Калгасны хлеб і ў эшалон не ўмесціцца

24.01.2008
Нават старэйшыя хлебаробы калгаса “СВК “50 гадоў Кастрычніка” Рэчыцкага раёна не памятаюць, каб такой шчодрай на ўраджай была хлебная ніва, як сёлета. Па 46,8 цэнтнера збожжа намалацілі тут з кожнага гектара.
— А на асобных участках вырашчана амаль па 60 цэнтнераў, — расказвае старшыня калгаса Р. К. Шпакаў. — Нават на далучаных да нас землях суседняга калгаса, дзе раней не атрымлівалі і па 20 цэнтнераў з гектара, сёлета намалацілі больш як па 45 цэнтнераў.
А ўсяго ў аб’яднанай гаспадарцы, як паведаміў Рыгор Купрыянавіч, збожжавыя і зернебабовыя культуры займалі сёлета 1250 гектараў. Убрана ўжо ўся плошча, якая зараз вы-зваляецца ад саломы. На асобных участках вядзецца ворыва.
Валавы збор хлеба ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся на 2449 тон і склаў 5849 тон. Гэта самы рэкордны намалот за ўсю гісторыю гаспадаркі.
— Калгасны хлеб не ўмясціўся б і ў вялікі чыгуначны эшалон, — разважаў прама ў гаспадарцы старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК М. П. Літвінюк. — Усе ўдзельнікі жніва працавалі тут вельмі добра, высокаэфектыўна, дабіліся выдатных паказчыкаў у рабоце. Думаю, поспеху садзейнічалі стварэнне належных умоў для хлебаробаў, прадуманыя меры маральнай і матэрыяльнай зацікаўленасці людзей, арганізацыя дзейснага спаборніцтва. Сярод камбайнераў у гэтым спаборніцтве пераможцамі сталі Генадзь Кот і Дзмітрый Талкачоў, якія на канец мінулага тыдня намалацілі на “КЗР-10” 1113 тон збожжа.
Прама ў полі Міхаіл Пятровіч павіншаваў перадавы экіпаж, уручыў маладым камбайнерам каштоўныя падарункі.
Трэба адзначыць, што калгасныя камбайнеры дапамаглі ўбраць хлеб і сваім вяскоўцам на іх прысядзібных участках. А зараз у гаспадарцы ўсе сілы накіраваны на падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімых культур, нарыхтоўку кармоў для грамадскай жывёлы на будучы зімова-стойлавы перыяд, іншыя неад-кладныя гаспадарчыя работы. І тут, як і на жніве, хлебаробы працуюць выдатна. Напрыклад, Юрый Забіран пры добрай якасці значна перакрывае дзённыя заданні на ворыве глебы. Стараннасцю вызначаюцца і іншыя механізатары, якія ўжо сёння закладваюць трывалую аснову будучаму ўраджаю.
Сцяпан БАЛОТКIН