Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Рудзянец: Буда-Кашалёўскі раён

5038 0 17:38 / 05.11.2019
Па аповедах старэйшых вяскоўцаў, у 1943-м непадалёк ад цяперашняй вуліцы Камсамольскай знаходзіўся лагер нашых ваеннапалонных. Праз калючы дрот сяляне стараліся падкінуць ім хоць крыху харчавання. Акупанты знішчылі палонных так: адправілі грузіць зерне, і змораныя голадам вязні наеліся таго жыта. Іх целы скідвалі ў дзве вялікія ямы, перакладаючы драўлянымі шчытамі.



На сыходзе кастрычніка, калі зямлю яшчэ не пасерабрылі маразы, і сонечныя калматыя аблокі нізка і павольна плывуць над ёю, адчула літаральна смагу палюбавацца прыгажосцю гэтай цудоўнай зямлі.

Вялікая, шматлюдная па сённяшніх мерках вёска Рудзянец ва Узоўскім сельсавеце раскінулася абапал шасейкі.

Імчаць машыны і аўтобусы, рух не спыняецца па асфальтавай стужцы. Але і вёска жыве сваім спаконвечным рытмам: працуе на зямлі, у гародчыках, на падворках. Гаспадыні сабралі ў сваіх палісадніках россып хрызантэм самых розных колераў, звязалі іх у агромністыя букеты, і тыя радуюць вока ўсіх прахожых.

Вось і я, ідучы ад хаты да хаты, толькі спраўлялася фіксаваць фотаапаратам гэтую восеньскую прыгажосць. І чула ад многіх жанок: «Ой, каб жа вы да нас улетку прыехалі! Тут у нас усё так цвіло!» Не сумняваюся, даражэнькія. Ды і вы самі, бы тыя кветкі. Хаця і без макіяжу, і рукі спрацаваныя, вы — кветкі зямлі нашай!

Таццяна Нікіціна

Увішная, спраўная ў працы, бы тая пчала, яна кружляла вакол сваіх кветак на вуліцы Камсамольскай, падпраўляла букеты, любавалася сваёю ружаю, што яшчэ насуперак восені гарэла барвовым полымем.

Таццяна Нікіціна

— Мы тут з 60-х гадоў мінулага веку жывем і працуем. На бацькоўскім селішчы мама будавалася, і мы раслі, — распавядае гаспадыня. — 42 гады ў Гомель на працу ездзіла, швачкай-матарысткаю на фабрыцы «8 Сакавіка». Штодзень уранку на чыгунку подбегам! І ні хвіліны не думала, што пакіну гэты свой куточак, свой Рудзянец. Цяпер калі ў горад ступлю, хутка вельмі ім здаволюся і адчуваю: сялянка я! І з гэтай зямлі — нікуды.

Паглядзела з дварышча Таццянінага, выкладзенага пліткаю, на лапік зямлі з градкамі, цяпліцаю. А яна бы ў дапаўненне: «А за гэтым кавалкам яшчэ з гектар... Зараз пакажу, як мая бульбачка прыгожа сёлета цвіла». Прынесла мабільнік, і давай з гэтай лічбавай памяці выкідваць на экран такія кадры. Вось табе гераіня! Рабочая і сялянка ў адной асобе. Дарэчы, працавітасць на каранях роду ўзрасла: маці Таццяны, Марыя Кароль, 40 гадоў адпрацавала на вагонарамонтным заводзе ў Гомелі (цяпер вагонабудаўнічы). Калі ж я пабачыла лазню, якую збудаваў сын маёй гераіні Віталь (працуе на «Беларуснафта-Асобіна»), зразумела: працяг дынастыі вельмі годны.

— У мяне ж яшчэ і дачушка ёсць, Іна, дыспетчар яна. Дзецьмі сваімі вельмі задаволена, — па-мацярынску шчыра падзялілася Таццяна. Як сапраўдная гаспадыня, яна дбае, каб на Камсамольскай вуліцы быў парадак!

З гісторыі вёскі

Па пісьмовых крыніцах яна вядома з канца XVIII стагоддзя як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага.

У 1848 годзе праз вёску праходзіла паштовая дарога з Гомеля ў Жлобін. Народнае вучылішча адкрыта тут у 1868-м. 167 хлопчыкаў і дзяўчынак навучаліся ў 1905 годзе. І ўявіце: да 9 мая 1923 года Рудзянец быў цэнтрам воласці, у якую ў 1890-м увахо­дзілі 32 населеныя пункты (1475 двароў!) Згодна перапісу 1897 года вёска была ў Гомельскім павеце Магілёўскай губерніі, тут меліся народнае вучылішча, царква, хлебазапасны магазін, тры ветракі, кузня, аддзяленне паштовай сувязі, тракцір.

