Будынкі Гомеля, аб якіх вы не ведалі. Страты часоў Вялікай Айчыннай вайны (частка чацьвертая, апошняя)
25.08.2015«Палац» на аэрадроме
Адзін з самых малавядомых будынкаў Гомеля размяшчаўся на вуліцы Савецкай паміж вуліцамі Шылава і Чангарскай дывізіі. Ніякай інфармацыі аб яго прызначэнні не захавалася.
Будынак «палаца» на нямецкай фатаграфіі 1941 — 1943 гадоў (з калекцыі Я. Р. Малікава)
Магчыма, з-за таго, што яно праіснавала зусім непрацяглы тэрмін — не больш за дзесяць гадоў. Толькі нешматлікія фотаздымкі, зробленыя нямецкімі акупантамі, праліваюць святло на гэтую пабудову: пампезны двухпавярховы будынак адступаў ад чырвонай лініі вуліцы Савецкай, утвараючы пляц. Тры порцікі афармлялі парадныя ўваходы на галоўным фасадзе. Як і ў выпадку з корпусам універсітэта імя Францыска Скарыны, што размешчаны на вуліцы Кірава, на аўтара гэтай пабудовы канца 1930-х гадоў, верагодна, паўплывала архітэктура італьянскіх палацаў эпохі Адраджэння.
Гэтая пабудова знаходзілася паміж жылымі дамамі ваенных 63-й асобнай авіяцыйнай эскадрыллі, недалёка ад узлётна-пасадачнай паласы. Таму, хутчэй за ўсё, гэты «палац» адносіўся да ваеннай часці і меў адміністрацыйныя функцыі.
Аэрадром як стратэгічна важны ваенны аб’ект падвяргаўся шматлікім бамбёжкам. Многія пабудовы з ваеннага комплексу, уключаючы і гэты будынак, былі сур’ёзна пашкоджаны і пасля вызвалення Гомеля не аднаўляліся. Сёння месца, дзе стаяў гэты будынак, аточана пяціпавярховымі хрушчоўкамі.
У двары паміж гэтымі дамамі размяшчаўся «палац»
Навабеліцкі працоўны квартал
У першыя гады індустрыялізацыі ў Навабеліцы вакол буйных прадпрыемстваў былі пабудаваны некалькі працоўных пасёлкаў. Жылыя дамы-кварталы, якія адносяцца да аднаго з такіх заводаў, былі размешчаны на вуліцы Ільіча (у той час вуліца Шасэйная). Побач з двума шматкватэрнымі дамамі ў 1930 годзе пабудавалі сталовую-рэстаран. Гэты стылёвы канструктывісцкі будынак знаходзіўся на вуглу неіснуючага сёння перакрыжавання вуліц Ільіча з Мечнікава. Архітэктура будынка адпавядала лепшым узорам стылю — спалучэнне простых прамавугольных і цыліндрычных аб’ёмаў, уступчатыя атыкі над рызалітамі, эксплуатуемы дах.
Сталовая ў рабочым пасёлку (Новая-Беліца)
Цікава, што на месцы сталовай да 1842 года знаходзілася царква Святога Васілія, пасля яе — Мікольская зімовая праваслаўная царква, якую ў 1928 годзе пераабсталявалі ў сталовую, а ў 1930-м цалкам знеслі для будаўніцтва капітальнай сталовай. У гады вайны комплекс будынкаў быў моцна пашкоджаны і пасля разабраны.
У 1950-х гадах на месцы рабочага квартала быў разбіты сквер, пабудаваны кінатэатр «Мір», пазней — дзевяціпавярховы жылы дом. Месца сталовай сёння займае вуглавы дом з вежай гомельскага архітэктара Валянціна Ждановіча.
На гэтым месцы быў будынак сталовай
Юрый ПАНКОЎ, гісторык, супрацоўнік музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля; Сяргей ЛЯПІН, архітэктар