Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Беларусь турыстычная: музей стараверства, палац Козел-Паклеўскіх, мемарыяльны комплекс, Гомельская вобласць

4603 0 23:18 / 30.10.2017

дворец-Козелл-Поклевских.jpg
Расказвае Аксана Султанава:

– У час двухдзённага семінара-нарады з калегамі з Магілёўскай вобласці, у якім я прымала ўдзел, для нас арганізавалі экскурсію па Гомельскім парку, а затым паездку у г.п. Ветка. І вось тут нас чакаў цуд. За сваю гісторыю падарожжаў была ў многіх музеях: Дрэздэнскай галерэі, Палацы Юсуповых, Эрмітажы і г.д. Але асаблівае ўражанне пакінуў Веткаўскі музей стараверства і беларускіх традыцый ім. Ф.Г. Шклярава.
Менавіта там я ўпершыню з цікавасцю слухала аб стараверах, пра тое, як яны з'явіліся на тэрыторыі Беларусі, аб іх побыце, культуры. У музеі прадстаўлены стараверскія абразы, старадаўнія рэлігійныя кнігі, прадметы побыту і адзення. У музеі акунаешся ў сапраўдныя старадаўнія традыцыі і абрады старавераў. Усім раю яго наведаць.
І яшчэ адно выдатнае месца ў нашай вобласці – помнік палацава-паркавай архітэктуры другой паловы XIX стагоддзя – Чырвонабярэжскі палац Козел-Паклеўскіх. Тут здзіўляе ўсё: і незвычайны будынак палаца, і парк са сваімі таямніцамі.
Аказваецца, на працягу чвэрці ХІХ стагоддзя ў вёску Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна з далёкай Сібіры прыязджалі на адпачынак уласнікі сядзібы Козел-Паклеўскіх. Сядзіба, а галоўнае – маёнтак, які цяпер знаходзіцца на рэстаўрацыі, быў пасагам (прыданым), з якім за В.А. Козел-Паклеўскага аддаў сваю дачку Марыю генерал-лейтэнант М.С. Гатоўскі. Зараз сядзіба з'яўляецца помнікам архітэктуры ХIХ стагоддзя і ўзята пад ахову дзяржавы.
У Козел-Паклеўскіх была свая вінакурня, дзе яшчэ ў ХІХ стагоддзі выпускалі спірт мацункам у 80 градусаў. Таксама мелася стайня, дзе ў 1909 годзе Паклеўскі вывеў уласную пароду коней. Мяркую, што па праву экскурсаводы ахрысцілі гэты помнік архітэктуры «жамчужынай турызму» Гомельскай вобласці.
Непадалёк размешчаны Чырвонабярэжскі мемарыяльны комплекс «Дзецям – ахвярам вайны». Пра вайну можна шмат казаць, але, як мне здаецца, варта адзін раз наведаць гэты комплекс, узяўшы з сабой сваіх дзяцей, і гаварыць не давядзецца. Дастаткова ўбачыць тоненькую фігурку дзяўчынкі, якая ўвасабляе ўсіх дзяцей, загінуўшых у дзіцячым лагеры смерці, прачытаць ліст дзіцяці, сагнанага ў фашысцкую Германію…
У вайну тут размяшчаўся перасыльны лагер – сартавальны пункт, куды з розных рэгіёнаў Беларусі паступалі палонныя фашыстамі дарослыя і дзеці. Многіх дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў акупанты пакідалі ў Чырвоным Беразе спецыяльна, бо накіроўвалі ў дзіцячы донарскі лагер, таксама створаны ў Чырвоным Беразе.
Адкрыты ж мемарыяльны комплекс, які носіць сёння афіцыйную назву «Дзецям – ахвярам Вялікай Айчыннай вайны», быў у канцы чэрвеня 2007 года. У акуратнай алеі сустракае тоненькая, бронзавая дзяўчынка-падлетак з паднятымі над галавой скрыжаванымі рукамі і шырока разведзенымі пальцамі. Цэнтрам кампазіцыі гэтага ўнікальнага помніка-ансамбля з'яўляецца «Плошча Сонца». Ад яе разыходзяцца восем промняў: сем з іх – залацістыя, якія сімвалізуюць дзіцячыя мары, а адзін – чорны, які вяртае ўсіх у скажоную вайной рэальнасць. У цэнтры «Плошчы Сонца», знаходзіцца "папяровы «Караблік Надзеі». Гэта скульптурная метафара увасаблення няздзейсненых мараў загінуўшых дзяцей.
Я б сказала, што ён створаны для ўсіх нас і ў першую чаргу для сучасных дзяцей. Усе наведвальнікі мемарыяла пранікаюцца болем няздзейсненых мараў амаль двух тысяч Чырвонабярэжскіх вязняў, а праз іх – і ўсіх ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Але ж разам з тым з’яўляецца невыразнае словамі пачуццё падзякі, што мы не ведаем усіх гэтых жахаў вайны, але абавязкова павінны памятаць, якой цаной нашым продкам дастаўся гэты мір!
hoiniki.by


Хойникский район

0 Обсуждение Комментировать