З 8 снежня 1926-га па 16 ліпеня 1954-га — цэнтр Рудзянецкага сельсавета Уваравіцкага раёна Гомельскай акругі, а з 20 лютага 1938 года — Гомельскай вобласці.

У 1930-м тут быў арганізаваны калгас. У 1976 — 1981 гадах — цэнтр Калінінскага сельсавета. Цяпер у будынку былой сярэдняй школы створана прадпрыемства па вытворчасці сэндвіч-панэляў. Працуе прадуктовы магазін.

Марыя Абрамава

Яна лічыцца старажылам вёскі. У свой 91 год ўжо рэдка выходзіць з хаты. Таму і спатрэбілася ў праваднікі Таццяна, якой цётка па-суседску давярае ключы. Цікаўлюся ў бабулі, сем’і з якімі прозвішчамі жылі тут перад Вялікай Айчыннай?

Марыя Абрамава, захавальніца гістарычнай памяці Рудзянца 

— У нас вялікая вёска была і тады, ці ж згадаць усіх? — гаворыць ветэран працы, былая повар. — Дубковы, Федарэнкі, Арловы, Кульбаковы, Чудавы, Яўмененкі, Музычэнкі, Шпак...
Сама ж цётка Марыя сваё прозвішча атрымала ад мужа-бранца, удзельніка Вялікай Айчыннай, Анатоля Сямёнавіча. Ён браў Кёнігсберг, удзельнічаў у непрацяглай вайне з мілітарысцкай Японіяй. Пазнаёміліся маладыя ў пасляваенны час, завочна, па перапісцы. Тройчы Марыя адпраўляла назад у Бранск закаханага ў яе хлопца: правярала яго пачуцці. А потым сама напісала яму: «Вяселле наша будзе на жнівеньскае храмавае свята вёскі, Прачыстую...»

Цяпер вялікі фотапартрэт яе гаспадара, былога шафёра, са шматлікімі ваеннымі і працоўнымі ўзнагародамі ўпрыгожвае, бы ікона, кут хаты. Сваю цяперашнюю адзіноту жанчына і падзяляе з ім, а яшчэ з Таццянаю і сацыяльным работнікам Ганнай Бордак, што прыязджае з Уваравічаў. І так шчыруе тут, што Леанідаўна адзначыла: «Яна мне, лічы, як дачка. Вельмі павязло на гэтую працаўніцу. У мяне і ў двары, і ў хаце ніколькі не горш, чым тады, калі сама я была рухаваю. Шчырае дзякуй і суседач­цы Таццяне, кожны дзень адведвае, і ў лазню заўжды запрашае».

Цётка Марыя падзялілася і самым балесным, перажытым у першыя дні варожага нашэсця, калі яна, падлетак, ледзь не расплацілася жыццём за... курэй, у якіх дзеля забавы гітлераўскія салдаты з афіцэрам кідалі сцізорыкамі. Дзяўчына бегала вакол, «кышкала» і разганяла дарагую для сям’і жыўнасць, пакуль вяскоўцы не ўратавалі яе саму.

— А ці можна забыць, як немцы трасіруючымі кулямі пабілі ў схованцы пад падлогаю ўсю нашу бульбачку, літаральна ў кашу ператварылі? — выгукае жанчына, і бачна, што боль і нянавісць да чужынцаў і сёння жыве ў яе душы. — Ведаеце, учора пагля­дзела навіны і жахнулася: чаго гэта амерыканцы пруць у наш бок? Спаць не магла, паверыце? Гэта ж яны ад мяжы, як мы ад Касцюкоўкі, кіламетрах усяго ў 15... Дай, божа, сілы духу нашаму Прэзідэнту і ваенным усё вырашыць так, каб гэта навалач як хутчэй назад за свой акіян рушыла!

Як не падзяліць гэтае перажыванне сціплай вясковай жанчыны? Хаты Рудзянца, упарадкаваныя людскія падворкі — лепшае сведчанне таго, як людзі любяць свой куток, даражаць ім, уласнай працай адраджаюць яго. Гэта ж самы выдатны помнік усім, хто жыў на гэтай зямлі раней, хто страціў жыцці дзеля Перамогі.



Алена Дубкова, ветэран пошты, шчаслівая, што дзве яе дачкі і сын жывуць паблізу, на роднай Будакашалёўшчыне 



Абрамавы ў маладосці 


Валянціна Супічэнка, маці дзвюх дачок і двух сыноў, захоплена развядзеннем вінаграду 


Ураджэнец Алтая былы работнік гомельскага Гідрапрывада Уладзімір Лямешкін таксама парадніўся з Рудзянцом 


Прадавец Ларыса Салаўёва, маці чатырох сыноў, бабуля васьмі ўнукаў, сярод якіх 6 хлопчыкаў!




Фото аўтара ш з сямейнага архіва Абрамавых
Общество

0 Обсуждение Комментировать