Старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей сёння ўпершыню ўручаў дыпломы і кветкі творцам, якія падрыхтавалі ў мінулым годзе рукапісы лепшых кніг

23.01.2020
Літаратурная прэмія імя Кірылы Тураўскага заснавана аблвыканкамам у 2013 годзе і штогод уручаецца толькі на Гомельшчыне, зямлі, якая ў свой час дала свету чатырох народных пісьменнікаў Беларусі. Таму і гэтая ўрачыстаць напярэдадні пасяджання аблвыканкама з уручэннем толькі што выдадзеных кніг стала асабліва яркай і запамінальнай для літаратараў рэгіёна.


Сёлета прэмія ўручана ў пяці намінацыях. Шчыра віншуем пераможцаў: членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі Алену Матвіенка (паэзія), Міхаіла Кавалёва (проза), Соф’ю Шах (дзіцячая літаратура), Вольгу Раўчанку (публіцыстыка і літаратурная крытыка), журналіста газеты “Гомельскія ведамасці” Вольгу Астапенку (адкрыццё года, паэзія). Адметна, што на ўрачыстаці ўшанавалі ганаровай граматай аблвыканкама за высокі прафесіяналізм і вядучага фотакарэспандэнта “БЕЛТА” Сяргея Халадзіліна. Віншуем!


Прэзентацыя выдадзеных кніг лаўрэатаў у абласной універсальнай бібліятэцы імя Леніна стала працягам цудоўнага літаратурнага свята. Шчыра прывітала пераможцаў конкурса першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Інга Заўгародняя. Як заўсёды, у галоўным кніжным храме далі слова кожнаму творцу, зрабілі яркім і самабытным кожнае выступленне. Многія чытачы ленінкі сталі ў чаргу, каб атрымаць аўтограф у лаўрэатаў.

Старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзімір Гаўрыловіч выказаў словы шчырай падзякі аблвыканкаму за матэрыяльную патрымку літаратурнай традыцыі, выданне кніг, а калектыву абласной бібліятэкі за цудоўнае свята з удзелам акцёраў, юных выхаванцаў гомельскага дзіцячага сада №49, навучэнцаў каледжа мастацтаў імя Н. Сакалоўскага.
Цяпер пісьменнікаў чакаюць сустрэчы ў самых розных чытацкіх аўдыторыях, знаёмства з іх кнігамі і іншых жыхароў Гомельшчыны ў Год малой радзімы.