч. У свой час ёй давялося пашчыраваць даяркай, брыгадзірам жывёлагадоўчай фермы. Апошнія 15 гадоў Алена Васільеўна загадвае мясцовым асяродкам культуры. «Суседачкі» па яе клічу аператыўна сабраліся ў бібліятэцы на спевы. Прытупалі, аддыхаліся і пачаргова падзяліліся перажытым. І ў гэты момант на парозе клуба імпэтна ўзнік мужчына. «Дык вы, мабыць, Іван?» — спытала я, спадзеючыся абраць артыстычнага складу чалавека сімвалам назвы вёскі. «А як жа ж!» — зухавата адказаў незнаёмец. Вось гэта сюрпрыз! 62-гадовы Іван Кадол, як высветлілася, нядаўна вярнуўся з Расіі на радзіму назаўсёды. Пайшоў на пенсію з пасады намесніка начальніка Белгародскага рэгіянальнага аддзялення Усерасій­скага добраахвотнага пажарнага таварыства. І прыехаў у бацькоў­скую хату, якую даўно «прычыпурыў», наведваючыся пастаянна ў Іванкаўшчыну ўлетку. — Людзі з далёкага замежжа на радзіму вяртаюцца. Вось і я вырашыў бліжэй да каранёў сваіх трымацца, — падзяліўся суразмоўца. — Зараз у мяне від на жыхарства. Жонка паехала да дачкі ў Маскву, а я сюды, на радзіму! Не жывецца мне ў гарадах, у вёсцы адчуваю сябе больш камфортна. І ведаеце, кожнага ранку прачнуся і ўсміхаюся, радуюся родным краявідам.
IMG_8130 Фальклорны гурт “Суседачкі” ў 2008 годзе ўдзельнічаў у IV рэспубліканскім этнаграфічным канцэрце “Фальклор беларускай глыбінкі” і атрымаў дыплом за зберажэнне і папулярызацыю традыцый нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Сядзяць: Дар’я Вягера, Яўгенія Суханіцкая, Таццяна Вягера, Галіна Кадол, у другім радзе — Алена Міхевіч і Іван Кадол
Вось так у жаночы фальклорны гурт арганічна ўпісаўся мужчынскі голас. Ды інакш і быць не магло, бо бацькі надзялілі Івана Кадола сваім талентам і любоўю да фальклору. «У нас так прыгожа мало хто і спяваў, як Дзмітрый і Еўдакія», — зазначылі ледзь не ўголас салісткі пра бацькоў Івана. І загучала песня. Шырокай ракой лілася яна з сэрцаў: шчырая, непадробная. І зноў у каторы раз вясельныя радкі тэкста спяваліся з нотамі такой журбы, што была падобная яна на галашэнне. Аўтэнтычны спеў, самародкавы, тутэйшы: Прыбірайся, свацечко, Ды ўбірайся хуценько, Бо ўжо ж коні пазапрэжаны, За варота пазаведзе-е-ены. Хадзем, мамко, у камору, Да падзелім дабро з табою... Табе, мамко, ніт, бярдзечко, А мне, маладой, палаце-е-енечко. Выграбай, мамко, жар-жар, Будзе табе дочкі жаль... Агляніса, маці, агляніса, Ці ўся сям’я ў хаце... Адна песня змяняла другую, але кожная была пра жаночую долю: «На зялёным лузе траўка зеляная, да за харошым мужам жонка маладая»; «Ой, пад вішанькай, да пад дубчыкам, там гуляла дзеўчына са сваім любчыкам». І, канечне, напрыканцы была песня ўкраінска-беларускага памежжа: Біла мене маці з ночы За Йванкавы кары очы, Шчэ й казала буду біці, Як буду Йванка любіці... Ды іванкаўшчынскія жанчынкі лепш за буранаўскіх спяваюць! — падумалася мне. А сакрэт у тым, што песні — адлюстраванне іх асабістай долі.
IMG_8167 Мальвіна Жыльская чытае вершы свайго брата Мікалая Гусака з кнігі “Далёкае блізка”

Таццяна Вягера:

— Вы не знаеце вайны? А мы падлетачкамі яе перажылі. Многіх у Германію гналі. Збор быў у Мазыры, у школе непадалёк ад цяперашняй аўтастанцыі. Коней шмат там стаяла. А мацяры плачуць, плачуць. Я толькі дайшла да ганка, і калі сказала, што кароста ў мяне, нават у будынак не ўпусцілі. Вярнуласа... Два браты мае Грыша і Іван на вайне загінулі. Самая малодшая я цяпер з сястрыц сваіх. Хрысціне ўжо ідзе соты год, жыве тут паблізу ў Іванкаўшчыне, а Марыі — 102, яна ў Слуцку... Дзетак мне Бог не даў. Чалавек мой гадоў дваццаць як памер. Вельмі ўсё ўмеў рабіць, але ж і гарэлку хацеў піць. Бывала, штось на мяне п’яны кажа, а я не зважаю — пяю ў другой хаце. Тады і ён падыдзе, далучаецца, і спяваем удваіх...
Усяго 26 жыхароў жыло ў Іванкаўшчыне — хутары Мялешкавіцкай воласці ў 1900 годзе. А ў ваколіцах мелася яшчэ паўтара дзясяткі хутароў. У 1934-м тут арганізавалі калгас “17 партыйны з’езд”. Пачалося асушэнне балотаў. Больш як 80 сяльчан удзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. 50 загінулі ў баях, прапалі без вестак, памерлі ад ран, знішчаны ў варожай няволі. Вёска была вызвалена ад акупантаў 1 студзеня 1944 года часцямі 7-га кавалерыйскага корпусу Чырвонай Арміі з удзелам Мазырскай партызанскай брыгады імя А. Неўскага. Пачалося аднаўленне калгаса. А ў 1960-м яго далучылі да саўгаса “Мазырскі”, потым — да саўгасаў “Каменка” і “Чырвоны Сцяг”. 102 двары і 179 жыхароў было ў Іванкаўшчыне ў 2001 годзе. Зараз у вёсцы жывуць толькі 54 чалавекі. Іванкаўшчына — радзіма трох беларускіх вучоных, братоў Гусакоў: кандыдата фізіка-матэматычных навук, прафесара Аляксея Адамавіча, кандыдата філалагічных навук Сяргея Адамавіча і доктара фізіка-матэматычных навук Мікалая Адамавіча.

