Пызы

18.09.2019
Пызы ўяўляюць сабой пышкі, прыгатаваныя з тварагу, бульбы і начынкі, «душы», з мяснога фаршу.

Такія пышкі — ідэальны варыянт, каб накарміць усю сям'ю. У суседняй Літве падобная страва называецца цэпеліны.

Рэцэпт


Для цеста:

- 250 г тварагу (калі ўзяць хатні — будзе толькі смачней!)

- 1 шклянка мукі

- 1 шклянка крухмалу

- 3-4 шт. бульбы (нацерці на дробнай тарцы)

- соль па смаку


Для начынкі:

- фарш са свініны і ялавічыны 200 гр

- цыбуля 1 шт.

- соль

- яйка 1 шт.

- спецыі.


Гатаванне:

1. Злучыць тварог, крухмал, цёртую бульбу, муку і соль, усё добра вымесіць — павінна атрымацца мяккае, пластычнае цеста. Даць яму трохі пастаяць.

2. Прыгатаваць мясную начынку. Для гэтага ў фарш са свініны і ялавічыны дадаць дробна нарэзаную цыбулю, сырое яйка, соль і спецыі, змяшаць.

3. Вылепіць пызы. З цеста сфармаваць круглую аладку 5-6 мм таўшчынёй, на яе пакласці начынку, зверху накрыць другой аладкай і злучыць краі. Можна зрабіць пызы памерам як пельмені, можна — крыху больш.

4. Разагрэць на патэльні алей і абсмажыць пызы да румянай скарыначкі з абодвух бакоў. Яшчэ смачней атрымаецца, калі прыгатаваць іх на шкварачках. Падрумяненыя пызы давесці да гатоўнасці ў духоўцы. Падаць са смятанай або мачанкай.


Прыемнага апетыту!