Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


“Максім” і Пётр — сябры па вайне

3468 0 00:27 / 23.06.2019
Пётр Усхопаў лічыць сябе чалавекам шчаслівым ужо хаця б таму, што прайшоў крывавыя бойні вайны і не атрымаў ніводнага ранення, ніводнай кантузіі. А гэта, калі ўлічыць, што ён быў кулямётчыкам і паліваў ворага свінцовым агнём з самых розных і, дададзім, небяспечных пазіцый (адкрытай мясцовасці, акопаў і траншэй), з’яўляецца даволі рэдкім выпадкам. Так было з лістапада 1943-га па студзень 1945 года, калі ўдзельнічаў у вызваленні Беларусі, Польшчы і разгроме нацыстаў у Германіі. 

Снимок.JPG
Пётр Усхопаў

З ветэранам я сустрэўся ў Гомельскім абласным шпіталі інвалідаў Айчыннай вайны, дзе мы лячыліся. Свой аповед аб паядынках з фашыстамі, а потым і далейшай вайсковай службе ў мірныя дні Пётр Апанасавіч пачаў з сямейных спраў сваіх бацькоў, Апанаса Лаўрэнавіча і Аляксандры Рыгораўны, што з працоўнага мазаля жылі ў Рэчыцы. Яны нарадзілі і выхоўвалі ў духу павагі да людзей пяцярых дзяцей.

Пётр быў старэйшым “мужыком” сярод іх і добра запомніў бацькавы словы аб тым, што толькі праца можа даць лепшае жыццё, якое, вядома, напера­дзе. Толькі не дачакаўся яго Апанас Лаўрэнавіч, бо, прызваны ў армію летам 1941-га, загінуў пад Арлом, дзе і пахаваны ў брацкай магіле.

Вайна моцна ўдарыла па сям’і, якая, як і тысячы іншых, апынулася пад гнётам акупантаў. Мясцовы люд зведаў груз рознага роду падаткаў, рабаванне маёмасці і жывёлы, голад, пагрозу трапіць на шыбеніцу ці атрымаць кулю ў лоб за самае нязначнае непадпарадкаванне рэжыму каванага бота, прымусовых работ на капанні акопаў, траншэй, будаўніцтве бліндажоў і іншых умацаванняў.

Праз гэтыя і іншыя жыццёвыя выпрабаванні прайшоў тады разам з такімі ж юнакамі, як сам, і Пётр, загартоўваючы свой характар і выношваючы мару адпомсціць ворагу. За знішчэнне мноства мірных жыхароў, пушчаныя ў дым у кастрычніку 1943 года ў час карных аперацый 69 вёсак і 17 пасёлкаў, зруйнаванне шэрагу вытворчых аб’ектаў раёна.

І вось яна, радасць вызвалення горада пасля 27 месяцаў акупацыі. У тым жа лістападзе 1943-га 18-гадовы Пётр Усхопаў стаў салдатам 146-га запаснога стралковага палка 48-й арміі, які базіраваўся каля вёскі Белае Балота. Там ён прайшоў кароткатэрміновую вайсковую падрыхтоўку і апынуўся ў 616-м стралковым палку 194-й стралковай дывізіі Другога Беларускага фронту, якой, дарэчы, было прысвоена ганаровая назва “Рэчыцкая”.

— Туды, з такімі ж запаснікамі, мяне прывезлі позна вечарам, — успамінае далей Пётр Апанасавіч. — Вусаты сяржант, прозвішча якога, на жаль, выпала з галавы, падзівіўся, што я, нідзе не абстрэляны “верабей”, прызначаны ў яго кулямётны разлік другім нумарам. “Ты, хлопча, хоць што-небудзь ведаеш пра “максім”, з якім павінен не толькі пасябраваць, але і зрадніцца? — спытаў бывалы ваяка, які на фронце з першых дзён вайны і меў баявыя ўзнагароды. — Ён, братка ты мой, ужо столькі фрыцаў накасіў, што хоць гаць гаці. І на цябе спадзяецца, што не падвядзеш, не драпнеш, калі на нас “тыгры” ці “фердынанды” па­пруць. Не думай, што пужаю. Проста запомні: галоўнае ў нашай кулямётнай справе — вытрымка. Стой да канца. Сцісні зубы, не панікуй. І не крыўдуй, што прама зараз мой “максімчык” праэкзаменуе цябе”.