Галіна Кадол:

— Нарадзілася я 6 студзеня 1944 года на санях, у лесе... Вужыла! Ды жыццё яшчэ дала пяці сыночкам і дачушцы. Усе тут паблізу, на Мазыршчыне. Часта прыязджаюць. Маю 13 унукаў і аднаго праўнучка. Трымаю кароўку, свіней.

Яўгенія Суханіцкая:

— Працавала паштальёнам і начальнікам пошты па сумяшчальніцтву. Шмат паагітавала ў свой час, каб жыхары нашы выпісвалі «Гомельскую праўду». А пазней 14 год бібліятэкарскай справе аддала. Так і далучылася да астатніх спявачак.

Дар’я Вягера:

— Мой бацько Павел Сям’ёнавіч Захарэнко з вайны не вярнуўся. У 49-м ці 50-м маці памерла. Асталіса мы, тры дачкі. Большая завербаваласа. Потым і меншая з дому з’ехала. А я 9 год жыла адна ў хаце. Годы цяжолыя былі. У 15 год пайшла на работу ў калгас. Па 13 сотак жыта сярпом жала, прэміі атрымоўвала... Прыйшоў да мяне прымак. 30 гадоў пражылі. Памёр ён, ды і сыночка аднаго пахавала. Яшчэ чацвёра дзетак маю, у траіх вышэйшая адукацыя. Любімых песень шмат. Напрыклад, «Мчацца гусі вераніцай...»
IMG_8145 Хрысціне Суханіцкай — соты год!
* * * Мяркую, што Іванкаўшчына — адзіная вёска, у якой сёння ёсць вуліца «17 партз’езда». Тут жыве родная сястра вучоных Гусакоў — ветэран педагагічнай працы Мальвіна Жыльская. Настаўніцай пачатковых класаў адпрацавала яна 40 гадоў у роднай школцы. Тут вучыліся і яе браты, якія сталі гонарам айчыннай навукі. Тут настаўнічаў і муж, пазней яго перавялі ў Мялешкавічы. 28 гадоў як гаспадар памёр, Мальвіна Адамаўна адна. Няма ўжо і двух яе братоў. Толькі Мікалай Адамавіч Гусак, сусветна вядомы фізік, жыве і працуе ў Мінску ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі пры Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце і часта тэлефануе сястры. Біяграфія гэтага вучонага, ураджэнца палескай вёскі Іванкаўшчына, уключана ў два выданні энцыклапедыі «Кто есть кто в мире» прэстыжнага амерыканскага выдавецтва Marquis за 2010 і 2012 гады. — Я пытаюся ў браціка: як жа ты трапіў у такую кнігу? — дзеліцца Мальвіна Адамаўна. — А ён сказаў, што выдаўцы самі яго адшукалі і ўнеслі. Энцыклапедыя тая мо тры кіло важыць... У 1956-м Мікола скончыў фізфак БДУ, быў накіраваны на працу ў Акадэмію навук БССР. Кандыдацкую абараніў, потым, у 1989-м, доктарскую. Назвы яго работ вельмі складаныя, наколькі разумею, ён зрабіў важкі ўклад у абаронную справу. А нядаўна падараваў мне і кніжачку ўласных вершаў «Далёкае блізка». Сябра яго фізік Станіслаў Астапчык прымусіў выдаць літаратурныя спробы. Скажу вам шчыра: і фізік, і лірык мой браток, працытую толькі адзін яго верш: «Я цуд зімою неяк напаткаў, сышоўшы са знаёмае сцяжынкі: ручай празрысты пад ільдом хістаў жывых травінак гнуткія сцяблінкі». Характары вельмі добрыя ва ўсіх маіх братоў. Гады два як памёр старэйшы наш, Аляксей. Ён быў выдатным матэматыкам, працаваў у Белдзяржуніверсітэце, напісаў шмат падручнікаў. А самы малодшы, Сяргей, з залатым медалём скончыў рускамоўную школу ў Мазыры. Веды трывалыя меў, марыў стаць лётчыкам. Ездзіў у Саратаўскую вобласць, імкнуўся паступіць. Але не вытрымаў іспыту па фізічнай загартоўцы, хаця і трывушчы быў. Пайшоў у філалогію, быў рэктарам Брэсцкага педінстытута. Уяўляеце, якую вядомасць маленькай палескай вёсачцы Іванкаўшчына прынесла толькі адна сям’я Гусакоў? І як гэта здорава, што славуты вучоны і сёння сэрцам горнецца да свайго вытоку, што прыгажосць зямлі бацькоўскай натхняе яго на стварэнне цудоўных паэтычных радкоў. Няхай жа не перарываецца вечная наша повязь з радзімай!
Фото аўтара
Новости

0 Обсуждение Комментировать