Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх
Мнение, Наталья Лопатина :

Пагавары са мной па-беларуску

Добавлено 19.05.2022 3955 0
Гэтага хлопца накіравалі ў адну са школ райцэнтра выкладаць беларускую мову і літаратуру. Здаецца, нічога тут такога не было, праўда, калі ён на жнівеньскай канферэнцыі педагогаў пачаў размаўляць па-беларуску, прысутныя ўсміхнуліся: пазёрства. Але малады спецыяліст і далей гаварыў усюды і з ўсімі на роднай мове, не саромеючыся. Мясцовае насельніцтва спачатку называла яго дзіваком, аднак жа паступова прывыкла і ўжо не звяртала ўвагі. 

Гісторыю згадала не проста так. Шчыра прызнаюся, я амаль што не размаўляю на роднай мове. І гэта не азначае, што не ведаю. Наадварот, ведаю, разумею і люблю. Упэўнена, такіх людзей шмат. Але на размоўны густ аказвае ўплыў асяроддзе. Згадваю, з якім замілаваннем па-беларуску гавораць, напрыклад, выкладчыкі філалагічнага факультэта ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Прыгожае слова льецца, быццам песня. Нездарма ў даследаваннях ЮНЕСКА наша мова названа самай мілагучнай пасля італьянскай. Хіба хтосьці сумняваецца ў гэтым? А яшчэ яна старажытная, багатая і заслугоўвае таго, каб яе любілі і на ёй гаварылі.

А мы... Чаму мы не раз­маўляем па-беларуску? Чаму для нашых дзяцей яна цяжэйшая за рускую? Чаму валодаць кітайскай, англійскай ці нямецкай лічыцца прэстыжна, а роднай – не? Згадзіцеся, пытанні гучаць даволі абсурдна. Ніхто ж не пытае ў француза, чаму ён не размаўляе па-французску. 

І ў нас ёсць свая мова. Лічу, што нам варта аб гэтым задумацца. Гэта напамін аб тым, на якой зямлі мы жывём, напамін аб тым, што лічым сваім, родным, аб тым, што аб’ядноўвае людзей. 

«Я привыкла читать и писать на русском. Сложно говорить на белорусском, когда все вокруг говорят на русском или трасянке», – прызнаецца сяброўка. У немцаў ёсць паняцце «мова сэрца». Чалавек можа не карыстацца ёй што­дзённа, але вызначаць як сваю родную. А ў доказ цікавая тэндэнцыя перапісу насельніцтва. У 2019 годзе матчыну мову назвалі роднай (чытай – любімай і дарагой) 61,2% беларусаў, а рускую выбралі 38,1%.

А вось прагнозы спе­цыялістаў не выклікаюць аптымізму: без эфектыўнай падтрымкі насельніцтва беларуская мова мае дрэнныя шансы на выжыванне. Гэта нагода задумацца пра яе лёс. У дапамогу – серыя білбордаў «Смак беларускай мовы» ці іншыя цікавыя праекты. Лічу, што такіх ініцыятыў павінна быць больш. Паспрабуем?

Дарэчы, што тычыцца таго маладога спецыяліста, дык ён, на жаль, хутка перастаў гаварыць па-беларуску. Як аказалася насамрэч, гэта было чыстай вады пазёрства. Хлопец такім чынам імкнуўся прыцягнуць увагу да сваёй асобы, вылучыцца. І гэта ў яго атрымалася.
0 Обсуждение Комментировать