Глушэц. Вандроўка сорак трэцяя

01.06.2017
Гэты куточак лоеўскай зямлі і сапраўды як неверагодна прыгожая планета. Асабліва ў час вясновага цвіцення.
Воднае люстэрка возера, аднайменнага з вёскай, зачароўвае, а суседства Дняпра яшчэ больш уплывае на расліннасць: сакавітая зеляніна мурагу, дрэў так і вабіць раскінуць рукі ўшыркі і закрычаць ва ўсю моц свайго голасу: пры-го-жа, хо-ра-ша! Каб пачулі на Брагіншчыне і ў украінскім Любечы, што літаральна насупраць... Але ж памяць выхоплівае з глыбіні сэрца аповед мясцовых жанчын, дзяцей вайны аб тым, як чапляліся, угрызаліся ў гэты глушэцкі бераг у ноч на 2 кастрычніка 1943-га нашы салдацікі, сваімі целамі літаральна высцілаючы мост па Дняпры. І кожнай падэшвай, здаецца, адчуваю святасць гэтага лапіка, ступаю ашчадна, беражліва.
Іду да помніка загінуўшым воі­нам 81-й Чырванасцяжнай ордэна Суворава стралковай дывізіі 61-й арміі, 22 Героям Савецкага Саюза, які ўласнаручна зрабіў у 1982 годзе Афанасій Шкляраў, цяпер ужо старажыл знакамітай вёскі Дзяражычы. Ветэран-рачнік, былы капітан рачнога ледакола “Палярны”, яшчэ ў 1954-м удастоены ганаровага звання лепшага штурмана Міністэрства рачнога флоту адзінай тады краіны. Звычайным малатком і зубілам Афанасій Гаўрылавіч карпатліва выбіваў на металічных пласцінах помніка ў Глушцы прозвішчы загінуўшых, зрабіў усё якасна, на стагоддзі.
І ў сёлетні Дзень Перамогі ля помніка сабраліся жыхары Глушца, у асноўным жынчыны, дзеці вайны, салісткі народнага фальклорнага гурта “Лутава”, дачнікі перачыталі пайменна прозвішчы герояў фарсіравання Дняпра. Усклалі кветкі, узнеслі малітву. Згадалі вершы Афанасія Шклярава, настолькі сугучныя з іх уласнай доляй.
З гісторыі вёскі
Вядома з XIX стагоддзя ў складзе Дзяражыцкай воласці Рэчыцкага ўезду Мінскай губерніі. У 1879 годзе праз вёску праходзіла дарога з Мазыра ў Чарнігаў. Дзейнічалі прыстань і паромная пераправа. У 1879 годзе Глушэц — у ліку паселішчаў Дзяражыцкага царкоўнага прыходу.
У пачатку XX стагоддзя тут быў сенапрасавальны завод, на ім у 1913 годзе працавалі 137 рабочых.
З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 вёска была цэнтрам Глушэцкага сельсавета Лоеўскага раёна Рэчыцкай, а з 9 чэрвеня 1927 года — Гомельскай акругі. Калгас “Прасвет” арганізаваўся ў 1931-м, працавала кузня.
Перад Вялікай Айчыннай вайной у Глушцы былі 102 двары, 427 жыхароў. У 1943 годзе акупанты спалілі вёску і забілі пяць жыхароў. З 1959 года гэтыя землі ў складзе калгаса “Дняпровец” адносіліся да Сяўкоўскага сельсавета, зараз — у Бывалькаўскім.
Тут пачыналася “Лутава”
Дом салісткі народнага фальклорнага гурта “Лутава” Таццяны Хлебінай першы ад помніка героям 61-й арміі.
— Мы тут з мужам, Уладзімірам Пятровічам, лічыце, на варце родных ваколіц, — дзеліцца Паўлаўна. — Зараз хат сем жывых у нашым Глушцы. Зімою глуха, сумна. Састарыліся і мы, некаторыя памерлі. Вольгі Рэвянок няма, Марыі Цыбульнік... У мінулым верасні яна сышла. Дзе ж тое дзенецца перажыванне, мацярынскае, за сына, калі Міколу ейнага ў Афган той кінулі... Усё ж праз сэрца прапускаем. Вера Рэвянок, самая з нас старэйшая, паехала да дачкі на Буда-Кашалёўшчыну, не ў сілах адна дажываць век. Шкода, памятаеце, як яна выцягвала “Расці, расці калінонька?..”

Суседкі Таццяна Хлебіна і Ганна Чарнянок
З’язджаюць на зіму да дзяцей, сваякоў Ганна Чарнянок і Валянціна Кошчанка. Ды і кіраўнік калектыву Тамара Шапавал некаторы час гасцявала ў дачкі ў Мазыры. Увесну ўсе вяртаюцца, радуюцца роднай вёсцы, хатам, якія ўлюбёна адмываюць, фарбуюць, упрыгожваюць ручнікамі і кветкамі. Зараз рупяцца ў агародах, бы адна перад адной стараюцца, каб ані травіначкі! Хваробы адганяюць песнямі, якія лічаць самым каштоўным скарбам.

