Вандроўка сорак першая. Ягаднае, Веткаўскі раён
11.02.2017Траскучы мароз і сонца былі аздабленнем лютаўскага дня. У такі час вёска становіцца бязлюднай. Асабліва калі ў ёй нават дзясятка жыхароў не набярэцца, а многія хаты ўжо пахаваны, ці як здані-прывіды ўглядаюцца ў вандроўнікаў.
Ягаднае... Якая прыгожая назва! І шкада, што вёска дажывае свой век разам з дзвюма бабулямі на вуліцы Слабада.
Мамачкі-зязюлькі мае!
На званок нам адчыніла Ніна Кавалёва. Яе споведзь пра ўласнае жыццё перапынялася спеўным выслоўем «мамачкі-зязюлькі мае». Гэты выраз, мне здаецца, як нельга лепш адлюстроўвае душэўнасць, шчырасць, дабрыню гэтай сялянкі. Як ні выкручваў лёс, а душа не ўвабрала ні кроплінкі злога.
Яе дзядулю Івана Цімафеевіча Помазава раскулачылі. Яна ж, Ніна, усім сэрцам успрыняла калгасны лад жыцця, шчыравала ў роднай гаспадарцы «Кастрычнік». У той час дзве вуліцы Ягаднага (амаль 70 двароў) былі дзвюма брыгадамі.
— Папрацавалі мы, ой, як папрацавалі, але ўсё гэта было з такой радасцю, бо па працы і мелі, — дзеліцца цётка Ніна. — Збажыну жала, лён брала. Гадоў пяць я даяркай шчыравала. Ды чым толькі не займалася! У калгасе нашым было багата кароў, авечак мноства, куратнік вялікі. Ды і мы, кожны гаспадар вёскі, трымалі жыўнасць. Колькі свінаматак, парсючкоў выгадавала, мамачкі-зязюлькі мае! Бывала, пагрузіш у яшчыках на воз, і ў гадзіну ночы выязджаеш у Гомель на кірмаш. Па 50 — 70 рублёў за парася! Назад вяртаешся з такой радасцю, што ўсё збыла, вязеш кішэню грошай. Я ж удавіцай засталася рана, муж у 35 гадоў сыйшоў. Дык ведаеце, круцілася як тая вавёрка ў коле, і радасна было, што магу сама сыну матацыкла яго запаветнага набыць, а дачушцы — паліто з каўняром і шапку, не горш чым у іншых. Грошай я на пошту, на кніжку ашчадную, нанасіла багата. Тады «Волга» каштавала 9600, а ў мяне амаль на дзве машыны было.
Згарэлі тыя грошыкі ўдовіны. Але ж нягледзячы ні на што, як самы светлы і радасны час свайго жыцця цётка Ніна згадвае, якой заможнай была яе вёска. «Тады на лімузінах не раз’язджалі, жылі больш па сумленні, хабару кіраўнікі не бралі. Была дысцыпліна, быў парадак, хто б што ні казаў сёння пра камуністаў!» — зазначае далёкая ад вялікай палітыкі сялянка...
Увесь час, калі мы гутарылі з цёткай, хтосьці шкрабаў каля печы. Аказалася, куркі і пеўнік. Сялянка пашкадавала іх і ў мароз перасяліла ў хату.
— Я ж учора ім загончык зрабіла, мамачкі-зязюлькі мае. Узяла колькі дошчачак, стала на каленцы і збіла гваздамі іх, — расказвае цётка Ніна. — І ледзь паднялася сама... Вось які ўжо ўзрост падціскае: з каленцаў сам чалавек устаць не можа.
Яна шчыра распавядала, што галоўная ўцеха — дзеці, унукі. Валя працавала сакратаром-машыністкай у розных арганізацыях у Касцюкоўцы, а зараз на пенсіі. Валодзя — кранаўшчык у Гомельскім порце. Унукі — Ванюша на «Гомсельмашы», Кацюша — выхавацелька ў дзіцячым садку. І ўсе штотыдзень пачаргова прыязджаюць да яе, матулі і бабулі, бо непакояцца, як яна? Ды вельмі ўжо цёпла ў яе гасцінным доме, з якога пайшлі ў вялікі свет.
Лідка-сучкаруб
Каб прабрацца да суседкі па вуліцы, нам прыйшлося, як кажуць, зайсці з тылу, па глыбокім снезе, адчыніць варотцы каля гаспадарчых пабудоў. Грукнулі ў дзверы, і нарэшце азвалася цётка Ліда, 1935 года нараджэння. Холадам і адзінотай, неўсталяванасцю патыхнула з жытла. Цяжка заставацца аднаму. Хваробы даймаюць, глухата, мала што радуе.
— Як жа вы ў мой двор зайшлі? — пацікавілася жанчына. — Баюся неспадзяваных гасцей. Ды радасна, калі сёстры завітваюць з Гомеля і Рагачова. А так іншы раз толькі датупаем адна да другой з суседкай Нінай, хоць словам перакінуцца.
Ураджэнка вёскі Курган Жлобінскага раёна, Лідзія Астапенка пасля сямігодкі завербавалася ў Карэлію.
30 гадоў адрабіла ў брыгадзе на валцы лесу, сучкарубам. Там і абранніка сустрэла, беларуса Уладзіміра, з Ваўкавыска. Вадзіцелем працаваў ён на вялікім лесавозе. Ды гора напаткала. Неяк зімой ў слізгату занесла машыну ў кювет, а шафёра бярвеннямі заціснула. Вярнулася Лідка з заробкаў у Беларусь адна-аднымачка, вырашыла хату набыць. Купіла ў Ягадным, тады яшчэ шматлюднай вёсцы. Без мужыка пражыла: магла сама ўсё рабіць. Гаспадарку трымала. Цяпер ужо саму сябе дагледзець цяжка. Але ж і яна яшчэ курак з пеўнікам гадуе, пасяліла іх у марозны час у хаце, каля печы. Певень вельмі ўжо адметны, сыйшоў бы на вокладку любога выдання як сімвал сёлетняга года.
Хай жа будзе 2017-ы для нашых гераінь з Ягаднага як мага цяплейшым і шчодрым! Што ні кажы, а працай сваёй яны заслужылі гэта спаўна.
З гісторыі вёскі Ягаднае
Вядома з XX стагоддзя. З 1929 года — у складзе Шарсцінскага сельсавета Веткаўскага раёна Гомельскай акругі. Тады мелася 17 двароў, 102 жыхары. Калгас на землях Ягаднага ўтварыўся ў 1930-м. Перад Вялікай Айчыннай у вёсцы было 68 двароў, 142 жыхары. Акупанты спалілі 41 двор. Пяцёра вяскоўцаў загінулі на фронце.
160 жыхароў насялялі Ягаднае ў 1959-м. У 2004 годзе вёска налічвала 24 гаспадаркі, 32 жыхары. Храмавае свята вёскі — Другая Прачыстая.
Ягаднае з’яўляецца радзімай знакамітага камбайнера Героя Сацыялістычнай Працы Георгія Катлярова, ганаровага грамадзяніна Веткаўскага раёна. Георгій Макаравіч узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, шматлікімі медалямі. Зараз жыве на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі — у аграгарадку Шарсцін, у пяці кіламетрах ад Ягаднага. Шарсцін — радзіма слаўнага лётчыка, Героя Вялікай Айчыннай вайны Якава Мініна, 95-годдзе якога адзначаць землякі 22 красавіка.
Паблізу Ягаднага знаходзіцца радовішча цагельных глін і суглінкаў. Колісь тут працаваў цагельны завод.