У музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы пад Мінскам прайшоў Міжнародны этнічны фестываль “Камяніца”. У фестывалі прынялі ўдзел украінскія “Даха-Браха” і “Фолькнеры”, польскі “Orkiestra Sw.Mikolaja”, расійска-беларуская “Hvarna”, беларускія “Гуда”, “Стары Ольса” і “Палац”. На малай пляцоўцы выступалі дзіцячыя фальклорныя калектывы, у тым ліку “Рада” пад кіраўніцтвам Ірэны Катвіцкай, якія разам з “Палацам” выканалі песню “Русалкі”. Акрамя дзвюх канцэртных пляцовак госці фестывалю маглі наведаць кірмаш рамёстваў, рыцарскую пляцоўку, фотавыставу Алега Белавусава, была таксама дзіцячая гульнявая пляцоўка і танцавальная з капэлай “На таку”. За пяць год “Камяніца” ўжо займела сваё кола гледачоў і стала вядомая як адзін з лепшых беларускіх фестываляў. Таму дарога з Гомеля, як стала зразумела, яшчэ параўнальна блізкая, бо на фестываль ехалі і з Масквы, і з Кіева, не кажучы пра беларускія Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст. Юбілейны фестываль толькі па квітках наведалі каля 8 тысяч гледачоў, акрамя таго, быў вольны ўваход для тых, хто апрануты ў нацыянальныя строі. Крыху здзівіла, што ў строях было адносна мала людзей, як варыянт тлумачэння – дэмакратычны кошт уваходнага квітка. Сярод строяў былі часам вельмі дзіўныя, напрыклад, фабрычныя жаночыя сарочкі з тыпова мужчынскай вышыўкай, з-за чаго нават прыходзілася прыглядацца, хлопец каля цябе альбо дзяўчына. Адзін са станоўчых момантаў – строі вельмі дапамагалі ў вялізным натоўпе шукаць знаёмых людзей. Крыху напружвала толькі вялікая колькасць міліцыі. Зразумела, што масавае мерапрыемства не можа абысціся без гэтага. Знаёмыя расказвалі, што на замежных фэстах міліцыянты апранаюць цывільнае адзенне, і таму іх амаль не заўважна. Арганізатары “Камяніцы” кажуць, што ў будучыні на фэсце магчыма ўвядзенне дрэс-коду – толькі нацыянальнае адзенне. Калі не зважаць на праблемы з гукам, выступы калектываў былі на добрым узроўні – прафесіяналізм артыстаў і агульны выдатны настрой зрабілі сваю справу. І, канешне ж, цёплае сонечнае надвор’е.