Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх

Баннер на сайт 816х197.jpg


“Чорны замак Альшанскі” для дыяспары

1951 0 02:20 / 15.01.2011
Гамяльчанін, які жыве зараз у Эстоніі, у мінулым годзе стаў ініцыятарам стварэння ў Таліне бібліятэкі і беларускай нядзельнай школы імя Ула­дзіміра Караткевіча. — Я асабіста ўдзячны гэтаму чалавеку за тое, што сваёй творчасцю ён дапамог мне вывучыць беларускую мову і па-сапраўднаму зацікавіцца гісторыяй і культурай Радзімы, — распавядае Артур Цурбакоў, які ў Эстоніі з’яўляецца сустаршынёй Асацыяцыі еўрапейскіх грамадзянскіх ініцыятыў, а ў Гомель завітаў на калядныя святы. — Калі я пачаў працаваць на эстонскім Радыё-4 (гэта грамадская радыёстанцыя, на якой выходзіць больш за дзясятак нацыянальных праграм), мне давялося зрабіць цыкл аб беларускай гісторыі і літаратуры. Сутыкнуўся з тым, што ў Інтэрнэце няма шмат каго з класікаў беларускай літаратуры. Францішка Багушэвіча, напрыклад, не змог знайсці, калі рыхтаваўся да перадачы. Тады ў мяне нарадзілася ідэя стварэння бібліятэкі. Яна знаходзіцца ў старым горадзе і ў вельмі прыметным месцы насупраць сімвала Таліна — царквы Алявістэ. Калі інфармацыя з’явілася ў беларускай прэсе, пачалі адгукацца беларускія бібліятэкі. Яны сабралі тысячы асобнікаў лепшых літаратурных твораў беларускіх пісьменнікаў і пераправілі іх нам з дапамогай Міністэрства замежных спраў. На адкрыццё бібліятэкі прыехала Вольга Барабаншчыкава — былы чэмпіён Беларусі па тэнісе, тэлезорка і спявачка. Зараз яна ўваходзіць у раду апекуноў бібліятэкі, таксама ў яе ўваходзіць яшчэ некалькі чалавек, і я спадзяюся, гэты спіс будзе пашырацца. Адкрылі бібліятэку, дарэчы, у год чытання, якім быў аб’яўлены ў Эстоніі 2010-ты. — А што школа? — Ідэя нарадзілася вясной, а летам ужо быў падрыхтаваны пакет дакументаў. Некалькі год таму ўжо была спроба зрабіць беларускую нядзельную школу ў Таліне, ды нічога не атрымалася. Але наша спроба аказалася ўдалай. Дарэчы, у Эстоніі ўжо 21 нядзельная школа, яны прапагандуюць культуру розных народаў, што жывуць у гэтай краіне, а іх там больш за сто. Беларускіх школ дзве, другая працуе ў горадзе Кохтла-Ярве, дзе канцэнтруецца славянскае насельніцтва краіны. Мы з дзецьмі вырашылі стварыць сваю “Батлейку”. Вельмі намагаліся наладзіць прэм’еру п’есы па матывах апавядання Караткевіча “Лебядзіны скіт” да каталіцкіх Калядаў, каб паказаць яе і ў каталіцкім касцёле, і ў лютэранскім саборы, і ў праваслаўнай царкве, i засведчыць такім чынам, што Беларусь — шматканфесіянальная краіна, дзе паважаюць усе культуры. Файная была ідэя, але, на жаль, рэалізаваць яе мы не паспелі, таму вырашылі перанесці першае выступленне на Вялікдзень. — Эстонія многім падаецца краінай, дзе нацыянальным меншасцям не так і лёгка даводзіцца... — Адкажу так: калі ў чалавека была мажлівасць вывучыць эстонскую мову, то яму будзе вельмі зручна інтэгравацца ў эстонскае грамадства. Ну а калі не, то трэба вывучаць, бо веданне мовы па­трэбна ўсюды. Адна з гандлёвых сетак, напрыклад, пры прыёме на працу раскладчыкаў тавараў на паліцы патрабуе ад іх валодання мовай на другую ступень — не на ўзроўні аднаго разумення. Праўда, яны пайшлі насустрач супрацоўнікам і адкрылі для іх курсы, каб дапамагчы здаць дзяржаўны іспыт, і шмат хто яго здаў. — Дарэчы, беларусы, якія жывуць у Эстоніі, якой мовай карыстаюцца ў зносінах паміж сабой? — Па праўдзе кажучы, рускай, але тых, хто свабодна размаўляе па-беларуску, вельмі паважаюць, нават болей: імі ганарацца.
Культура
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg


морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать
gsp_maket_434x764px Гомельская правда.jpg