Гаўлі. Вандроўка сорак чацвёртая.

23.07.2017

Школа жыцця
Ёсць на карце роднай Беларусі мясціны, якія асацыіруюцца з героямі ранейшых газетных публікацый. Што тычыцца гэтай вёсачкі ў Патапаўскім сельсавеце Буда-Кашалёўскага раёна, то яна жыве ў памяці светлымі згадкамі пра Мікалая Казакова, дырэктара школы. Мікалай Аляксеевіч пасля выхаду на заслужаны адпачынак жыў у Гомелі, працаваў каардынатарам таварыства Кірылы Тураўскага і шмат добрага распавядаў пра сваю вёску. Пры стварэнні буда-кашалёўскай кнігі «Памяць» у першы том быў уключаны артыкул пра шклозавод «Возрождение» у ваколіцах Гаўляў, які быў знакаміты яшчэ напачатку XX стагоддзя. У 1923 годзе акурат гэты куток зямлі зачапіў моцны цыклон, які і разбурыў прадпрыемства. Аднаўляць яго не сталі: у 1930-м было прынята рашэнне аб будаўніцтве шклозавода ў Касцюкоўцы пад Гомелем, і шэраг рабочых-прафесіяналаў «Возрождения» стаў асновай калектыву новага прадпрыемства.
Шкада, але і лёс цудоўнай школы, разлічанай на 192 вучняў, у XXI веку спасцігнуў разбуральны лёс. Пашчасціла стрэцца ў Гаўлях з апошнім дырэктарам школы Міхаілам Пеўневым, які пасля Казакова 18 гадоў кіраваў калектывам.
— У 2002 годзе я ўжо адчуваў, што школу зачыняць, — падзяліўся Міхаіл Ягоравіч. — Дзяцей усё менш у вёсках. На той час і ў Салтанаўцы такую ж школу зачынілі. Восенню 2002 года мы з жонкай аселі ў Патапаўцы, перавезлі ў мясцовую школу і экспанаты гісторыка-краязнаўчага музея з нашай, гаўляўскай...

Гутарылі мы з Міхаілам Яго­равічам каля напаўразбуранай школьнай будыніны, і ў яго голасе чуўся боль. Будуем, ствараем, выхоўваем... І чаму так бязлітасна разбураем? Толькі бярозы, рабіны, клёны, ліпы, акацыі, пасаджаныя колісь Казаковым, Пеўневым і іх вучнямі, па-ранейшаму радуюць вяскоўцаў.
Біяграфічная нататка пра ветэрана педагагічнай працы з 42-гадовым стажам Міхаіла Пеўнева ёсць ў кнізе «Кто есть кто», выдадзенай у Мінску ў 2015 годзе. Ураджэнец вёскі Гаўлі шмат зрабіў для роднага краю і зараз узначальвае ветэранскую арганізацыю Патапаўскага сельсавета. У маі 2009 года Ягоравіч напісаў успаміны пра родны куток. «Праз пазнанне гісторыі свайго краю, гераічнага і трагічнага лёсу яго жыхароў, праз бачанне прыгажосці малой радзімы і творыцца работа па прывіццю пачуцця любові і адданасці сваёй радзіме», — сцвярджае ветэран-педагог у гэтых нататках. І як не пагадзіцца з такім меркаваннем?
Вучань
Колькі ж годных, сапраўдных людзей выхавана на гэтай зямлі, цяжка падлічыць. Сярод вучняў Казакова і Пеўнева, шматлікіх педагогаў таго часу ёсць і сапраўдная зорка — Валянцін Кірыленка, саліст заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі «Бяседа» Нацыянальнай дзяр­жаўнай тэлерадыёкампаніі, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Неаднойчы надаралася быць на яго выступленнях на розных сцэнах, бачыць, як людзі ў глядзельных залах уключаліся ў спевы, прытанцоўвалі, шчодра дарылі апладысменты падчас «Чаркі на пасашок». Аднак сёлетні майскі канцэрт «Бяседы» у Гомелі ў гарадскім цэнтры культуры быў асаблівым: прыехалі землякі Валянціна Кірыленкі з Гаўляў, Патапаўкі, Буда-Кашалёва, гамяльчане, карані якіх адтуль. І, канешне, матуля артыста, Зінаіда Іванаўна, узначальвала гэтую дэлегацыю: ветэран галіны сувязі з 35-гадовым стажам. Пазнаёміў тады з ёю, сваёй зямлячкай, паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валерый Вятошкін. Аказалася, Іванаўна
15 гадоў прыносіла ў дамы вяскоўцаў у Гаўлі і пасёлкі пошту, і нашу «Гомельскую праўду», а 20 гадоў пазней узначальвала аддзяленне паштовай сувязі.
На канцэрце многія слухачы праслязіліся, калі гучала песня «Бацькоўская хата», і Валянцін Кірыленка прадставіў публіцы сваю матулю, сказаў словы шчырага сыноўняга прызнання і ўдзячнасці. Пасля канцэрта спявак падзяліўся: «Мне, на жаль, рэдка даводзіцца прыязджаць да роднай хаты. Матуля бывае часцей, часцей сустракаемся на канцэртах. Дзякуй землякам, дзякуй усім, хто прыйшоў, хто любіць і шануе беларускую песню».

