Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Як тураўскія пенсіянеры ў Жыткавічы за перамогай ездзілі

3119 0 15:44 / 20.12.2017
У нашым драматычным калектыве пяць удзельнікаў — трое пенсіянераў: я, мая сястра Маруся, Марусін чалавек Уладзімір і дзве работніцы Дварэцкага ГДК — Марына Сакалоўская и Ліля Мароз. Дзесятага снежня наша маленькая творчая група накіравалася ў Жыткавічы для ўдзелу ў раённым аглядзе-конкурсе драматычных калектываў «Нам засталася спадчына», прысвечаным 135-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Пераможца раённага конкурсу — драматычны калектыў Дварэцкага ГДК: Марына Сакалоўская, Любоў Аўдзейчык, Шуткіны Уладзімір і Марыя, Ліля Мароз.
Цяпер раскажу, як мы дабіраліся да райцэнтра. Гэтай паездкі магло і не быць, бо шостага снежня адбылося надзвычайнае здарэнне: даў трэшчыну бетонны мост праз Прыпяць, які злучаў Жыткавічы і Тураў. За дзень да паездкі сустракала на нашым беразе Прыпяці сваху. Яна пасля аперацыі ў райбальніцы дабіралася дамоў, праз рэчку — на лодцы. І калі загадчыца клуба патэлефанавала: ехаць ці не, я адказала: едзем, на лодках дабяромся, ды і ў навінах абяцаюць да дванадцаці гадзін пантонны мост збудаваць.
Экстрым, энтузіязм, жаданне перамагчы адолелі нас, і мы адправіліся у райцэнтр. З касцюмамі і рэквізітам пешшу па бездарожжу два кіламетры да Прыпяці. На берагу рэчкі чакаем пераправу, бачым як будуецца пантонны мост. Каля вады холадна. Мая нага пакаўзнулася, я глянула ўніз і кажу сяброўкам: «Мусіць грошы...?». Сагнулася — бачу: ляжаць у снезе рассыпаныя гарбузовыя семкі і між імі 10 капеек — адзінкаю кверху. Падымаю і кажу: «Едзем за перамогай! Толькі першае месца, а капейка — наш талісман».
Надзелі жылеты, селі ў гумавую лодку і паплылі на другі бераг Прыпяці. Зноў пешшу два кіламетры па камяністай насыпанай дарожцы. Навокал дрэвы, кусты, трава — усё нібы срэбрам абсыпанае. Любата! Мы — нястомленыя, мы бадзёрыя ад свежага паветра і прыгажосці родных мясцін!
І тут нам пашанцавала: у шафёра халасты рэйс на Жыткавічы, і мы ўжо з камфортам прыехалі на месца.
У зале 24 гурты ўдзельнікаў. Мы выступаем чатырнаццатымі. Ёсць час дух перавесці. Выходзім, выкладаемся на сцэне як можам. Затым чакаем фінал... Бачылі б вы, як мы, пенсіянеры сярод моладзі, атрымлівалі ўзнагароду — дыплом першай ступені ў намінацыі «Драматычны калектыў»! Мы скакалі як дзеці, не хавалі сваіх эмоцый!
Дзякуй работнікам МЧС и салдатам за пантонны мост. У той жа дзень у 15 гадзін па пантоннаму масту мы ўзнёслыя і шчаслівыя ехалі з перамогай у родны Тураў!
Фото автора
Житковичский район

0 Обсуждение Комментировать