Амаль паўгадзіны трымаў перад ім іспыты навічок, і сяржант застаўся задаволеным, зазначыўшы аднак: першы ўжо бой дасць табе ацэнку, пакажа, на што здатны…

— Чым запомніўся той паядынак? Страшна было?

Даць прамы адказ на пытанне ветэран не спяшаўся. Крыху памаўчаў, відаць, прыгадваючы ў думках нейкія моманты, потым працягнуў свой аповед: 

— Атака нашай роты на дадзеным участку ў ходзе Калінкавіцка-Мазырскай наступальнай аперацыі захліпнулася, і мы вымушаны былі адступіць, заняць ранейшыя пазіцыі. Гітлераўцы, акрыленыя поспехам, паперлі наперад. Ротны даў каманду падпусціць іх бліжэй. І тут загаварылі нашы кулямёты. Я толькі паспяваў запраўляць кулямётную ленту, а мой камандзір страчыў і страчыў, да болі ў руках націскаючы на гашэтку. Нямецкая пяхота залягла, а ў нас за спінамі пачалі адна за адной рвацца міны. А потым і наперадзе. Засеклі, крыкнуў сяржант і перакуліў “максіма” коламі ўгору (маўляў, міна трапіла). Нем­цы зноў пайшлі наперад. А мы толькі і чакалі гэтага: ударылі па іх па-новаму. І вораг не вытрымаў, адкаціўся назад. А наконт таго, ці страшна было, скажу: страшна. Кожнаму чалавеку пры ўсёй яго смеласці ўласціва пачуццё страху. Кожны жыць хоча. А задача ў тым, каб у самім сабе перамагчы баязлівасць і страх.

У той жа самай Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі Пётр Апанасавіч быў удзельнікам вызвалення сумна вядомага фашысцкім канцлагерам гарад­скога пасёлка Азарычы.

— Вельмі цяжка давялося, — успамінае тыя дні ветэран. — Нем­цы акапаліся грунтоўна: добра абсталяваныя апорныя пункты, з кулямётнымі пляцоўкамі, міннымі палямі, мотапяхотай, танкамі. Пазіцыі былі прыкрыты калючай агароджай. Фрыцы — на ўзвышшах, а мы ў расхлябіцу (пад дажджамі, мокрым снегам) цераз балоты ідзём у атаку, бо задача была пастаўлена канкрэтная: выбіць фашыстаў. Населены пункт некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі. Страты з абодвух бакоў былі велізарныя. У нашай роце, напрыклад, з 47 кулямётчыкаў уцалелі толькі сем чалавек. Наперадзе былі ўпартыя баі за Бабруйск, дзе нем­цам падрыхтавалі “кацёл”, вызваленне іншых гарадоў і вёсак Беларусі, Польшча і Германія.

Даведка

“Максім” — назва першай у свеце баяздольнай аўта­матычнай зброі, станкавага кулямёта, створанага амерыканцам Х. С. Максімам (1840 — 1916). У Расіі спачатку былі на ўзбраенні англійскія варыянты “максіма”, а з 1910 года яны мадэрнізаваны на станку А. А. Сакалова (калібр — 7,62 мм, маса са станінай — 63,6 кг, хуткастрэльнасць — да 300 стрэлаў у хвіліну, прыцэльная далёкасць — 3000 м, ёмістасць ленты — 250 патронаў). Знаходзіўся на ўзбраенні да канца Вялікай Айчыннай вайны.


Пятру Усхопаву ў час баёў як радавому давялося цягаць на сваіх плячах то станіну кулямёта, то ствол, якія, вядома, былі даволі цяжкімі. У асобных выпадках кулямёт перакатвалі на яго ж колах. Калі ж Пётр Апанасавіч стаў намеснікам камандзіра ўзвода, а потым і камандзірам яго (а туды ўваходзіла некалькі кулямётных разлікаў) і ў яго была ўжо іншая задача, то ўсё роўна за кулямёт лажыўся і на гашэтку націскаў.

— Колькі на вашым асабістым рахунку забітых нацыстаў, Пётр Апанасавіч?

