Зоркі на камбайнах

24.01.2008
Па ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур Мазырскі раён традыцыйна адносіцца да ліку лепшых у вобласці. А летась па выніках жніва ён быў прызнаны і пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва. А як жа ідуць справы ў пераможцаў сёлета? Аб гэтым я спытаў у кіраўніка раёна.
— Мы вырасцілі ўраджай яшчэ большы, чым летась. І валавы збор хлеба намераны павялічыць у параўнанні з мінулагоднім не менш як на 10 працэнтаў, — адзначыў старшыня райвыканкама М. У. Саўчык. — Зараз прымаем неабходныя захады, каб усё вырашчанае да адзінага зерня ўбраць. І паўсюдна ў сельскіх гаспадарках дабіваемся прыкметнага поспеху.
Далей Міхаіл Уладзіміравіч паведаміў, што на пачатак тыдня з планавага 10381 гектара абмалочана больш за палавіну. Сярэдняя ўраджайнасць складае каля 30 цэнтнераў з гектара. У асобных гаспадарках яна перавышае і гэты рубеж. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК М. Ф. Аляхновіч дадае:
— У нашым раёне многае зроблена па мабілізацыі хлебаробаў на хуткае і якаснае правядзенне жніва. Добра прадумана аплата працы. Пераможцы спаборніцтва ў кожнай гаспадарцы па выніках уборачных работ атрымаюць тэлевізары і халадзільнікі. Лепшыя экіпажы будуць прэміраваны і ў раёне.
Зараз паўсюдна двойчы ў дзень арганізавана гарачае харчаванне для ўдзельнікаў жніва. У асобных гаспадарках, як і ў добры савецкі час, апрача ўсяго, умела і эфектыўна спалучаюцца меры маральнай і матэрыяльнай зацікаўленасці камбайнераў. Пасля намалоту кожных 100 тон збожжа на камбайн наносіцца прыгожая чырвоная зорачка, а камбайнеру ўручаецца прэмія ў 50 тысяч рублёў.
Першымі такую форму маральнай і матэрыяльнай зацікаўленасці камбайнераў прымянілі ў саўгасе-камбінаце “Зара”. Дарэчы, тут з гектара выходзіць да 40 цэнтнераў збожжа.
На Мазырскай агародніннай фабрыцы, доследна-выпрабавальнай станцыі камбайнеры намалочваюць больш за 40 цэнтнераў збожжа з гектара.
У гэтых, як і ў іншых сельгаспрадпрыемствах на палях зараз сканцэнтраваны асноўныя людскія і матэрыяльныя рэсурсы, якімі ў залежнасці ад надвор’я ўмела манеўруюць.
Звярнуў увагу на той факт, што побач з камбайнамі паўсюдна працуюць прэс-падборшчыкі, якія цюкуюць салому. Тут жа яна пагружаецца на транспартныя сродкі і адвозіцца да месцаў складзіравання. А на вы-зваленай ад саломы плошчы вядзецца ворыва глебы ўжо пад новы ўраджай. Адным словам, палявыя работы арганізаваны ў комплексе. У асобных гаспадарках на гэтым тыдні жніво завяршаецца.
Аб тым, што на днях заканчваецца ўборка збожжавых і зернебабовых культур, паведаміў нам і дырэктар эксбазы “Крынічная” М. Р. Барысенка. Міхаіл Рыгоравіч адзначыў, што сёлета ў гаспадарцы на круг выйдзе прыкладна па 35 цэнтнераў збожжа — на восем больш, чым было атрымана летась.
Добра арганізаваны таксама работы ў сельгаспрадпрыемствах “Раманаўка”, “Вя-лікія Зімовішчы”, некаторых іншых гаспадарках раёна.
Завяршаецца жніво і ў сельскагаспадарчым вытворчым кааператыве “Луч Кастрычніка”.
— Тут добрых намалотаў дабіваецца маладзёжны экіпаж у саставе Уладзіміра Ляхаўца і Ільі Канопліча, — сказала нам першы сакратар Мазырскага раённага камітэта БРСМ Алена Ходас. — Плённа працуюць маладзёжныя экіпажы і ў некаторых іншых гаспадарках. Вызначаюцца стараннасцю і маладыя вадзіцелі на адвозцы хлеба.
— У Мазырскім раёне ўсе — ад старэйшых да самых маладых хлебаробаў — пра-нікнуты вялікай адказнасцю за лёс выра-шчанага ўраджаю і працуюць самааддана, — выказаў свае думкі пра арганізацыю тут жніва старшыня абкама прафсаюза работні-каў АПК М. П. Літвінюк. — Да таго ж людзям створаны належныя ўмовы. Таму і работа спорыцца. Я лічу, што гэты раён паспяхова завершыць уборку збожжавых і значна павялічыць валавы збор хлеба ў параўнанні з папярэднімі гадамі.
Сцяпан БАЛОТКIН