Бiгас

25.09.2019
Бігас — традыцыйная для польскай, літоўскай і беларускай кухні страва.
У былыя часы бігас (бігус, бігос) быў даволі распаўсюджаны на нашых землях. Гэта страва пераважна шляхецкага стала, бо патрабавала многа мяса і прыпраў.


Інгрэдыенты:

Капуста квашаная — 500 г
Свініна адвараная — 200 г
Грудзінка, каўбаса, курыца вэнджана-вараныя, вяндліна, каўбаскі вэнджаныя («паляўнічыя») — усяго каля 1 кг
Цыбуля — 2 — 3 штукі
Чарнасліў — 100 г
Разынкі — 50 г
Віно белае сухое — 200 мл
Сок таматны — 200 г
Лаўровае лісце, духмяны перац, цукар, соль, чорны перац, смалец.

На смальцы трохі (да празрыстасці) абсмажыць цыбулю, нарэзаную кубікамі. Мясныя прадукты (акрамя вэнджаных каўбасак) таксама нарэзаць кубікамі і абсмажыць з цыбуляй да залацістага колеру. Перакласці ў сатэйнік. На тлушчы пратушыць капусту з віном і таматным сокам, злучыць з мясам і на павольным агні тушыць каля 1,5 гадзіны. Дадаць чарнасліў, разынкі, каўбаскі вэнджаныя і тушыць яшчэ каля 1,5 — 2 гадзін. Падаваць лепш на наступны дзень, разагрэтым.

Бігас ядуць некалькі дзён. Лічыцца, што чым больш цыклаў астывання і разагрэву ён праходзіць, тым больш смачным становіцца. Таму лепш гатаваць у вялікім посудзе, на запас.