Тамара Шапавал
Расказалі мне, што фальклорны гурт і зарадзіўся 30 гадоў назад у Глушцы. Соня, Валя, Галя, Анюта, Таня, Маня, Люся, Тамара (прозвішчы ўсіх складана згадаць) адгукнуліся на заклік тагачаснага кіраўніка клуба ў Сяўках Людмілы Дземідовіч. Пайшлі першыя рэпетыцыі. Падтрымалі і старшыня калгаса Васіль Царанок, галоўны аграном Надзея Торманава. А праз пару месяцаў і самыя спеўныя жыхаркі Старой і Новай Лутавы далучыліся. “Лутаву” ўзначаліла Тамара Шапавал з аднайменнай вёскі. Хутка ацанілі адметны спеў гурта ў Лоеве і Гомелі, запрасілі на абласное тэлебачанне. Запісалі касету, паўтара дзясятка песень, да свят народнага каляндара, шмат абрадавых.

Іх майстэрства спеваў чэрпалі “Песняры”. Лаўрэат фестывалю “Беларусь — мая песня” народны фальклорны гурт “Лутава” ў поўным складзе,
2011 год (злева направа): Ганна Чарнянок, Марыя Цыбульнік, Таццяна Хлебіна, Валянціна Кошчанка, Вольга і Вера Рэвянок, Тамара Шапавал
У доме Ганны Кошчанкі спявачкі выводзілі мне сваю візітоўку пра журава:
Ой, хадзіў жураў,
Да й па беражку,
Дай паглядваў ён на воду,
Ой, хто каго да й
верненька любіць,
той прыйдзе,
прыйдзе чэраз воду...
А потым загучала ў іх выкананні абрадавая вясельная, якую спяваюць на заручынах. Ды столькі ў галасах салістак жалю, што міжволі ўяўляецца мне ўласным галашэннем жанчын на развітанні са сваімі хатамі:
Ой, хадзіце на заручыны,
Дзе Галечка заручаецца,
Дзе Галечка заручаецца,
Да й ад роду адракаецца,
Да другога далучаецца.
Хочацца свята для іх
Юбілейным, 30-м, будзе сёлетні жнівень для глушэцкіх і лутаўскіх удзельніц фальклорнага гурта. І марыцца, каб адшукаўся ў архівах абласнога тэлебачання той іх запіс, калі былі жанчыны ў росквіце жыцця.
— Мелася і касета, старшыня гаспадаркі Васіль Царанок выкупіў яе для клуба ў Сяўках. Загадчыца Вольга Крот забрала, пазней яна паехала ў Маскву, кажуць, і цяпер там жыве. Вось бы знайсці тую касету! — дзяліліся сваёю марай спявачкі “Лутавы”.
Сапраўды, гэта па-сапраўднаму залатая касета! Каб жа па­шчасціла яе знайсці і аднавіць. Гэта б быў самы каштоўны падарунак да юбілею.
Гутарым пра гэта і з кіраўніком ансамбля-юбіляра Тамарай Шапавал. 48 гадоў працуе яна ў культуры, з іх 36 загадвала бібліятэкай, 30 — “Лутавай”. А пачынала кінамеханікам, 8 год адпрацавала. Гарэзлівая, добразычлівая, яна і сапраўды стала сэрцам гэтага самабытнага калектыву. З цеплынёй згадвае ветэранаў галіны — Валянціну Берасневу, Ірыну
Ру­дзько, Марыю Шумігай, гарманіста Фёдара Шынкарэнка, баяністаў Пятра Бондара, Эдуарда Пархоменка, Пятро Плюшчая, якія шмат паспрыялі станаўленню і развіццю калектыву.
— Зараз нас толькі чацвёра, але не здаемся, спяваем. Па тэлефоне звязваюся з жанчынамі, прызначаю месца рэпетыцыі, — дзеліцца Тамара Шапавал.— Збіраемся то ў Глушцы, то ў Лутаве. Са школьнікамі, сяўкоўскім калектывам “Спадарожнік” праводзім спеўкі, перадаем сваё майстэрства, песні нашых матуль і бабуль.
Перадаць у спадчыну
Глушэц зараз пакрысе ажывае. Некалькі хат купілі пад дачы лаяўчане, мінчане. Прыемна, што людзі рупяцца пра чысціню ваколіц, усёй вёскай сочаць, каб ля помніка героям фарсіравання Дняпра быў належны парадак. Тут і сапраўды райскі куточак, які хочацца перадаць у спадчыну нашчадкам.
Тамара Кручэнка
Фота з рэдакцыйнага архіва і аўтара