Настройки шрифта
По умолчаниюArialTimes New Roman
Межбуквенное расстояние
По умолчаниюБольшоеОгромное
Вверх



Да тых вербаў, каля грэблі…

4308 0 19:54 / 08.02.2011
На Гомельшчыне ўрачыста адзначаецца 90-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. У лютаўскую завіруху мы рушылі ў Глінішча (такая зараз назва вёскі, якая ў мележаўскай аўтабіяграфіі завецца Глінішчы), каб разам з родзічамі і землякамі славутага сына Хойнікшчыны Івана Мележа сустрэць 90-годдзе з дня яго нараджэння. Шчодра сыпаў, адбельваючы зямлю і шэрань хат, мокры снег, але на ўездзе ў Глінішча неба літаральна заплакала. Дождж у лютым — знак нябёсаў. Жалоба і боль па ранняй страце сына Палесся. Было шчырае выступленне вучняў у мясцовай сярэдняй школе, якая носіць імя славутага земляка (у мінулым годзе споўнілася 100 год з пачатку адукацыі тут, сярод балотаў!). Добрым знакам юбілею стаў прыезд з Мінска і ўдзел у свяце роднай сястры Івана Мележа — Любові Паўлаўны, старэйшай дачкі пісьменніка Людмілы, пляменніц Ліліі Краўчанка, Веры Генаш і многіх іншых родзічаў, пісьменнікаў Вадзіма Спрынчана, Уладзіміра Гаўрыловіча, дырэктара абласнога цэнтра народнай творчасці Мікалая Шамшэні, які агучыў прывітальны адрас Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Урачысты мітынг каля бюста класіку, ускладанне кветак. Наведванне музея, дзе ўсе мы слухалі голас земляка — яго выступленне на пісьменніцкім пленуме ў 1976 годзе. У сельскі Дом культуры прыйшлі не толькі жыхары аграгарадка Глінішча, але і вакольных вёсак. І гэта найлепшае пацвярджэнне таго, што пісьменнік працягвае жыць сваімі творамі між такіх родных і дарагіх людзей на балоце. Прагучала са сцэны шмат непаўторных выступленняў, вершаў, песень у выкананні ансамбля народнай песні Хойніцкай ДШМ “Крыніца”, Глінішчанскага хору ў вянок памяці Івана Мележа. І не абышлося ж, вядома, без Васіля і Ганны — акцёры Мазырскага драматычнага тэатра стварылі незабыўныя вобразы і ў каторы раз адчулі ўсю шчырасць і шчодрасць апладысментаў глінішчукоў. Сімвалічна, што на ўрачыстасцях папоўнілася пісьменніцкая сям’я Гомельшчыны: паэт, хлопец з Церухі Гомельскага раёна, выпускнік філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф. Скарыны Алесь Бараноўскі прыняты ў рады грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Членскі білет яму ўручыла дачка Івана Мележа Людміла. Алег МАШЭЎСКІ, намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама: — Жывуць яго творы, яго героі, яго Курані, Глінішчы, Алексічы. Мележ вельмі любіў родны край, мілы сэрцу куток. Адсюль бяруць пачатак яго жыццёвыя і літаратурныя дарогі. Глінішча — адна з тых шматлікіх вёсак і вёсачак Палесся, якія славяцца народнымі ўмельцамі і багатымі ўраджаямі, цікавымі традыцыямі і задушэўнымі песнямі. Анатоль КАЦІЛА, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама: — Напэўна, галоўнае, што мы павінны пакінуць на гэтай зямлі, каб уславiць нашага знакамітага пісьменніка, — зрабіць гэты край яшчэ лепшым, прыгажэйшым, а наш народ багацейшым і шчаслівейшым. Гэта, відаць, самая галоўная наша задача. Любоў МЕЛЕЖ, родная сястра пісьменніка: — Калі Іван Паўлавіч упершыню вярнуўся сюды з вайны, застаў папялішча роднай хаты. Каля хлява валяўся самавар-вядзернік, заварны чайнічак — усё, што засталося. З чаем з таго самавара і сустракалі брата. Жыць сям’і не было дзе. Іван прапанаваў бацьку: можа, у Мінск як-небудзь дабяромся. А ў самога, інваліда вайны, ужо сям’я, дзіця на руках. І ён яшчэ клапаціўся пра нас, пяцярых братоў і сясцёр! “Вы майстаравы чалавек, — казаў Іван бацьку, — мо, у Лошыцы на ўскраіне дзе-небудзь хату паставім”. Але ж маці непісьменная наша настойвала: “Сыночак, мы амаль 50 гадоў цяжка і бедна, але пражылі тут. Тут хачу памерці.” Людміла, дачка Івана Мележа: — Мне падаецца, што ў бацькі былі дзве любові, якія значылі для яго болей, чым любоў да сям’і. Адна агромністая любоў, пра якую ён мог гаварыць гадзінамі, тэлефанаваць сябрам, — літаратура. Калі ён тварыў, мы хадзілі ціхенька, стараліся не перашкаджаць. Другая любоў — вось гэта зямля. Калі мы ехалі сюды, у мяне было адчуванне, што набліжаюся да нечага вельмі дарагога, неацэннага. Хаця я тут не жыла, бывала наездамі. Зараз жыццё многіх людзей скіравана на матэрыяльнае. Бацьку гэта зусім не хвалявала. Заўсёды пакупкі рабіліся толькі неабходныя, нічога лішняга. Напэўна, дзякуючы яго дзвюм вялікім любовям і стала магчымым з’яўленне “Палескай хронікі”. Мікола МЯТЛІЦКІ, галоўны рэдактар часопіса “Полымя”, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь: — Працуючы загадчыкам аддзела піянераў Хойніцкага райкама камсамола, Іван Мележ уздоўж і ўпоперак схадзіў нашу з вамі малую радзіму. Рэшткі тутэйшага торфу на хромавіках, купленых з першага заробку, пабачыў і панёс далей праз трывожны лёс вайны. Праз свой пакутны боль, праз раненне, якое прывяло яго ў Бугуруслан, дзе ён знайшоў адзінае на ўсё жыццё каханне. Я меў шчасце бачыць у свой час Івана Паўлавіча, гаварыць з яго Лідзіяй Якаўлеўнай. Натхніў яе напісаць успаміны пра Бугуруслан. У яе была мара пабываць там, але ўжо не было здароўя. Я думаю, Мележ як геній шмат абавязаны тым людзям, якія былі побач. Лілія КРАЎЧАНКА, пляменніца Івана Мележа: — Зацярушаны снегам ганак, А я веру, я ведаю, вось Прыгажуня — Чарнушкава Ганна Выйдзе з сенцаў прамерзлых наскрозь…
Да юбілею класіка беларускай літаратуры Івана Мележа абласны драматычны тэатр падрыхтаваў літаратурна-музычную кампазіцыю па “Палескай хроніцы”.
Фото автора
Культура


bbjff8hml2c01i7ceprql7cojdn6uh18.png
УП Экорес сайт.jpg
гранитснабсбыт_сайт.jpg
морозовичи-агро11.jpg
0 Обсуждение Комментировать