Бацькоўская хата
Канешне, едучы ў Гаўлі, карцела пабыць у сялянскай хаце спевака. У дварышчы гасцінна страчала нас Зінаіда Іванаўна. Кінулася ў вочы, які ідэальны парадак на градках, трава ў наваколлі пакошана.
— Няйнакш, Валянцін прыязджаў, — зазначыў Валерый Вятошкін. — Ён і касу трымаць не забыў?
— Так, стараецца, — з усмешкай сказала Іванаўна. — У мінулыя выхадныя прыязджалі мае мінчане. Валік сялянскай працы ад старэйшага сына Сяргея вучыўся, той у будаўнічай галіне працуе, у Калінкавічах жыве.
У пакоях, на сценах, канцэртныя афішы Валянціна і яго жонкі Людмілы, салісткі Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята». Пакуль разглядалі іх, знаёміліся з сямейным альбомам Кірыленкаў, Іванаўна паспела арганізаваць «бяседу». У няспешнай гамонцы ў сялянскай хаце, якая свеціцца такой мацярынскай любоўю і дабрынёй, што кожны згадваў і сваю, родную, слухалі спеўнае прызнанне земляка:
Хачу прыпасці
да роднай крыніцы
І да матулькі
шчакой прытуліцца...
Думалася: гэта і сапраўды мацярынскае шчасце — праз сына, яго талент, здзейсніць і сваю запаветную мару. Зінаіда ж у маладосці хораша спявала, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, марыла пайсці вучыцца па сцяжыне культуры, але ж не лёс.
Маналог матулі
— Бацька мой, інвалід вайны, даваў наказ як самай малодшай, каб даглядзела маці, нікуды не з’язджала: мама мая вельмі хваравітая была, — падзялілася Зінаіда Іванаўна. — Неяк сястра, што жыла ў Калінінградзе, даслала адтуль газету з аб’явай пра набор у музвучылішча. Планавала я туды паступаць, але ж як? Бацька памёр у 59-гадовым узросце. І выконвала яго запавет... Сынок Валік з пяці гадоў спявае. Песні чэрпаў ад бабулі Улляны Самцовай. Талент! У вёсцы ж раней па шчодрах хадзілі. Бывала, апранецца ў маю спадніцу і пабег шчадраваць. У першы клас пайшоў, малы такі! Дырэктар школы Казакоў (зямелька яму пухам!) паставіў на табурэтку, і Валік заспяваў звонка, хораша пра маленькага трубача. «Ён у нас артыстам будзе!» — як у ваду глядзеў Мікалай Аляксеевіч. Менавіта ён і патэлефанаваў у Гомель, у Палац піянераў: маўляў, ёсць у Гаўлях таленавіты хлопчык. Спецыяліст Валянціна Бартноўская паклапацілася, скіравала Валіка менавіта на той рэпертуар, які падходзіў. Спяваў харошую песеньку «Новоселы пионерской страны». З конкурса «Красная гвоздика» прыехаў наш артыст з дыпломам пераможцы і фотаапаратам. І зараз у сваім архіве захоўвае відэазапіс таго выступлення!
Рада я, што і ўнукі, Ромка і Ула­дзік, далучаны да музыкі і спеваў.
Жыві, куток родны!
Стану ля грэблі,
Гляну на хату,
Сэрцам адчую,
Што вінаваты.
Рэдкім я госцем
Сюды заязджаю,
За мітуснёю
Пра дом забываю...

Колькі непаказнога пачуцця ў выкананні гэтай песні! Па-зямляцку падпявалі мы Валянціну і яго Людміле пад кадры фільма «Спявай, душа». Няхай жа жыве вёска, крыніца такіх талентаў народных!