“Благаславі, Божа, вясну заклікаці!”

17.02.2011
Цікавы абрад “Стрэчанне” прайшоў у мінулы аўторак, на свята Грамніцы, у вёсцы Новае Палессе Лельчыцкага раёна. Тут вельмі беражліва ставяцца да традыцый продкаў, якія зберагаюцца дзякуючы народнаму фальклорнаму калектыву “Палескія напевы”. Абрад пачаўся пасля святочнай службы ў мясцовай царкве Уваскрэсення Хрыстова. Адным з галоўных сімвалаў стала стрэчанская свечка. Спрадвеку лічылася, што яна валодае вялікай сілай, таму і зараз з малітвай з ёй абходзяць кожны кут у хаце і на падворку, каб засцерагчыся ад усялякіх бед. Жанчыны, дзеўкі і хлопцы спявалі святочныя песні, гукалі вясну. Разам з ёлкай, якую ўпрыгожылі кветкамі, вадзілі карагод: “Як павесялела ёлачка ад нашых кветак, так і зямелька зазелянее”. А потым на санях аб’язджалі вуліцу за вуліцай, пасля чаго ўрачыста прымацавалі ёлку да крыжа, які абараняе вёску. Мастацкі кіраўнік калектыву “Палескія напевы” Надзея Кужалевіч патлумачыла, што менавіта ёй пра абрад “Стрэчанне” распавядалі маці і хросная. Як збіраліся ўсёй вёскай, як дзеўкі прыбіралі ёлку, як ха­дзілі з іконай вакол сяла і прасілі ў Бога благаславення. А потым усе садзіліся за вялікім сталом і частавалі адзін аднаго спецыяльна падрыхтаванымі да свята стравамі. І радаваліся: перазімавалі, хутка вясна!