14 лістапада ў 12 гадзін у Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце адбудуцца навукова-адукацыйныя чытанні
14.11.2013
Тэма «Хрысціянскі погляд на актуальныя праблемы сучаснай медыцыны». Сустрэча будзе арганізавана ў рамках супрацоўніцтва паміж Міністэрствам аховы здароўя і Беларускай праваслаўнай царквой. Яе арганізатарамі і ўдзельнікамі стануць Гомельскі медуніверсітэт, Гомельская епархія, таварыства праваслаўных студэнтаў медуніверсітэта. На парадку дня — абмеркаванне навуковых аспектаў транспланталогіі, геннай інжынерыі і іншых галін медыцыны, якія імкліва развіваюцца сёння ў Беларусі. Унікальнасць навукова-адукацыйных чытанняў, па меркаванні арганізатараў сустрэчы, заключаецца ў магчымасці ўбачыць гэтыя праблемы праз прызму хрысціянства і біаэтыкі. Удзельнікі форуму ўзнімуць праблемы эўтаназіі, вынясення смяротнага дыягназу пацыенту і іншыя сацыяльныя пытанні. Не застанецца без увагі і адукацыйны працэс будучых урачоў. Удзельнікі чытанняў паспрабуюць высветліць, які ўплыў мае хрысціянская вера на фарміраванне медыцынскага мыслення. Сярод удзельнікаў сустрэчы будуць замежныя госці з Харватыі і Ізраіля. Са словамі прывітання да ўдзельнікаў навукова-адукацыйных чытанняў выступяць епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан і рэктар медуніверсітэта Анатолій Лызікаў.