Усхопаў здзіўлена глядзіць на мяне:

— Не да падлікаў было. Тут глядзі, каб сам пад кулі не трапіў. Было такое, што бронешчыт кулямёта не раз выратоўваў. Не апошнюю ролю на вайне адыгрывала і, не ведаю, як гэта на­зваць, — удача ці выпадак. Прыклад прывяду такі. У Польшчы (якая гэта была мясцовасць — не памятаю) мы ўварваліся ў акопы фрыцаў і занялі абарону. Па нас быў адкрыты такі часты і да таго ж трапны мінамётны агонь, што ад роты мала што засталося. Ад выбуху аднаго снарада мой кулямёт з-за адсыпанага з-пад яго пяску апынуўся ў акопе. У жывых з нашага разліку засталіся толькі я і мой паранены зямляк Леанід Беленькі. Адзін я не змог падняць кулямёт на ранейшую пазіцыю, і, зняўшы з яго замок, каб вораг не выкарыстаў зброю, пераваліў Лёню праз бруствер. Дзе подбегам, дзе паўзком мы дабраліся да сваіх. Хочаце верце, хочаце не, але ў полах майго расхлістанага шыняля потым налічыў 22 (!) дзіркі ад трасіруючых куль. Праз два дні мы занялі тыя акопы, і мой “максім” вярнуўся ў строй.

Леанід Беленькі трапіў у шпіталь, пасля чаго зноў ваяваў. Усхопаў пазней даведаўся, што ён загінуў. Не вярнуўся дадому і той сяржант, у якога Пётр Апанасавіч шмат чаму навучыўся. 

— Смерць хадзіла побач…

— Ды колькі разоў… Там жа, у Польшчы, супраць нас былі кінуты танкі. Пяхоту нямецкую мы добра “пагладзілі” кулямі, а гранатамі вывелі са строю некалькі браніраваных машын. Немцы адкрылі па нашых пазіцыях моцны артылерыйскі агонь. Схаваліся пад тымі танкамі. Куды падзецца было?

Памятаю яшчэ, якой небяспечнай была перадыслакацыя нашага палка, які расцягнуўся на некалькі кіламетраў. На гэтым маршы раптам аднекуль з фланга ў нашу калону ўварваўся нямецкі танк. З ім рухалася некалькі захопленых ворагам зісаў, на якіх немцы ўстанавілі “максімы”. Паніка. Добра, што яна працягвалася нядоўга. Бо сваё слова сказала наша галаўная паходная застава, што суправаджала калону. Яе байцы расстралялі той танк і зісы, якія трапілі ў затор. 

За ўзорнае выкананне баявых заданняў, адвагу і мужнасць, праяўленыя ў час вайны, Пётр Апанасавіч Усхопаў узнагаро­джаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Славы трэцяй ступені і медалём “За перамогу над Германіяй”. У красавіку 1945-га з фронту ён быў адпраўлены на вучобу ў Арлоўскае танкавае вучылішча. Пасля служыў на афіцэрскіх пасадах у Закаўказскай ваеннай акрузе, Групе савецкіх войскаў у Германіі. 

2.JPG
Даведка камандзіра вайсковай часці, адпраўленая ім у 1944 годзе ў Рэчыцу маці Пятра Апанасавічадля атрымання льгот за яго ордэн Славы трэцяй ступені

Яго мірныя ўзнагароды — медалі “За бездакорную службу ва Узброеных Сілах СССР” другой і трэцяй ступені. Ваеннай справе Усхопаў аддаў больш за чвэрць веку. Пасля арміі працаваў выкладчыкам пачатковай ваеннай падрыхтоўкі ў адной са школ Рэчыцы. Там і жыве зараз 94-гадовы ветэран.

Вядома, здароўе ўжо не тое. І час ад часу Пётр Анасавіч па­праўляе яго ў абласным шпіталі інвалідаў Айчыннай вайны. Ветэран шчыра ўдзячны яго калектыву і асабліва ўрачу Феліксу Якаўлевічу Каліноўскаму за ўвагу да яго і высокае прафесійнае майстэрства. 

Моцнага здароўя вам, пава­жаны Пётр Апанасавіч!
Фото из семейного архива
75 лет Великой Победе


20240419_091146.jpg
Гомельский химический завод_учеба.jpg
Отор_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать